Ці будзе ў ІТ-універсітэце ІТ-БРСМ?

У Беларусі можа з’явіцца ІТ-універсітэт. А можа і не з’явіцца. Прычым другое — больш верагоднае, чым першае. І ў любым выпадку, наўрад ці з’яўленне ці нез’яўленне падобнай ВНУ — нешта зменіць у айчыннай сістэме адукацыі ўвогуле.

Фота pbs.twimg.com

Як ні дзіўна, але праблемы беларускай адукацыі абмяркоўваліся на нарадзе па развіцці лічбавай сферы Беларусі. Парк высокіх тэхналогій пакуль дзейнічае даволі паспяхова — прынамсі, яго экспарт за 2018 год вырас на 38% і склаў 1,414 мільярда долараў. А таму, па меркаванні некаторых прыхільнікаў ІТ-сферы, трэба нарошчваць колькасць праграмістаў, і для гэтага патрэбны ІТ-ВНУ. А лепш — вучыць «кодэраў» яшчэ са школы, для чаго прыватныя (пакуль толькі прыватныя) школы перавесці ў ранг «эксперыментальных пляцовак» пры ПВТ.

Па выніках гэтай сустрэчы адзін з яе ўдзельнікаў — вядомы ІТ-бізнесовец Віктар Пракапеня — высунуў шэраг ідэяў. Напрыклад, дазволіць спонсарскую дапамогу ва ўстановах адукацыі па спрошчанай схеме, выявіць бюракратычную дакументальную нагрузку на педагогаў, правесці незалежны аўдыт дакументазвароту ў сістэме адукацыі, прыбраць раённыя аддзелы адукацыі, даць кожнай школе свой баланс, рахунак у банку, абавязаць публікаваць справаздачнасць…

«Падняць настаўнікам заробак: сярэдняя зарплата настаўніка — 886 рублёў. Сярэдні заробак у краіне — 1117 рублёў. Трэба 186 мільёнаў долараў на год, каб падняць зарплату настаўнікаў да сярэдняй у краіне. Па сусветным досведзе — як толькі заробак настаўніка становіцца роўным сярэдняму, сістэма адукацыі якасна мяняецца», — напісаў Пракапеня ў Фэйсбуку. На думку бізнесоўца, неабходна зрабіць празрыстым прэміраванне педагогаў, укараніць у школах дыстанцыйную адукацыю і максімальна аблічбаваць навучальны кантэнт, увесці раннюю прафілізацыю. І гэтак далей.

Што тычыцца ІТ-універсітэта, які плануюць запусціць у наступным годзе, то ёсць вялікія сумневы ў рэалізацыі задуманага. Найперш — гэтая ідэя не новая. Рэзідэнты ПВТ пра нешта падобнае казалі з таго часу, як Лукашэнка падпісаў знакаміты дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі. Але ўсё ўпіраецца ў Міністэрства адукацыі. Мінадукацыі патрэбныя вучэбныя планы, штатны расклад, распрацаваныя праграмы навучання, метадычныя матэрыялы і да халеры чаго яшчэ. Зацвярджэнне падобных дакументаў займае багата часу, а ІТ-сфера змяняецца вельмі хутка. Таму, калі міністэрства ўсё ж зацвердзіць неабходныя дакументы — яны папросту састарэюць. І ў гэтым была праблема таго, што ў нас дасюль не з’явілася ІТ-ВНУ.

Фота pbs.twimg.com


У некаторых увогуле ёсць сумневы ў патрэбе такой установы. Напрыклад, эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што замест ІТ-ВНУ ў нас будзе створана ІТ-ПТВ, якое будзе выпускаць кадры для кампаній ПВТ — так бы мовіць, «ПТВ для ПВТ». І нагадвае: першапачаткова ПВТ ствараўся з мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці іншых галін гаспадаркі. Аднак на ўсёй астатняй гаспадарцы гэта не адбілася: ПВТ ператварыўся ў такі «ІТ-афшор», які «кляпае код» ці не выключна для замежных заказчыкаў.

Сапраўды, пакуль ад ПВТ краіна не дачакалася нейкага прарыву ў лічбавых тэхналогіях. Не кажу ўжо пра «лічбавы ўрад» альбо тэхналогію блокчэйну ў «народнай гаспадарцы»: у гімназіі, куды ходзіць мая дачка, так і не працуюць электронныя дзённікі. У той жа гімназіі (не апошняя ў Мінску, дарэчы) запускалі, дый так і не запусцілі электронную сістэму ўваходу па картцы навучэнца. А ў Гомелі на мінскую карту навучэнца (сумешчаную з банкаўскай карткай бацькоў) кантралёры ў транспарце глядзяць вялікімі вачыма — там дагэтуль у вучняў папяровыя даведкі са школы…

Ці не трэба спачатку давесці да ладу тое, за што ўзяліся, перш чым пачынаць чарговыя «рэформы адукацыі»?

І ўжо дакладна не варта чакаць, што як толькі заробак настаўніка будзе роўны сярэдняму заробку па краіне, наша адукацыя зробіць якасны скачок наперад. Знайсці для настаўнікаў тыя 186 мільёнаў долараў на год, пра якія казаў спадар Пракапеня, не праблема — дастаткова не правесці нейкія «Еўразійскія гульні» (яшчэ і рэшта застанецца). 200 мільёнаў долараў — гэта «слёзы для краіны», цытуючы Аляксандра Рыгоравіча.

Праблема ў іншым. Каб сістэма адукацыі зрабіла «якасны скачок», трэба зусім іншая сістэма адукацыі. Трэба іншыя настаўнікі, каб яны не «дзяўблі» навучэнцам школьную праграму, змяшаную з «дзяржаўнай ідэалогіяй», а навучалі думаць, аналізаваць, рабіць высновы. Тыя, хто не будзе заганяць школьнікаў на хакейныя «Калядныя турніры», а студэнтаў — на датэрміновае галасаванне. І хто сам не пойдзе фальсіфікаваць вынікі выбараў пры падліку галасоў. Трэба, каб сістэма адукацыі была сістэмай адукацыі, а не сістэмай штампавання пакорлівага і лаяльнага насельніцтва.

Фота news.bitcoin.com


Але гэта для ўлады ўжо небяспечна. Уладзе патрэбныя «вінцікі сістэмы», а не грамадзяне краіны. Нездарма ж Сінявокая наўпрост ігнаруе стандарты Балонскага працэсу — асабліва ў сістэме самакіравання тых жа ВНУ.

Што ж да ўласна новага ўніверсітэта... Можна быць упэўненым — як толькі ў краіне з’явіцца ІТ-універсітэт, у ім жа з’явяцца ІТ-ідэолагі, ІТ-прарэктары па выхаваўчай працы і ІТ-суполкі БРСМ. А тады — навошта ён такі?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!