Былога дэпутата затрымалі за камяні з «Пагоняй» ля ўласнага дома

Дэпутата Вярхоўнага Савета 12 склікання, ветэрана рабочага руху Беларусі Сяргея Антончыка затрымалі 13 траўня ў вёсцы Перакопаўшчына ў Стаўбцоўскім раёне, дзе знаходзіцца яго дом. Падставай сталі камяні з намаляванымі выявамі «Пагоні» і бел-чырвонага-белага сцяга, размешчаныя каля яго дома.

Сяргей Антончык, архіўнае фота

Сяргей Антончык, архіўнае фота

Сяргей Антончык распавёў, што гэтыя выявы на камянях былі намаляваны гадоў пяць таму. Аднойчы да яго прыехалі сябры з мастакамі. У гасцях ім вельмі спадабалася, і яны спыталі ў гаспадара, чым яго можна адзячыць? Каля дома былога дэпутата ляжалі вялікія і прыгожыя камяні. Вось мастакі і прапанавалі нешта намаляваць на іх. Так і з'явіліся на трох камянях «Пагоня», бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Еўрасаюза — як кірунак нашага шляху. Кампазіцыя атрымалася ўдалай, камяні атачалі прыгожыя кветкі. Прыходзілі суседзі, распытвалі, што гэта значыць, усім падабалася.

Пакуль не надышоў час «не да законаў».

Сяргей кажа, што 13 траўня прыехаў у Пракопаўшчыну, бо захварэў. Падумаў, ці не каронавірус гэта, вырашыў не рызыкаваць заразіць жонку і самаізаляваўся. Ізаляцыя цягнулася не доўга. Літаральна праз гадзіну пад'ехала міліцэйская машына. Выйшаў міліцыянт і стаў фатаграфаваць ракарый. Потым з'явілася яшчэ адна машына — са старшынёй мясцовага сельсавета і яшчэ нейкай жанчынай. Сталі складаць пратакол. Апыталі гаспадара, заявілі, што камяні трэба прыбраць. Камяні забралі. Потым прадстаўнікі ўлады пайшлі па хатах апытваць народ на тэму: ці не агітуе былы дэпутат супраць Лукашэнкі?

Гаспадару хаты прапанавалі праехаць у пастарунак: маўляў, складзем там пратакол і адпусцім. Забралі як быў — у працоўнай вопратцы і гумовых ботах.

Па дарозе, улічваючы стан Сяргея, заехалі ў шпіталь. Пасля медагляду доктарка заявіла, што ў такім стане яго нельга затрымліваць. Нягледзячы на гэта, Антончыка адвезлі ў стаўбцоўскі ІЧУ.

Там рыторыка змянілася. Міліцыянты пужалі, што за кратамі вязень правядзе не менш за 11 сутак, улічваючы яго ранейшыя неаднаразовыя затрыманні. Сяргею выдалі пасцельную белізну (ён быў вельмі ўражаны тым, што яна новая і чыстая) і нават белыя рушнікі.

Ноч былы дэпутат правёў за кратамі з тэмпературай 38.

Сяргей Антончык кажа, што ўжо падрыхтаваўся маральна, што сядзець давядзецца працяглы час. Але 14 траўня а 12-гадзіне ў камеру пагрукаліся і сказалі, што ён едзе ў суд.

У судзе Стаўбцоўскага раёна Антончык распавёў, што камяні ля хаты даўно ляжаць, таму нават пад сучасныя «законы» не падпадаюць. На пытанне суддзі, дык у чым ён вінаваты, адказаў: «У тым, што не перамясціў іх на свой двор».

У выніку за незаконнае пікетаванне з дапамогай камянёў Сяргею Антончыку прысудзілі штраф у 30 базавых па арт. 24.23 КаАП.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: