Ці будзе знішчаны мемарыял Раману Бандарэнку ў Слуцку?

15 лістапада случчане на працягу цэлага дня ставілі лампадкі і ўскладалі кветкі ля помнікаў Анастасіі Слуцкай і Сафіі Слуцкай — так яны паміналі забітага ў Мінску на Плошчы Перамен Рамана Банадарэнкі.


Сафія Слуцкая заслужыла памяць патомкаў сваёй любоўю да людзей і самаахвярнай дапамогай бедным і ахвярам зла, а Анастасія – мужнай барацьбой за свабоду Слуцка ад нашэсця ворагаў. Зараз з гэтымі гістарычнымі постацямі неабыякавыя случчане сімвалічна злучылі і вобраз забітага Рамана Бандарэнкі.

Яны падыходзілі, моўчкі стаялі - ланцужкамі, невялікімі групамі. Побач па вуліцы Леніна і Віленскай туды — сюды катаўся бус, напоўнены міліцыянтамі. Вышуквалі, высочвалі крамольныя паводзіны. Тых, хто моўчкі стаяў ля помнікаў — не чапалі. Але адну дзяўчыну, якая знаходзілася ля помніка Леніна з плакатам “Я выходжу” — схапілі. Значыць, яшчэ адзін адміністратыўны суд, яшчэ адно пакаранне і папаўненне ў збяднелую дзяржаўную казну, магчымыя прэміі міліцыянтам.

Пасля ўвага міліцыянтаў засяродзілася на тых, хто стаяў групай каля помніка Сафіі Слуцкай. Міліцэйскі аўтобус пад’ехаў бліжэй да гэтага месца. Случчане павольна адыйшлі ад помніка але не разышліся. Па меры развіцця падзей у Мінску, відавочна, што быў дадзены загад знішчыць самаробны мемарыял і ў Слуцку.

Спачатку супрацоўнікі ЖКГ прыбралі лампадкі і партрэт Рамана Бандарэнкі. Тады жыхары Слуцка прынеслі новыя лампадкі і раздрукавалі яшчэ адзін партрэт Рамана. Па-двое, па-трое неслі вахту да вечара. Каля 20.00 я ўбачыла, што непадалёку ад помніка Сафіі Слуцкай стаялі супрацоўнікі ЖКГ побач з грузавой машынай. Відавочна, што чакалі, калі ўдзельнікі вахты пакінуць месца — саромеліся. Адзін з іх падцвердзіў, што ёсць загад ад кіраўніцтва ўсё прыбраць, але іхняя душа “не ляжыць” да гэтага задання.

Пасля машына з супрацоўнікамі ЖКГ з’ехала. А хтосьці ў пялёсткаў руж вырабіў сімвалічны крывавы паток, які зараз захлынае Беларусь і гэта бел-чырвона-белая "кроў" плыла па рацэ.

Раніцай 16-а лістапада лампадкі, кветкі і копія партрэта былі на сваіх месцах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: