Ці ёсць расійскі след у дзейнасці «эскадронаў смерці»?

Публікацыя выданнем Deutsche Welle рэзананснага інтэрв’ю з чальцом так званага «эскадрону смерці» выклікала шырокі грамадскі розгалас у Беларусі. Нагадаем, колішні баец САХР Юрый Гараўскі прызнаўся, што мае наўпроставае дачыненне да выкраданняў і забойстваў лідараў беларускай апазіцыі. Прапануем інфармацыю пра аднаго з непасрэдных фігурантаў гэтых сведчанняў — Сяргея Шкіндзерава, імя якога Гараўскі згадваў досыць часта.

Сяргей Шкіндзераў. Фота gorkiv.by

Юрый Гараўскі распавёў, што тэрміновую ваенную службу праходзіў у 3-й асобнай Чырвонасцяжнай брыгадзе аператыўнага прызначэння ў структуры Унутраных войскаў МУС РБ (в/ч 3214, пункт сталай дыслакацыі — мікрараён Уручча, Мінск). Пасля заканчэння тэрміновай службы, ён працягнуў служыць у новым падраздзяленні гэтай брыгады, якое атрымала назву «Спецыяльны атрад хуткага рэагавання» (САХР, па-руску СОБР). Адным з першых месцаў дыслакацыі САХР была вайсковая база непадалёк ад Бягомля Віцебскай вобласці.

Гэты атрад быў афіцыйна створаны згодна з указам экс-кіраўніка МУС РБ Юрыя Сівакова ад 29 чэрвеня 1999 года, паводле арганізацыйна-штатнай структуры ён увайшоў у згаданую вышэй 3-ю брыгаду. Аднак, паводле сведчанняў Гараўскага, касцяк атраду пачаў фарміравацца за год да даты яго афіцыйнага стварэння, туды ўвайшлі тыя, каго экс-баец САХР непасрэдна называе рэалізатарамі забойстваў лідараў беларускай апазіцыі.

Паводле сведчанняў Гараўскага, наўпроставае дачыненне да выкрадання і забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага мае яго таварыш па службе, колішні баец САХР Сяргей Шкіндзераў.

Працытуем ключавыя моманты сведчанняў Гараўскага, задакументаваныя сродкамі відэафіксацыі, у якіх фігуруе Сяргей Шкіндзераў (падаем у арыгінале):

«Я с Павличенко был в машине, плюс еще сидели Бородач Юра и Шкиндеров Сергей. В другой машине — Карпович Дима, Новаторский, Кожевников, Панков и Румянцев Леша. Румянцев и Карпович встали в начале и конце дома. Я и Шкиндеров — мы были повыше — когда узнали, что Захаренко припарковался и пошел в сторону дома, пошли за ним. <…> Тут же мы подошли и сказали: “Руки за спину”. Надели Захаренко наручники, подъехала машина, Opel. Мы посадили его в машину на заднее сиденье».

Гараўскі таксама сведчыць, што Захаранка быў вывезены на навучальную базу Унутраных войскаў непадалёк ад вёскі Валоўшчына Мінскага раёна і забіты ў раёне стрэльбішча:

«Павличенко два раза выстрелил в Захаренко в район сердца. Захаренко лежал на животе. Минут 10–15 подождали. Шкиндеров нагнулся, потрогал, есть ли пульс. Сказал, что нет».

Складзены ўласнаручна Гараўскім спіс групы, якая, паводле яго сведчанняў, мае дачыненне да «эскадрону смерці». На трэцяй пазіцыі ў спісе пазначаны Шкіндзераў. Скрыншот відэа DW

Наступны эпізод, у якім, згодна са сведчаннямі Гараўскага, фігуруе Сяргей Шкіндзераў, звязаны з забойствам Ганчара і Красоўскага ў месцы базавання САХР паблізу Бягомля:

«<…> Там в начале дороги оставили джип Красовского, в деревья его закатили, дали задний ход. Около полосы препятствий достаем Гончара и Красовского, кладем их рядышком. Яма уже была готова. Это была могила.

— Кто ее копал?

— Когда мы приехали, я увидел там Балынина, Шкиндерова Сергея, увидел Юру Будько».

16 лютага 2020 года выданне Deutsche Welle апублікавала відэа сустрэчы Юрыя Гараўскага з дачкой Юрыя Захаранкі Аленай Захаранка, якая жыве ў Германіі. У ім Гараўскі пацвярджае ранейшыя і дае новыя сведчанні пра Шкіндзерава, з якім ён, паводле яго словаў, непасрэдна ўдзельнічаў у выкраданні Захаранкі:

«Мы со Шкиндеровым выкрутили ему так руки, чтобы он не смог особенно и что-то сказать. Его в машину практически занесли».

Алена Захаранка прыгадвае: за некалькі дзён да выкрадання яе бацькі, той заўважыў, што за яго аўто сачылі. Паводле яе слоў, Юрый Захаранка адмыслова зрабіў так, каб машына сачэння заехала за ім у тупік. Ён выйшаў са сваёй машыны і падышоў да аўто, з якога за ім сачылі, адкрыў дзверы і сказаў маладым людзям, якія былі ў ім: «Вы кепска працуеце».

Гараўскі ўпэўнена засведчыў, што ў гэтай машыне знаходзіліся Алег Забенька і Сяргей Шкіндзераў.

Паказальна, што Юрый Гараўскі выказаў намер пацвердзіць усе свае паказанні падчас судовага працэсу, і нават гатовы да магчымага пакарання. Адзінай умовай для гэтага ён назваў правядзенне працэсу не ў Беларусі.

Каб атрымаць каментар наконт сведчанняў Гараўскага, «Новы Час» непасрэдна звязаўся з Сяргеем Шкіндзеравым. Аднак ён катэгарычна адмовіўся даваць якія-кольвек каментары.

Паводле крыніцаў адкрытага доступу, Сяргей Уладзіміравіч Шкіндзераў нарадзіўся 9 студзеня 1979 года. Служыў у згаданай вышэй в/ч 3214 (3-я асобная Чырванасцяжная брыгада аператыўнага прызначэння, цяпер 3-я Чырванасцяжная брыгада спецыяльнага прызначэння). Характэрна, што ў сваім акаўнце ў сацсетцы «Аднакласнікі» Сяргей Шкіндзераў пазначыў менавіта в/ч 3214.

Да нядаўняга часу Сяргей Шкіндзераў з’яўляўся памочнікам старшыні кіравання ААТ «Прыёрбанк». Майстар спорту па дзюдо і рукапашным боі, мае крапавы берэт.

У 2007 годзе чалавек з ягоным ПІБ (прозвішча, імя, імя па бацьку) і грамадзянствам РБ стаў заснавальнікам маскоўскай кампаніі ТАА «БПМ» («Белпрактика-М») са статутнай доляй 25%. Асноўным відам дзейнасці кампаніі з’яўляўся аптовы гандаль нехарчовымі спажывецкімі таварамі.

Выпіс з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў ФПС РФ (рус. ЕГРЮЛ)


Аднак у верасні 2013 года, праз шэсць гадоў пасля заснавання, гэта кампанія была ліквідаваная. Яе генеральным дырэктарам быў Вадзім Міхайлавіч Карповіч. Цікава, што яшчэ адным фігурантам сведчанняў Гараўскага з’яўляецца Дзмітрый Карповіч.

Я вырашыў таксама пераправерыць дадзеныя пра кампанію з падобнай назвай, зарэгістраванай на тэрыторыі Беларусі ў 2006 годзе — на год раней за маскоўскую. Аднак у атрыманай інфармацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і ІП Міністэрства юстыцыі РБ адносна збанкрутаванай і ліквідаванай у 2018 годзе кампаніі ТАА «БелПрактыка» Шкіндзераў не быў выяўлены ані сярод заснавальнікаў, ані сярод дырэктараў.

Вызначана, што не пазней за травень 2013 года Сяргей Шкіндзераў пачаў працаваць у ААТ «Прыёрбанк», які з 2003 года належыць аўстрыйскай банкаўскай групе «Raiffeisen Bank International». У апублікаванай у 2013 годзе справаздачы пра ўстойлівае развіццё Raiffeisen Zentralbank Group за 2011–2012 гады яго імя пазначанае ў спісе асобаў, якім рэдакцыя выдання дзякуе за ўнёсак і дапамогу.

Цікава, што чалавек з ідэнтычным ПІБ быў зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка Мінскім гарвыканкамам і інспекцыяй МПС РБ па Маскоўскаму раёну Мінска ў студзені 2014 года, аднак ужо напрыканцы гэтага ж года было ўхваленае рашэнне пра спыненне дзейнасці ў якасці ІП. З гэтага часу і да сённяшняга дня статус гэтага прадпрымальніка — у працэсе ліквідацыі.

Характэрна, што ў сувязі з «Прыёрбанкам» фігуруе яшчэ адна асоба, якая, магчыма, з’яўляецца бліжэйшым сваяком Сяргея Шкіндзерава. У адкрытых крыніцах інфармацыі маюцца звесткі пра тое, што напрыканцы 2009 года старшыня кіравання «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка ўхваліў рашэнне пра ахвяраванне 20 мільёнаў рублёў на ўтрыманне ўсурыйскага тыгра з заасаду Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага калежду імя Арлоўскага. Каментары пра гэты дабрачынны акт сродкам масавай інфармацыі даваў тады Уладзімір Шкіндзераў. У інфармацыйных матэрыялах ён фігуруе як памочнік старшыні кіравання «Прыёрбанка».

Да сведчанняў Юрыя Гараўскага імя Сяргея Шкіндзерава апошні раз згадвалася ў СМІ з нагоды правядзення так званай эстафеты агню «Полымя міра», якая адбывалася 1 чэрвеня 2019 года ў Горках Магілёўскай вобласці і была прымеркаваная да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Сяргей Шкіндзераў асабіста прымаў у ёй удзел.

Сяргей Шкіндзераў. Скрын-што з праграмы СТВ.  


У Горках знаходзіцца ваенны камісарыят Горацкага і Дрыбінскага раёнаў Магілёўскай вобласці, які ачольвае падпалкоўнік Аляксандр Уладзіміравіч Шкіндзераў. Ён, магчыма, з’яўляецца братам Сяргея Шкіндзерава. На жаль, з першых вуснаў гэту інфармацыю пацвердзіць не атрымалася, але інфармацыя з адкрытых крыніцаў ускосна гэта пацвярджае.

Ваенкам Горацкага і Дрыбінскага раёнаў падпалкоўнік Аляксандр Шкіндзераў. Фота mil.by


Імя Аляксандра Шкіндзерава сустракаецца і ў маніторынгу, у якім аўтар гэтага артыкула дае чытачу права самастойнага вызначэння таго ці іншага фігуранта матэрыялу патэнцыйным агентам уплыву Расійскай Федэрацыі.

Чытайце таксама:

Беларусь — суверэнная дзяржава або пратэктарат РФ? Маніторынг-2017


Вядома, што Аляксандр Шкіндзераў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. У 1995-м скончыў Калініградскую вышэйшую вучэльню інжынерных войскаў. Ад жніўня 1995-га да ліпеня 1998 года выконваў баявыя задачы ў зоне надзвычайнага становішча па ахове адміністрацыйнай мяжы колішняй Чачэна-Інгушскай АССР у Рэспубліцы Інгушэція Расійскай Федэрацыі. Быў вайскоўцам 137-га Назранаўскага памежнага атраду Каўказскай асобай памежнай акругі Федэральнай памежнай службы (ФПС) РФ.

Аляксандр Шкіндзераў падчас ваеннай службы на Каўказе (сядзіць на вежы БТР першы справа)



З ліпеня 1998-га да жніўня 2000 года, у той момант, як у Беларусі дзейнічаў «эскадрон смерці», Аляксандр Шкіндзераў праходзіў ваенную службу ў Рэспубліцы Паўночная Асеція — Аланія Расійскай Федэрацыі ва Уладзікаўказскім памежным атрадзе Каўказскай асобай памежнай акругі ФПС РФ. З 2003 года гэтае ведамства замененае на Памежную службу ФСБ РФ. У студзені 2000 года Аляксадр Шкіндзераў удзельнічаў у баявых дзеяннях у Аргунскай цясніне Чачэнскай рэспублікі (архіў).

Станам на люты 2020 года падпалкоўнік Аляксандр Шкіндзераў — ваенны камісар Горацкага і Дрыбінскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Гэты важны орган вайсковага кіравання, які апроч здзяйснення ваенна-мабілізацыйнай гатоўнасці і ўлікова-прызыўной дзейнасці з’яўляецца элементам забеспячэння функцыянавання сістэмы тэрытарыяльнай абароны Беларусі, ачольвае вайсковец, які даваў прысягу ў вернасці Расіі і нават удзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе падраздзяленняў расійскай арміі.

З улікам празмернай насычанасці патэнцыйнымі агентамі ўплыву Расійскай Федэрацыі ўсіх узроўняў сістэмы дзяржаўнага кіравання Беларусі, варта і неабходна адпрацоў­ваць магчымы расійскі чыннік у дзейнасці «эскадрону смерці» ў нашай краіне. Вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва Расіі было і застаецца зацікаўленым у знаходжанні Беларусі пад яе суцэльным пратэктаратам, у кансервацыі нашай краіны ў сацыякультурнай і гуманітарнай прасторы РФ. У рэчышчы гэтых стратэгічных мэтаў цалкам палягала і застаецца актуальнай нейтралізацыя ўсіх празаходніх дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Чытайце таксама: 

Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: