Былы чэмпіён Беларусі па валейболе: Калі сыходзіў у стачку, выдатна разумеў — рана ці позна мяне звольняць

Сяргей Тарас — чэмпіён Беларусі па валейболе ў складзе жлобінскага «Металурга». Гуляў за зборную і ў еўракубках. Але па завяршэнні кар’еры не проста сышоў са спорту, а кардынальна змяніў род дзейнасці. Сяргей стаў шахцёрам у Салігорску. Летам ён не змог застацца абыякавым да палітычных падзей у краіне. Падтрымаў забастоўку і сышоў у стачку. А ўжо восенню быў звольнены і двойчы адпраўляўся «на суткі».
Пра сваё ранейшае і цяперашняе жыццё экс-спартсмен распавёў НЧ.

— Вам цяпер 32. Маглі б яшчэ пагуляць.

— Да завяршэння кар’еры падштурхнулі адразу некалькі фактараў. Па-першае, з’явіліся праблемы са здароўем. Напрыклад, грыжа хрыбетніка. Я яе выразаў і пасля гэтага гуляў яшчэ два гады. Але затым у чэмпіянаце Беларусі ўпалі заробкі. Мне было 28, і па сукупнасці ўсіх прычын зразумеў, што з валейболам пара заканчваць.

— Упалі заробкі. Яны ўвогуле вялікія ў валейболе?

— Калі я сыходзіў, у нашым чэмпіянаце зарплаты складалі ад 500 да 1000 рублёў. Больш было толькі ў «Шахцёры» і «Будаўніку», але туды імкнуліся ўсе гульцы, каб зарабляць хоць нейкія грошы. Ну, вось я і зразумеў: хопіць псаваць здароўе. Вырашыў, што з такім жа поспехам знайду іншую працу — па-за спортам.

— Вы і чэмпіёнам краіны станавіліся.

— Я тады малады быў. Гуляў за «Металург». Каманда два гады запар брала «золата», і мне пашчасціла заспець першае з іх. Склад у нас тады быў што трэба. Памятаю, мяне выклікалі і ў зборную. З «Металургам», як пазней і з «Камунальнікам», выступаў у еўракубках.

— Дзе лепш: у родным Гродне або ў Салігорску?

— У любым з гэтых гарадоў можна знайсці нешта па-свойму цікавае. У Гродне ў мяне засталіся сваякі, сябры. Але да пастаянных пераездаў з месца на месца даўно прывык — яшчэ з 11 класа, калі з дому з’ехаў. Таму перабрацца ў Салігорск не было праблемай.


— Шахцёры шмат зарабляюць?

— У мяне зарплата была каля 2000 рублёў. Гэта сярэдні заробак. Прынамсі, не самы вялікі сярод шахцёраў. А максімум залежыць і ад брыгады, і ад таго, на якіх комплексах працаваць. Наколькі ведаю, можна мець ад 3500 да 5000.

— Брыгадзір мацавальнікаў на шахтах — што за праца?

— Калі па-простаму, то мацаваць усё вакол, каб людзям нічога не падала на галаву. Інакш кажучы, трэба засцерагчы працоўную прастору. Адны здабываюць руду, другія яе на машыне развозяць, а хтосьці займаецца такім вось умацаваннем.

Гэта досыць цяжкая праца, якая пры гэтым не асабліва цэніцца. Даводзіцца ўвесь час мець справу з вялікімі вагамі. Нешта цягаць, падносіць, перацягваць, сячы, ламаць. Увогуле, прыстойны фізічны занятак. Не кажу, што ў забоі зусім ужо лёгка. Але кіроўцы, ад якіх патрабуецца даехаць да камбайна з рудой і адвезці яе да канвеера, зарабляюць больш. Хоць, здаецца, проста круцяць «баранку».

— Да мінулага лета вы глыбока ўнікалі ў палітыку?

— Не сказаў бы. На гэта збольшага ўплываў спорт. Там твая асноўная задача — трэніравацца і ўдзельнічаць у спаборніцтвах. З грашыма нармальна, ды і наогул бесклапотнае жыццё. А затым я сышоў з валейбола. І прыкладна за год да выбараў пачаў цікавіцца тым, што адбываецца і ў нас у краіне, і ў суседзяў — ва Украіне, Расіі. Там жа «вясёлых» момантаў таксама хапае. Для гэтага стаў глядзець, чытаць, даведвацца.

