Былы кіраўнік «Амкадора» Шлындзікаў: У Беларусі быць багатым вельмі небяспечна

Былы кіраўнік канцэрна «Амкадор» Васіль Шлындзікаў пракаментаваў «Салідарнасці» ператрусы прыватных кампаній і затрыманні іх уладальнікаў.
За апошнія тыдні стала вядома пра ператрусы адразу ў некалькіх буйных прыватных кампаніях: 21vek.by, «Юркасе» і «Модуме». Пасля следчых мерапрыемстваў шэраг уладальнікаў кампаній быў затрыманы.

Былы кіраўнік канцэрна «Амкадор» Васіль Шлындзікаў лічыць такія метады неапраўданымі.

— Калі ўзнікаюць нейкія падазрэнні, трэба праводзіць праверку, якая не пашкодзіць працы кампаніі, яе іміджу. Праверка пакажа, ёсць парушэнні або няма. А калі пры першых падазрэннях кіраўнікоў прадпрыемстваў, уласнікаў кідаюць за краты — пра што тут казаць? — адзначыў суразмоўца.

Пяць гадоў таму Аляксандр Лукашэнка заклікаў праваахоўныя органы «не душыць» прадпрымальнікаў. Ён заявіў, што колькасць праверак скарачаць не варта, але заклікаў праводзіць іх толькі па справе.

— Не магу вам тут рэкамендаваць, але старайцеся менш хапаць і саджаць, калі гэта магчыма, — сказаў беларускі кіраўнік на калегіі Следчага камітэта, нагадаўшы, што ў праваахоўнікаў дастаткова такіх мер, як заклад, хатні арышт, даручальніцтва.

Чаму ж цяпер сілавікі вярнуліся да жорсткіх дзеянняў супраць бізнэсу?

— Напэўна, паўстала іншая матывацыя і іншыя мэты. Мне неяк цяжка ўявіць, што ў прыватных кампаній могуць быць сур'ёзныя праблемы з нявыплатай падаткаў. Выплату падаткаў хто разлічвае — хіба ўласнікі? Не, вядома, — бухгалтары. А які сэнс ім хаваць даходы кампаніі? Таму, думаю, у праваахоўных органаў з'явілася іншая матывацыя — якая, не бяруся судзіць, — сказаў Шлындзікаў.

Чаму пасля правядзення ператрусаў сілавікі не тлумачаць, у сувязі з якімі падазрэннямі і абвінавачваннямі «трасуць» прыватныя кампаніі?

— Не выключаў бы таго, што самі сілавікі яшчэ не ведаюць, якія абвінавачванні будуць прад'яўляць па выніку. Атрымалі ўказанне — і наперад. А што там і як, яны самі не ведаюць, — сказаў былы кіраўнік канцэрна «Амкадор».

Наколькі востра стаіць у беларускім бізнэсе праблема з нявыплатай падаткаў?

— Думаю, у Беларусі такой праблемы па вялікім рахунку няма. Па-першае, у нас трошкі іншы народ у параўнанні з некаторымі суседзямі. А больш важна тое, што была праведзена шматгадовая дрэсіроўка. Гэта прымушае бізнэс перастрахоўвацца, падбіраць пісьменных бухгалтараў, плаціць ім добрую зарплату, — лічыць Шлындзікаў.

Пры гэтым аб падатковым заканадаўстве ён выказаўся так: «Калі б яно было зразумелым і даступным для разумення, то ў вельмі многіх людзей не было б праблем».

Суразмоўца лічыць, што ператрусы і затрыманні бізнесменаў абавязкова адаб'юцца на беларускай эканоміцы:

— Думаю, усе, хто больш-менш разумее ў эканоміцы, здагадваюцца, якімі будуць негатыўныя наступствы. Інвестыцыі будуць скарачацца, запалоханыя бізнэсоўцы будуць не развіваць справу, а згортваць сваю працу, падатковыя паступленні ў бюджэт будуць змяншацца.

На фоне навін пра ператрусы ў прыватных кампаніях з'явілася паведамленне аб тым, што некалі самы пасьпяховы беларускі бізнэсовец Юрый Чыж мог быць адпушчаны пад хатні арышт. Але гэтая інфармацыя была абвергнутая. Чаму так сумна складваецца лёс вядомага прадпрымальніка?

— Мне здаецца гэта выцякае з логікі развіцця палітычнай сістэмы ў краіне. Я нешта не ўзгадаю, каб у каго з самых буйных бізнэсоўцаў нармальна склаўся лёс у Беларусі. Узгадваю, напрыклад, гендырэктара ГД «Ждановічы» Яўгена Шыгалава, які пасля многіх гадоў працы быў арыштаваны, вызвалены пасля кампенсацыі налічанай шкоды, але памёр праз некалькі гадоў. У нас быць багатым вельмі небяспечна, — адзначыў Шлындзікаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: