Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Бывай, наш любімы Сцяпанавіч…

Навіна, якую паведаміла мне намесніца галоўнага рэдактара нашай газеты Аксана Колб, звалілася на галаву нібы бомба. Не стала нашага Аляксея Сцяпанавіча. Немагчыма казаць і пісаць пра гэтага светлага Чалавека, што ён «быў».



Сцяпанавіч, дарагі, Вы не былі, вы ёсць з намі. У галаву не ўкладаецца толькі адно, што мы ніколі ўжо не ўбачымся, прынамсі, у гэтым свеце. Вы былі самым лепшым галоўным рэдактарам, які ніколі не павышаў голас на падначаленых, ды і мы, журналісты “Новага Часу”, ніколі не адчувалі сябе падначаленымі. Бо Вы, Сцяпанавіч, калі і была нейкая крытыка матэр’яла, то ў добразычлівай форме, настолькі добрай, што пэўных памылак і агрэхаў ужо не хацелася паўтараць.

Вы былі вельмі разважлівым і мудрым. Таму праца ў ачоленай Вамі газеце і прыцягвала столькі таленавітых людзей, хоць “барышоў” на незалежным чыста беларускамоўным выданні ў нашых сучасных тутэйшых варунках не займееш. Вы былі нібы магніт, які прыцягвае таленты.

Гэтая паскудная хвароба, выкліканая, без сумневу,Чарнобылем, а таксама нервамі, выдаткаванымі Вамі ў розных судовых працэсах супраць выданняў, вырвала Вас з зямнога жыцця. Але, гарантавана, што Усявышні дасць Вам вечнае жыццё — Нябёснае. Інакш і не можа быць, калі гаворка ідзе пра такіх людзей, як Вы, Аляксей Сцяпанавіч. 

Толькі нядаўна ўсім калектывам мы адзначылі Ваша сямідзесяцігоддзе. Было весела, смачна і гаманліва. Вы, Сцяпанавіч, выглядалі цудоўна, хоць было вядома пра Вашу цяжкую хваробу, якую вы спрабавалі перамагчы. Але ніхто ў самым жахлівым сне не мог сабе ўявіць, што злы рок забярэ Вас у нас так хутка, яшчэ да пачатку бабінага лета.

Мы развітваемся з Вамі, дарагі наш Сцяпанавіч, з пачуццём удзячнасці за магчымасць працаваць разам з Вамі. З пачуццём удзячнасці за Вашу дабрыню і за Ваша вялікае сэрца. За Ваш талент як навукоўца і журналіста, як разумнага, ветлівага і непаўторнага кіраўніка рэдакцыі.

Я схіляю перад Вамі галаву, шаноўны мой Сцяпанавіч, дзякуй за ўсё! А нам цяпер застаюцца толькі слёзы. І светлая памяць пра Вас, дарагі Чалавек! Валадарства нябёснае, любімы наш…

Каментаваць