BYPOL назвала імёны чыноўнікаў, датычных да стварэння праекта закона «супраць нацызму»

У Беларусі будуць прынятыя новыя законы. Ініцыятыва BYPOL даведалася, хто з чыноўнікаў мае дачыненне да стварэння праекта закона «Аб супрацьдзеянні рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых».

Абгрунтаванне для прыняцця гэтага закона падрыхтавала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацсходу Лілія Ананіч, а старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька разаслаў на ўзгадненне праекты закона па дзяржаўных арганізацыях.

Удасканаленне заканадаўства ў сферы процідзеяння нацызму і яго сучасным праявам абвясцілі па наступных прычынах:

«У сеціве Інтэрнэт, асобных друкаваных выданнях публікуюцца псеўдагістарычныя артыкулы са спробамі апраўдаць нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, якія нясуць у сабе патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Падзеі другой паловы 2020 года з усёй відавочнасцю паказалі нарастанне негатыўных тэндэнцый, шмат у чым абумоўленых агрэсіўным знешнім уздзеяннем з выкарыстаннем сучасных тэхналогій гібрыднай вайны, якія маюць сваёй мэтай змяніць свядомасць і волю значнай колькасці людзей, і ў першую чаргу маладога пакалення, падмяніць іх каштоўнасныя арыенціры, сфармаваць у іх пачуццё сацыяльнай варожасці і схіліць да антыграмадскай дзейнасці.

Так, калі ў 2014 годзе ў Беларусі было зарэгістравана ўсяго 7 правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 17.10 КаАП РБ "Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі", то ў 2020 годзе колькасць такіх правапарушэнняў склала 88. Часцяком яны звязаны з дэманстраваннем татуіровак, якія змяшчаюць малюнак фашысцкай свастыкі, эмблемы СС, Адольфа Гітлера і да т. п.

МУС паведамляе, што ў 2020 годзе ў Беларусі за ўчыненне розных злачынстваў (хуліганства, крадзяжы, рабаванні, вымагальніцтва, і інш.) да крымінальнай адказнасці прыцягнута 72 лідары і актыўныя ўдзельнікі ультраправых, неанацысцкіх нефармальных аб'яднанняў.

Калі ў 2014-2016 гадах штогод рэгістравалася да 10 правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 17.11 КаАП РБ "Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць", то ў 2020 годзе колькасць такіх правапарушэнняў склала 101.

Пры распрацоўцы праекта ўлічваліся неаднаразовыя звароты грамадзян падчас правядзення дэпутацкіх прыёмаў, прамых тэлефонных ліній, прапановы ўдзельнікаў дыялогавых пляцовак, грамадзян і грамадскіх аб'яднанняў».

Таксама паведамляецца, што «на сустрэчах з грамадзянамі падкрэслівалася, што спробы рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых абражаюць пачуцці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, усіх людзей, для якіх памяць аб гэтай вайне і яе незлічоных ахвярах святая і не падлягае забыццю».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: