Ці білі слуцкіх кадэтаў «за справу» і «для прафілактыкі»?

Біў ці не біў курсантаў Слуцкай кадэцкай вучэльні былы намеснік дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай працы? Абвінавачаны сцвярджае, што навучэнцы абылгалі яго «за строгасць».

У судзе Слуцкага раёна 11 сакавіка распачаўся судовы працэс па крымінальнай справе супраць былога намесніка па выхаваўчай рабоце Мінскай абласной кадэцкай вучэльні Анатоля Булгака.

Паводле матэрыялаў судовай справы, былы галоўны выхавальнік вучэльні абвінавачваецца ў неаднаразовым збіцці кадэтаў ды іншых гвалтоўных учынках. Як сцвярджае адзін з пацярпелых Аляксандр Берасцевіч, намеснік дырэктара біў “за справу” і “для прафілактыкі”. Колькасць пацярпелых па матэрыялах справы — 9 навучэнцаў. Шасцёра з іх ужо пакінулі месца вучобы.

Пракурор неаднаразова падкрэсліваў пры зачытванні абвінавачвання, што чалавек, які адказны за маральнае і фізічнае выхаванне кадэтаў, іхняе жыццё і бяспеку, абвінавачваецца “ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і выкарыстанні іх дзеля задавальнення нізкага пачуцця сваёй перавагі” над непаўналетнімі.


Цікава, што пацярпелыя не напісалі ніякіх заяў ні ў пракуратуру, ні ў суд, і не патрабуюць прыцягнення Анатоля Булгака да крымінальнай адказнасці. Крымінальная справа ўзнікла з закрытай унутранай праверкі з боку сілавых структураў дзеля выканання ўнутрыведамасных загадаў па праверцы фактаў насілля.

Калі віна былога намесніка дырэктара будзе даказаная — паводле артыкулу 426 ч. 3 Крымінальнага кодэкса яму пагражае турэмнае зняволенне ад 3 да 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.


Анатоль Яўгенавіч Булгак катэгарычна абвяргае абвінавачванне ў гвалце над навучэнцамі і сваю віну не прызнае ні ў адным з выпадкаў, якія ўтрымліваюцца ў матэрыялах справы.

— Я працаваў у вучэльні на пасадзе намесніка дырэктара 7 гадоў — з 2010 па красавік 2018 года. Мяне абвінавачваюць у фізічным насіллі, якое мела месца яшчэ ў 2015, 2016 і 2017 гадах, — гаворыць абвінавачаны. — Калі б факты гвалту сапраўды мелі месца, у закрытай установе іх немагчыма было б схаваць.

Анатоль Яўгенавіч лічыць, што яму сталі “шыць справу” былыя курсанты, якія пакінулі вучэльню, каб адпомсціць за яго барацьбу супраць парушэння правіл унутранага распарадку вучэльні, — абылгалі яго.

— Паводле нашых правілаў, курсанты не павінны курыць, мацюкацца, павінны сачыць за сваім знешнім выглядам, хадзіць строем, не карыстацца мабільнымі тэлефонамі і інтэрнэтам на працягу вучэбнага тыдня, — распавёў у судзе былы намеснік дырэктара. — Шмат хто з навучэнцаў не гатовы да такога распарадку і яны дазваляюць сабе розныя адхіленні.

Некаторыя выпадкі з пацярпелымі нельга было схаваць. Напрыклад, Аляксандру Берасцевічу з пабітым носам у 2015 годзе давялося звярнуцца ў медпункт. Праўда, у медпункце Аляксандр не паведаміў, хто яму разбіў нос, паколькі лічыў, што атрымаў “за справу”.

Са слоў Анатоля Яўгенавіча вынікае, што Аляксандр спускаўся па лесвіцы ў расхрыстаным выглядзе і брыдкасловіў. Калі ён хацеў схапіць хлопца за каўнер, той рэзка адвярнуўся і сам уткнуўся носам у кулак. Пацякла кроў.        

Сам Аляксандр Берасцевіч па-іншаму прадставіў сітуацыю.

Ён пацвердзіў свае паказанні, якія ён даў падчас следства, што намеснік дырэктара наўмысна даў яму па носе за тое, што ён выглядзеў не па форме і брыдкасловіў у адносінах да сяброў.

Было горача, расшпіліў гузікі, ішоў па лесвіцы і сапраўды перакінуўся брыдкім словам з кімсьці, хто стаяў на версе лесвіцы, — распавёў Аляксандр. — Знізу ішоў Булгак, накрычаў на мяне, нанёс некалькі ўдараў па галаве, я сапраўды адварочваўся, і адзін удар трапіў па носе. У медпункце я сказаў, што сам вінаваты. Пасля Анатоль Яўгенавіч запрасіў мяне ў кабінет і папрасіў прабачэння. Я не вельмі пераймаўся, бо лічыў сябе таксама вінаватым — парушыў правілы распарадку. Пасля былі іншыя сітуацыі — за гады вучобы атрымаў ад яго прыкладна 15–20 удараў. Нікому не скардзіўся, баяўся, што адлічаць. Пасля сам забраў дакументы з-за таго, што не падабалася вучоба.

Аляксандр распавёў, што метады фізічнага ўздзеяння прымяняліся і да іншых навучэнцаў.

Мог даць у карак, ушчыпнуць, даць пстрычку — калі за справу, а калі і дзеля прафілактыкі.

 Алег Якімовіч працягвае навучацца ў кадэцкай вучэльні. Свае адносіны з Булгакам ахарактарызаваў як добрыя.


— Ён у нашым класе вёў асновы ваеннай справы, — распавёў у судзе Алег. — Былі выпадкі гвалту ў адносінах да другіх курсантаў і ў адносінах да мяне. Аднойчы вынес яблыкі са сталовай, ішоў з імі ў руках. Ён пазваў, я падышоў, аддаў яму яблык. Атрымаў аплявуху па твару. Траўмы не было, нікому не гаварыў. Бо парушыў распарадак, палічыў, што я сам вінаваты. Са сталовай прадуктаў нельга выносіць.

На думку Алега, Анатоль Яўгенавіч — вельмі патрабавальны чалавек, але можна было пагаварыць з ім. Прэтэнзій да яго курсант не мае.

— Не хачу, каб прыцягвалі да крымінальнай адказнасці, бо ён чалавек нядрэнны. Арганізацыя кадэцкага бала — яго справа, было вельмі цікава. Прысяга прайшла на вельмі высокім узроўні, да нас прыязджалі госці з усёй рэспублікі. Было прыемна.

Пстрычкі, “шчалбаны” — мелі месца, неаднаразова цягаў за вушы — за рукі ў кішэнях, з-за таго, што адсутнічаў гузік, галаўны ўбор не на месцы.

— У курсанта Гамулкі падчас урока з кішэні тырчала іголка, дык Булгак, калі яе заўважыў, укалоў гэтай іголкай Гамулку — каб не прыносіў яе на ўрокі ў далейшым, — так курсант распавёў пра выпадак на ўроку.

Алег лічыць, што намеснік дырэктара яго недалюбліваў, бо караў за надта дробныя парушэнні і сістэматычна. Свае парушэнні хлопец тлумачыў падлеткавым узростам.

Алег Пятруцік таксама працягвае далейшае навучанне ў якасці курсанта. Вучыцца з 2017 года. Канфліктаў з выхавальнікамі і выкладчыкамі ў яго не было.

Характарызуе Булгака як патрабавальнага і дысцыплінаванага выхавальніка. Свае абвінаваўчыя паказанні ў адносінах да намесніка дырэктара падчас следства абвяргае тым, што падпісаў паперы, не чытаючы. Пры тым, што ў паказаннях ён напісаў, што за знойдзеную шпаргалку ў кішэні Булгак яго таксама пабіў. Але Алег не адчуў маральнай знявагі і не зразумеў, што ў адносінах да яго ўчынена фізічнае насілле. Паважаў і баяўся, бо Анатоль Яўгенавіч мог накрычаць за парушэнне дысцыпліны.

Уладзіслаў Страйкоў навучаўся з 2014 па 2016 год у Слуцкай вучэльні. Парушаў дысцыпліну ў адносінах да формы адзення.

— У 9-м класе пры пасадцы лесу з-за таго, што ў мяне дрэнна атрымлівалася пасадка дрэў (дрэнна ўтрамбаваў саджанцы) Анатоль Яўгеньевіч нанёс удары спачатку далонню па твары, пасля кулаком у жывот, — пацвердзіў свае паказанні падчас судовага пасяджэння малады чалавек.

На запыт адваката, чаму ён тады не паскардзіўся на дзеянні намесніка дырэктара, маладзён адказаў, што быў падлеткам і баяўся яшчэ большага пакарання.

Зняважлівая клічка “Асвенцым” з-за бледнага колеру твару Аляксандра ў прысутнасці іншых упершыню прагучала менавіта з вуснаў намесніка дырэктара.

Паводле словаў Аляксандра, ён баяўся намесніка дырэктара з-за яго неадэкватнасці, неўраўнаважанага характару. Аляксандр пакінуў месца вучобы, калі зразумеў, што страявое жыццё — не для яго. Зараз вучыцца ў камерцыйным каледжы.


Ці здзекаваўся былы намеснік дырэктара Слуцкай кадэцкай вучэльні са сваіх курсантаў? Ці сапраўды былыя навучэнцы вырашылі адпомсціць за справядлівасць і строгасць свайму настаўніку і выхавальніку? На гэтыя пытанні суддзя Аляксандр Галезнік дасць адказ пасля таго, як заслухае больш за 40 сведкаў.

Адно зразумела, што ўмовы навучання выхаванцаў ваенных вучэльняў патрабуюць увагі як дзяржавы, так і грамадскасці. Бо менавіта гэтыя вучэльні рыхтуюць будучых афіцэраў для арміі і іншых сілавых структур, і ад афіцэраў у далейшым будзе залежыць лёс соцень тысяч людзей. Не выключана, што афіцэры, якія самі прайшлі праз курс сістэматычнага насілля, могуць культываваць гвалт і ў адносінах да салдат.

Насцярожвае, што некаторыя з пацярпелых падчас следства былі непаўналетнімі, і былі апытаныя следчымі без прысутнасці іх законных прадстаўнікоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!