— Як вашае жыццё змянілі падзеі, якія сталі адбывацца з 9 жніўня?

— Не працую. Знаходжуся ў стачцы. Двойчы пабываў у месцах не так аддаленых.

— Давайце па парадку. Калі ўсё толькі пачыналася, шахцёры зладзілі страйк, але ён хутка скончыўся. Засмучаныя?

— Наадварот, я нават прыемна здзівіўся. Таму, што людзі хоць бы ўжо проста вырашылі падняцца і выйшлі на вуліцу. Збіраліся ў Салігорску на плошчы каля галаўнога будынка «Беларуськалія». Тут нармальна зарабляюць, калі параўноўваць са звычайнымі рабочымі. Так, страйк пратрымаўся толькі тры дні. Але мы ўбачылі: многія не згодныя з тым, што адбываецца. У той жа час, народ баіцца, бо і крэдыты, і выдаткі, і гэтак далей. Гэта фінансавая залежнасць.

— У якой стадыі цяпер ваша стачка?

— Мы адмовіліся ад выканання працы. Усяго гэта дзесьці 120–130 чалавек. Хоць на прадпрыемстве каля 15 000 народу. Зрэшты, палова з іх — інжынеры, тэхнічныя работнікі, начальства.

— Вам ад пачатку пагражалі звальненнем?

— Калі сыходзіў у стачку, выдатна разумеў, што рана ці позна мяне звольняць. Але спрабавалі не пагражаць людзям, а хутчэй адгаворваць. Аднак я проста не адказваў на званкі начальнікаў. Не бачыў сэнсу з імі размаўляць. Гэта ўсё роўна, што пераліваць з пустога ў парожняе.

— Як было абстаўлена ваша звальненне?

— У стачцы я афіцыйна з 25 жніўня. А 11 верасня прайшоў суд аб непрызнанні законнасці нашага страйку. Вядома, яго прызналі незаконным. І на наступны дзень мяне звольнілі. Праўда, аформілі чамусьці якраз 25 жніўня — заднім чыслом. Хоць, калі зусім ужо па законе, то павінны былі 12 верасня. Гэта значыць толькі пасля суда. Скажам, за нявыхад на працу. Але там свае правілы.

— Як і за што вас затрымалі 3 кастрычніка?

— Гэта адбылося на акцыі ў Салігорску. Мы выйшлі ў Парк чатырох стыхій на чаяванне. Не было нейкіх плакатаў, выкрыкаў, лозунгаў. Проста размаўлялі, рабілі фота. Але, як паказала практыка, гэтага і не патрабуецца. Дастаткова выйсці на вуліцу са сцягам, і пачынаюцца прыгоды. А тады супрацоўнікі пастаянна хадзілі вакол нас — глядзелі, здымалі, фіксавалі. Потым мы вырашылі сабрацца ў калону на экскурсію, якую збіраліся зладзіць для людзей, што прыехалі да нас з іншых гарадоў. Мог атрымацца марш. Але прайшлі ўсяго пару метраў — і адразу ж супрацоўнікі ў масках, апранутыя ў чорнае, перайшлі да дзеянняў: набралі людзей у аўтазак.

— Уцякаць не спрабавалі?

— Нікуды асабліва не рваўся. Проста не бачыў у гэтым сэнсу. Тым больш я ростам два метры — прыкметны. Ну і было адчуванне, што бралі канкрэтных людзей, тых, хто ў стачцы.

— Як з вамі абыходзіліся?

— Не білі, як у абласных цэнтрах. А грубае абыходжанне на падвышаных тонах, вядома, было. Затым, калі прывезлі ў РУУС, прайшла стандартная працэдура. Пазабіралі ўсё — і шнуркі, і рамяні. Там мы прабылі трое сутак, і за гэты час — ніякіх перадач і разгляду нашых спраў.

— Абстаноўка ў камеры?

— Не было элементарнага — ні зубных шчотак, ні туалетнай паперы, ні шкляначак. Чымсьці абзавяліся ўжо там — хтосьці нешта прынёс. Так званы выязны суд адбыўся ў самім РУУС. Усіх асудзілі і адправілі ў розныя гарады. Мяне — на сем сутак у Старыя Дарогі. Там было лепш: і перадачы, і амаль усё, што трэба. Адзінае, не было туалета і крана з вадой. Замест іх — вядро і пара бутэлек вады.

