«Цепные псы» апазіцыі

Нямецкія аўчаркі Арыя і Найк, такса Фрыда, беспародны Бім ды ёрк Фрося. Пра сваіх улюбёнцаў распавялі прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Як вядома, 16 лютага па Кітайскім календары пачаўся Год Сабакі. Абяцаюць, што ў гэты год знойдзецца рашэнне для ўсіх праблем, якія зацягнуліся. Што ж, пабачым…

Фрося Алега Волчака


“Людзі шмат губляюць, калі ў іх няма сабакі”

Нямецкая аўчарка Арыя, нягледзячы на свой пагрозлівы выгляд, вельмі прыязная да людзей і любіць дзетак. Ужо два гады шчаслівымі гаспадарамі Арыі ёсць сям’я Віталя Рымашэўскага.

«У мяне дзяцінства прайшло ў бабулі на вёсцы. Там былі сабакі, каты, птушкі… Калі я стаў студэнтам, сабака заўсёды быў маёй марай. Два гады таму з’явілася такая магчымасць, мы атрымалі ў падарунак ад Вольгі Кавальковай шчанюка нямецкай аўчаркі», — распавядае Віталь Рымашэўскі.

Насамрэч, Віталь прызнаецца, што пароду выбіралі разам. У дзяцінстве ў бабулі яму больш за ўсё падабалася дварняга, падобная на лабрадора. Раней менавіта пра лабрадора і марыў. Але пасля вывучэння пытання прыйшоў да высновы, што сям’і больш пасуе нямецкая аўчарка.


«Я б параіў заводзіць сабаку, калі ёсць магчымасць. Людзі шмат губляюць, калі ў іх няма сабакі. Гэта таксама важна для выхавання дачкі. Стасункі з хатнімі гадаванцамі вельмі важныя для гарманічнага развіцця маленькага чалавека, выхавання эмпатыі, дабрыні. Досвед догляду за жывёлінкамі таксама вельмі карысны», — кажа Віталь.

Жонка Віталя, Насця, спачатку ўспрыняла ідэю завесці сабаку без энтузіязму, але потым прывязалася да Арыі больш за яго. Дарэчы, імя прыдумана не проста так, падбіралася доўга. Арыя нарадзілася першай. А ў сабакаводаў прынята першанароджаным шчанюкам даваць імя на літару «А». Па-другое, Віталь не хацеў называць сабаку чалавечым імем, урэшце прыдумаў «Арыю». І толькі потым сябры смяяліся, што, мабыць, сабаку назвалі ў гонар гераіні «Гульні тронаў» Арыі Старк.

У Рымашэўскіх таксама ёсць руды кот Дынька. “Прыбіўся неяк да нас. Жонка яго песціла, а я ставіўся больш строга. Таму ў мяне з ім былі складаныя адносіны. Калі з’явілася Арыя, стасункі з катом наладзіліся. Сабака некаторы час імкнуўся з ім гуляцца, што кату не падабалася. Я Арыі не дазваляў яго турбаваць. Кот зразумеў, што я яго абаронца і зірнуў на мяне з іншага боку. Дарэчы, Дынька і Арыя цудоўна ўжываюцца» — тлумачыць Віталь Рымашэўскі.

Арыя ўжо мае за плячыма поўнае прыгодаў і выпрабаванняў жыццё. Напрыклад, мінулай зімой Арыя пабегла праз Свіслач і правалілася пад лёд. Віталю давялося залазіць у ледзяную ваду па пояс і яе выцягваць. Потым пабеглі разам дамоў адагравацца.

«У наступным годзе плануем завесці шчанюкоў. Так што звяртайцеся», — прапануе Віталь.

Фрося не ўжывае ні цукру ні солі

Ёрк Фрося ўжо чатыры гады жыве ў сям’і Алега Волчака. Гэта быў падарунак дачцэ Аліне, якая заўсёды марыла пра сабаку.


Як іранічна кажа Алег, з Фросяй аказалася зусім не складана ўпраўляцца. Бо яна не пражэрлівая, не кусачая і ўраўнаважаная. Праўда, харчуецца адмыслова падабранай арыстакратычнай ежай, час ад часу ласуецца яблычкам ці сырнікам. А вось солі ды цукру ніколі не ўжывае.

Фрося крочыць па сваім сабачым жыцці з належнымі каралеўскай крыві годнасцю і спакоем. Яна, як і належыць чальцу праваабарончай сям’і, шануе правы і свабоды: не лезе да іншых у душу, любіць гуляць сама па сабе, патрабуе ўласную прастору і зацята яе абараняе. Фрося не дурніца, ведае, каго можна падпусціць, да каго лепей не падыходзіць, не гаўкае без патрэбы.


Трохпакаёвая кватэра Волчакаў здаецца для Фросі вялізнай арэнай для гульняў. Улюбёная гульнявая прылада — скакалка. Яна можа гуляцца з ёй гадзінамі.

Сямейнікі Фросю паўжартам называюць “Катапёс”. Фрося, як каты, любіць, каб ёй рабілі масаж, пачасалі спінку, жывоцік. Таксама любімы Фросін занятак — сустракаць і праводзіць гасцей. Пры гэтым часам яна выскоквае ў тамбур. Аднойчы гаспадары яе там забылі на некалькі гадзін.

Найк любіць купацца ў сажалцы

Нямецкай аўчарцы Віктара Карняенкі Найку ўжо 10 гадоў. Апошні год ён прыхварэў на сэрца. З сакавіка штодзень яму даюць лекі для ўмацавання сардэчнай дзейнасці.


Раней у сям’і жыла даберман Берта, але, на жаль, Берта памерла ад раку.

“Праз некаторы час мы з жонкай пераехалі ў прыватны сектар і вырашылі ўзяць такую пароду, для якой вельмі важна жыць на свежым паветры. Калі мы глядзелі шчанюкоў, адзін з іх, можна сказаць, сам выбраў нас: адразу з радасцю кінуўся нам у абдымкі. Яго мы набылі. Гэта і быў Найк. З тых часоў гэта наш найлепшы сябар, — распавёў Віктар. — Найк жыве ў вальеры. Ён не ведае, што такое ланцуг. Мы яму дазваляем бегаць па ўсёй прысядзібнай тэрыторыі —15 сотак (заводзім у вальер, калі нехта прыходзіць у госці), а таксама два разы на дзень выгульваем па наваколлі”.


А яшчэ Найк вельмі любіць дзяцей. Сямігадовая ўнучка Віктара заўсёды з ім гуляе. Ён дазваляе ёй і за хвост падзёргаць і за вушы пацягаць.

Найк сумленна нясе сваю службу — рэгулярна патрулюе тэрыторыю сядзібы ўздоўж плота. Нават за 10 гадоў пратаптаў адмысловую дарожку. Калі хто падыходзіць звонку да плота, можа і аблаяць, але без дазволу на вуліцу не выбягае. “Аднойчы мы забылі зачыніць браму, дык ён цэлы дзень спраўна ахоўваў сядзібу, а на вуліцу нават не высоўваўся”, — кажа Віктар.


“Мы не ад суму завялі сабаку, нам проста вельмі хацелася сябра і мы ўзялі Найка, — дадае Віктар. — А ў прыватным сектары, у гаспадарцы сабака наогул вельмі дарэчы”.

Найк вельмі любіць служыць, з вялізарным задавальненнем выконвае каманду апорт, у гэтым, як у ахове тэрыторыі, ён бачыць сваю місію. Але больш за ўсё Найк любіць купацца ў сажалцы.

Бім любіць флэшкі і не выносіць нецвярозых

Беспародны Бім самы лепшы сабака для ўсёй сям’і Рыгора Кастусёва. Яго, зусім маленькага, год 8 таму падабрала на вуліцы старэйшая дачка Рыгора.

З тых часоў Бім прапісаўся ў лідара Партыі БНФ, пра што, як спадзяецца Кастусёў, не шкадуе. Пёс любіць усю сям'ю. Сумуе, калі дома каго-небудзь няма і вельмі радуецца, калі ўсе нарэшце збіраюцца разам.

Хаця, як прызнаецца Рыгор Кастусёў, найлепш Бім слухаецца менавіта яго. І любіць выходзіць на прагулку менавіта з гаспадаром. Сярод лепшых сяброў Біма ёсць і два каты, якія таксама жывуць у Кастусёвых. Бім заўсёды рады гасцям і гатовы прыняць любога добрага чалавека. Праўда, толькі цвярозага. На п’яных мужчын Бім пачынае рычаць, а можа нават і пабрахаць.


З Бімам ніколі не засумуеш і ніколі не будзеш самотным. “У першыя месяцы Бім вельмі любіў грызці прылады да кампутара (мадэм, флэшкі) і розныя драты (ад навушнікаў, зарадных для мабільнага, дрот да тэлефона). Знаходзіў магчымасць, як не дагледзіш, сцягнуць і пагрызці, сапсаваўшы такім чынам шмат чаго”, — кажа Рыгор Кастусёў.

Але Біму ўсё даруюць і вельмі ўдзячныя лёсу за такую сустрэчу. А Бім плаціць неверагоднай самаадданай любоўю.

Фрыда бясстрашная

Першага сабаку Андрэя Дзмітрыева звалі Крысціна. Гэта быў рызеншнаўцар. “Гэта быў сапраўдны сябра, з якім мы сталелі разам. Але…  Крысціны ўжо няма. Ды і я даўно вырас. Але я заўсёды з вялікай цеплынёй пра яе ўзгадваю”, — кажа Андрэй


Сёння адным з чальцоў сям'і Дзмітрыевых з'яўляецца такса Фрыда. Яе падарылі жонцы Андрэя 7 год таму.

“Шчыра кажучы, я хацеў сабаку, але, так бы мовіць, больш "сур'ёзнага", — прызнаецца Андрэй. — Такса мне падавалася нейкай несапраўднай, доўгая, нязграбная, маленькая.  Але за гэтыя 7 год я шмат разоў на ўласныя вочы бачыў, як моцна я памыляўся ў тыя дні. Фрыда — самастойная, з вялізарным пачуццем годнасці і неверагоднай адвагай. Аднойчы, калі вулічныя сабакі атакавалі маю жонку, яна кінулася яе абараняць і адагнала іх. Фрыда — гэта сабака з вялікім сэрцам. І канечне ж, мая любіміца”.


У Год Сабакі з талісманам

А ў вашай сям’і ужо ёсць сімвал 2018 года? Калі не, паспейце схапіць удачу за хвост, выберыце сабе адданага сябра. Зрабіце добрую справу — падарыце дом беспрытульным жывёлам. Абяцаем: не пашкадуеце.

Напрыклад, на сайце "Заашанс". Шмат "кандыдатаў на ўсынаўленне" вы знойдзеце на іншых сайтах арганізацый, якія займаюцца беспрытульнымі жывёламі. Поўны спіс можна паглядзець па спасылцы.

Таксама шмат сабак на сайце камунальнай гаспадаркі "Фауна горада". Тут ужо няма вольных месцаў, кожны дзень для сабак можа стаць апошнім днём у іх жыцці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: