Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч зняпраўдзіў чуткі, што ён пакінуў Беларусь

Прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч зняпраўдзіў чуткі пра ад’езд з Беларусі.

 Чуткі сталі распаўсюджвацца пасля таго, як Аўтуховіч размясціў у сябе ў "Фэйсбуку" пост, у якім паведаміў, што з красавіка ён "сышоў у глыбокае падполле" і перастаў карыстацца паслугамі сувязі беларускіх аператараў.

"У мяне пасля вызвалення з турмы былі свае планы на жыццё. І ў гэтыя планы не ўваходзіла зноў трапіць у турму. А званочкаў ужо было дастаткова. У нашай краіне, калі ёсць чалавек, заўсёды знойдуць за што пасадзіць", — напісаў Аўтуховіч. Паводле яго слоў, пры вызваленні яму "перадалі словы камітэтчыкаў" аб тым, што калі ён не з'едзе з краіны, то яго зноў пасадзяць.



Аўтуховіч паведаміў, што яго "хацелі закруціць у нейкія мутныя крымінальныя справы". Адзін з інцыдэнтаў здарыўся 8 сакавіка 2018 года, калі ён перасякаў латвійска-расійскую мяжу разам з прафсаюзным лідарам Генадзем Фядынічам. "У нашай машыне 12 гадзін шукалі наркотыкі. Сёння мы ведаем, што да гэтай правакацыі маюць дачыненне спецслужбы Беларусі", — напісаў былы палітвязень.

Сёння ноччу Аўтуховіч змясціў у "Фэйсбуку" яшчэ адну інфармацыю. "Я не з'ехаў з Беларусі, і гэта ніколі не ўваходзіла ў мае планы, — напісаў ён. — Я не зраблю такога падарунку ворагам нашага народа. Са мной усё ў парадку. Сысці ў глыбокае падполле не азначае эміграваць. Не разумею, чаму журналісты падумалі менавіта пра ад'езд. У мяне стаяць зусім іншыя мэты, дасягнуць якія мне дакладна не дадуць, калі я буду навідавоку, таму менавіта падполле".

Аўтуховіч нагадаў, што апошнія дваццаць месяцаў ён займаўся "праблемай бязвінна асуджанага непаўналетняга гімназіста Даната Скакуна". "На старонцы падтрымкі Даната Скакуна мы ўскрылі ўсю фальшывасць абвінавачвання, называючы імёны ўдзельнікаў гэтай арганізаванай злачыннай групы, якая незаконна абвінаваціла і асудзіла невінаватага хлопца", — адзначыў Аўтуховіч.

"Асабіста я не збіраюся нікому нічога дараваць, — дадаў ён. — Дакладна такія словы я сказаў журналістам на другі дзень пасля майго першага вызвалення з калоніі ў 2008 годзе. Відаць, ім (уладам. — БелаПАН.) не спадабалася гэта, і ўжо ў лютым 2009 года я зноў быў на нарах".



Чытайце таксама: 

Мікалай Аўтуховіч: «Каб не сесці ў турму, я сыйшоў у глыбокае падполле»



Прадпрымальнік з Ваўкавыска, ветэран афганскай вайны, грамадскі актывіст Мікалай Аўтуховіч двойчы быў судзімы па крымінальных справах. Першы раз яго арыштавалі ў кастрычніку 2005 года па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў і асудзілі на тры з паловай гады пазбаўлення волі. Другі раз Аўтуховіча судзілі ў маі 2010 года. Яго абвінавацілі ў незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі — у прадпрымальніка было знойдзена пяць патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Аўтуховіч правёў у калоніі больш за пяць гадоў і выйшаў на волю ў красавіку 2014 года.

У абодвух выпадках праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.

www.racyja.com, belapan.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!