— Вы згадвалі і другую пабыўку за кратамі.

— Гэта адбылося прыкладна праз месяц — у лістападзе. Мы паехалі на экскурсію ў Косава. Ёсць такая вёска каля Івацэвічаў, дзе знаходзіцца музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Адправіліся туды якраз праз пару дзён пасля таго, як забілі Рамана Бандарэнку. Па дарозе, калі была абвешчаная хвіліна яго памяці, яе ўшанавалі. Яшчэ ў дарозе спыняліся ля помніка Кастусю Каліноўскаму. А затым рушылі да замка на экскурсію. Там таксама правялі акцыю ў памяць Бандарэнкі. І тут да нашага аўтобуса пад’ехала міліцыя. Спачатку былі размовы, а затым каманда: «Давайце пакаваць!»

— Што вам ставілі ў віну?

— Меркавалі, што на судзе будуць фігураваць тыя фота, якія зрабілі на трасе па дарозе на экскурсію. Пасяджэнне сапраўды праходзіла па гэтай справе. Вось толькі працавалі органы па наводцы — сачылі за намі тады з самага Салігорска. А наогул, што першы, што другі суды былі фармальнасцю. Дарэчы, у мяне засталася копія пратакола. І на судзе там было шмат чаго выпраўлена і накрэслена ў параўнанні з першай версіяй, якую адправілі ў ІЧУ ў Івацэвічы.

— Адтуль вас куды адвезлі?

— На 13 сутак у Баранавічы. Быццам бы і недалёка ад Івацэвічаў, але мы дабіраліся вельмі доўга. Таму што ў адзінаццаць вечара нас засунулі ў аўтазакі гадзіны на тры. Мы ўсе гэты час проста сядзелі і чакалі, калі паедзем. Таму прыбылі ў Баранавічы толькі пад раніцу.

— Якім было стаўленне да вас там?

— Нішто сабе. Хоць усё, вядома, па-рознаму — гледзячы якая змена. Я з такім не сутыкаўся, але ў кагосьці забіралі матрацы. Нібыта за тое, што шумна сябе паводзілі. Яшчэ прымушалі пісаць тлумачальныя. Заўважыў, разам са мной там было шмат людзей, якіх забіралі ў Курапатах. А да канца майго тэрміну пачалі прыязджаць затрыманыя і на іншых акцыях. Дзяліліся з намі хоць нейкай інфармацыяй.

Але наогул нас пастаянна пераводзілі з камеры ў камеру. І не дзіўна, што ў такіх умовах распаўсюджваўся каронавірус. Я таксама захварэў — на трэці дзень. Добра, што ўсё прайшло ў лёгкай форме. Дзве таблеткі цытрамона і вада — вось і ўсё лячэнне. На наступны дзень тэмпературы ўжо не было. Затое перастаў адчуваць пахі — тады дакладна і зразумеў, што ў мяне «карона». Дарэчы, ад нас быццам бы і патрабавалі заўсёды надзяваць маскі, але калі яна адна на ўвесь тэрмін, то... І наогул, за наша здароўе там асабліва не перажывалі.

— Не баіцеся, што затрымаюць зноў?

— Такія асцярогі ёсць. Але дакладна гэтаму не буду здзіўлены.

— Як вас змянілі падзеі гэтых месяцаў?

— Ніяк. Настрой скача хвалямі. Але я як быў, так і застаўся верны сваёй пазіцыі. Лічу, што ўсё раблю правільна, — і гэта не дарма. А тое, што адбыў пакаранне, хай застанецца на сумленні тых, хто мне яго выпісваў. І наогул гэта меншае зло з магчымых. Асабліва калі параўноўваць з падзеямі, якія адбыліся 9, 10 і 11 жніўня. Якімі людзі выходзілі з Акрэсціна! А хтосьці наогул больш ніколі не ўбачыць сваіх блізкіх ды родных людзей. Так ці інакш, я ні пра што не шкадую. І ведаю: яшчэ раз зрабіў бы дакладна гэтак жа.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: