"Чэмпіянат свету па палітвязнях" — білборды на мяжы

Паблізу ад беларускай мяжы гасцей Чэмпіянату свету па хакеі сустракаюць білборды з напамінам пра беларускіх палітвязняў.



Білборды ўсталяваныя на тэрыторыі Польшчы недалёка ад памежных пераходаў Брэст — Тэрэспаль і Брузгі — Кузніца.

На іх — выявы, якія сталі ўжо папулярнымі ў сацыяльных сетках, — хакейны шлем, аблытаны калючым дротам, і надпіс на англійскай мове: "Чэмпіянат свету па палітвязнях. Беларусь 2014". Ніжэй — заклік "Не гуляй з дыктатарам" і спасылка на сайт statkevich.org.

Акцыю ажыццявілі сябры Грамадзянскай ініцыятывы "Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітвязням", у якую ўваходзяць сябры ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, родныя былых і сённяшніх палітвязняў, неабыякавыя людзі.

Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, кандыдата на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, палітвязня, які ўжо тры з паловай гады знаходзіцца за кратамі, кажа, што такім чынам сябры ініцыятывы хацелі нагадаць хакейным заўзятарам і грамадзянам Беларусі, якія выязджаюць за мяжу, аб парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне.

"Не сакрэт, што амаль тры гады праводзілася міжнародная кампанія з патрабаваннем пераносу Чэмпіянату ў іншую краіну, калі ў Беларусі  працягваюцца парушэнні правоў чалавека, калі за кратамі застаюцца палітвязні.


Гэтага не здарылася. Наадварот, сітуацыя стала толькі горшай. Заявы аб тым, што спорт па-за палітыкай, выглядаюць асабліва цынічнымі зараз, калі, адразу пасля сочынскай Алімпіяды, праведзенай насуперак патрабаванням яе пераносу, Расія ажыццявіла агрэсію ва Украіне, калі ў нашай краіне за кратамі прадказальна апынуліся дзесяткі дэмакратычных актывістаў па цынічных абвінавачваннях і на беспрэцэдэнтныя тэрміны.


Гэта свята — не для ўсіх. Мы б хацелі, каб людзі памяталі аб гэтым".

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: