Цацкі, якія ЕC палічыў смяротна небяспечнымі, свабодна прадаюцца ў Беларусі

Еўрасаюз забараніў прадаваць на сваёй тэрыторыі дзве цацкі кобрынскай фабрыкі «Палессе». Канструктар-самалёцік «Юны падарожнік» і кацяня «Бімбасфера», прызнаныя смяротна небяспечнымі для дзяцей… лёгка знаходзяцца ў беларускіх крамах! Мала таго: там-сям іх ужо раскупілі, піша «Еўрарадыё».

“Цацка “Кацяня” [фабрыкі] “Палессе”? Вы ведаеце, яе нідзе няма. У наменклатуры ёсць, а ў касе няма”, — распавядаюць Еўрарадыё ў кол-цэнтры сеткі крамаў “Буслік”. Каталку на шнурку “Бімбасфера-кацяня” дзеці ад аднаго года могуць цягаць за сабой, калі вучыцца хадзіць. Але эксперты з еўрапейскай сістэмы хуткага апавяшчэння аб небяспечных спажывецкіх таварах RAPEX лічаць, што дзіця можа пакласці дробныя дэталі цацкі ў рот і задыхнуцца, а задоўгі шнур можа абкруціцца вакол шыі і выклікаць асфіксію.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз забараніў пастаўкі дзвюх кобрынскіх цацак



У “Бусліку” можна набыць іншыя цацкі серыі “Бімбасфера”. Акрамя кацяня, ёсць яшчэ сланяня, клоўн і бурундук. У Беларусі яны па-ранейшаму застаюцца ў продажы, хаця маюць такія ж доўгія шнуркі, як “Бімбасфера-кацяня”.

Супрацоўніца онлайн-крамы Vovka.by кажа, што ў іх ёсць канструктар “Юны падарожнік”. Гэта пластыкавы самалёцік з лётчыкам, які складаецца з дзесяці дэталяў. Паводле наглядных органаў Еўрасаюза, небяспеку для дзяцяці ўяўляе галава лётчыка, якую лёгка зняць і праглынуць.

Была ў продажы і цацка-кацяня. Але яе раскупілі!

“Так, раней быў, а цяпер пакуль няма”, — удакладняе супрацоўніца Vovka.by.

У дзіцячым аддзеле сталічнага ГУМа Еўрарадыё адказваюць, што і самалёцік, і кацяня былі ў продажы. Што праўда, прадавец не знаходзіць іх і прапануе зайсці іншым разам.

Абедзве цацкі мы дагэтуль можам знайсці на афіцыйным сайце кобрынскай фабрыкі “Палессе”. Вось “Юны падарожнік”, а вось серыя цацак “Бімбасфера”. Маректолаг фабрыкі “Палессе” Юрый Жураў у размове з Еўрарадыё адмаўляе ўсе прэтэнзіі:

“З беларускага рынка прадукцыя прыбірацца не будзе, таму што яна цалкам адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту”.

Дарэчы, “Юны падарожнік” і “Бімбасфера-кацяня” — два з усяго толькі васьмі беларускіх спажывецкіх тавараў, якія былі забароненыя нагляднымі органамі Еўрасаюза за апошнія 13 гадоў.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць