Ці вартыя змены ў войску жыцця сына? Разважае маці памерлага салдата Аляксандра Коржыча

15 красавіка Аляксандр Коржыч адзначыў бы сваё 25-годдзе. Мама Святлана распавяла media-polesye.by, як прайшлі гады ў барацьбе за гонар сына. Жанчына і цяпер упэўненая, што гэта было не самагубства. За смерць адзінага сына выплацілі кампенсацыю — усяго 2750 рублёў.
Святана Коржыч

Святана Коржыч

Смерць Аляксандра Коржыча ў Печах стала адной з самых рэзанансных падзей 2017 года. У навінавых паведамленнях значылася, што 17 верасня пінчук аказаўся ў медыцынскай частцы, 26 верасня яго выпісалі. Больш Аляксандра не бачылі. 3 кастрычніка ў склепе будынка медыцынскай часткі яго знайшлі павешаным на рамяні. Асноўнай версіяй быў суіцыд. Следства прыйшло да высновы, што гэта было давядзенне да самагубства.

Некалькі гадоў мама салдата Святлана спрабавала даказаць, што яе сын не сам палез у пятлю.

Мацярынскае сэрца прадчувала…

Асцярогі ў мяне былі, як толькі ён у гэтую армію пайшоў. Пачалося ўсё з Брэста. Адзін хлопец сарваўся, уцёк. Іншага «хуткая» забрала. А Саша ў мяне законапаслухмяны. Матчына сэрца было не на месцы. Казала: "Саша, не крычы, не абурайся…"».

Святлана прыгадвае, што сын падчас службы прасіў пераводзіць грошы. Жанчына працавала на дзвюх працах, трымала гаспадарку. Яна падазравала, што ў сына былі запазычанасці ці праблемы. Але Саша сцвярджаў, што ўсё добра. У нейкі момант перастаў расказваць, як яго справы. Аднойчы і зусім не патэлефанаваў, хоць павінен быў.

— Саша казаў, што з усім разбярэцца сам. Не патрэбныя ніякія грошы. Па нядзелях звычайна тэлефанаваў. А тут ідуць вучэнні — званка не было. Я ўжо з панядзелка пачала тэлефоны перабіраць. Сказала пляменніцы. Нешта незразумелае, ніхто трубку не браў. Вырашылі, што трэба будзе ехаць. Рыхтавалася заснуць — пачула званок. Камандзір часткі. Сказаў, што спроба суіцыду. Скончылася смяротным зыходам. Селі ў машыны і паехалі.

Жанчына прыехала ў Барысаў, але ўбачыць сына не змагла. З’явіліся сумневы, ці сапраўды гэта самагубства, калі цела рыхтуюць так доўга.

— Якое самагубства! Якое? Суткі труп рыхтавалі. Чаму адразу не паказалі, калі гэта самагубства? Сашу апранулі ва ўсё новенькае. Але нават вочы не закрылі, — распавяла маці. — Казалі мне, што вінаватыя кампутарныя гульні, няшчаснае каханне. У мяне хлопчык быў развіты. Не трэба мне прыдумваць. Суцэльная мана, разыграны тэатр. 

У мяне была мэта: адваяваць яго гонар і годнасць

Смерць пінскага салдата ускалыхнула грамадскасць. Многія дэталі самагубства выклікалі пытанні. Чаму шнуркі на чаравіках былі звязаныя? Навошта майка на галаве? Чаму на руках, на галаве засталіся сляды? Маці ні на секунду не паверыла, што яе дзіця вырашыла памерці. І пачала адстойваць свой пункт погляду.

Я не змірылася з гэтай сітуацыяй. Дамаглася таго, што камісія ваенна-медыцынская заключыла, што гэта была ваенная траўма, атрыманая пры выкананні воінскага абавязку. Вось якая ў нас армія. Я праз такія кругі пекла прайшла за гэты час. Калі б Саша ведаў, то не захацеў бы ён ні ў гэтае войска, ні гэтую родную Беларусь абараняць, як ён хацеў, біў сябе ў грудзі. «Я з Беларусі нікуды не з'еду», — гаварыў. Напэўна, уцёк бы за тысячы кіламетраў…

Мне кажуць, што ўсіх там перашарсцілі, пазабіралі. А мне якая розніца? Сына няма. Хачу, каб людзі ведалі праўду, што ў нашай краіне жыццё нічога не каштуе. Асабліва салдата.

 

Дабудаваць дом і купіць «BMW». Не спраўдзілася

Мама ўспамінае, што армія Аляксандра не палохала. Планаваў сваё жыццё пасля службы і думаў набыць новую машыну.

— Саша марыў пасля арміі дабудаваць дачу ў Галева. Хацеў памяняць машыну на «BMW». Думаў атрымаць вышэйшую адукацыю. Ён жа нашу індустрыю скончыў. А тут адразу пішы распіску, што пойдзеш у армію служыць, а то прыцягнуць да адказнасці і дыплом не выдадуць. Гарэла б гэтае войска і гэтыя дыпломы яркім полымем, толькі ён бы жывы застаўся.

 

Выцягнуў хлопца з пятлі

Аляксандр быў адзіным дзіцём у сям'і. Бацькі ў разводзе. Для мамы сын — апора і надзея. Жанчына чакала, калі скончыцца служба. Ад вестак часам стыла кроў. Служба ў арміі здавалася катаваннем. Саша аднойчы падзяліўся з маці шакуючай сітуацыяй, якая адбываліся на яго вачах.

— Саша паспеў расказаць, што выратаваў салдата. Ён у пятлі быў. Выцягнуў. Ён сам туды палез? Ды быць такога не можа. Саша пытаўся ў мяне: «Мама, я зрабіў добра ці дрэнна?» Маці гэтага хлопчыка, таксама пінчука, звярталася да мяне на рынку. Маўляў, ваш сын герой. А потым, калі закранула, адмовіліся ад сваіх слоў. Усе баяцца. Ужо ж вас усіх не задушаць. Усе хаваліся па норах, як мышы.

Тое, што служба ў войску можа стаць фатальнай падзеяй у жыцці дзіцяці, маці Аляксандра Коржыча ведаць не магла. Цяпер пра сына нагадваюць толькі рэчы, якія да гэтага часу захоўваюцца ў доме.

— Адзенне яго ўсё вісіць. І вайсковая форма. Перадалі мне. Шнуркі нават вярнулі, якімі ногі былі звязаныя. Адвезла на могілкі, там пакінула.

Жыццё ацанілі ў 2750 рублёў

За смерць сына жанчыне выплацілі кампенсацыю. Акрамя гэтага Мінабароны ўсталявала помнік на магіле Аляксандра. Святлана лічыць, што гэта несувымерна з той стратай, якая адбылася ў сям'і Коржычаў.

Мне як маці выплацілі 2750 рублёў. Гэта ў наш час так жыццё чалавечае ацэньваецца? Калі б нейкая вялікая страхоўка была, па-іншаму ставіліся да салдата б. Я ездзіла на наступных ахвяр паглядзець. У Мазыры ў пагранатрадзе хлопец загінуў. Размаўляла са сваякамі. Гэтыя выпадкі працягваюцца і працягваюцца. Нічога іх не спыніць.

Пасля смерці сына жанчыну падтрымлівалі зусім розныя людзі. Тэлефанавалі і распавядалі свае гісторыі.

— У Сашы на целе засталіся сляды. На шыі ад пятлі. Відаць, што на шыі нешта ўелася. Накідваюцца ззаду і душаць. Заціскаюць, як сабаку. Рабілі сабачую смерць. Мне неяк з Піцера хлопец тэлефанаваў. Таксама ў Беларусі служыў. Сказаў, што гэта за непадпарадкаванне.

Жанчына задаецца пытаннем, ці вартыя змены ў войску жыцця сына. Калі гэтая праблема была такая вострая, чаму яе не вырашалі?

— Цяпер ходзяць, распавядаюць, што жыццё салдата памянялася. Нібы дзеткі малыя ўсе там. Ледзь не песні-калыханкі ім спяваюць. Дык ці варта яно таго, каб на салдата паглядзелі як на чалавека?

Паводле media-polesye.by. Пераклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: