Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ці месца Палацу шлюбаў у ахоўнай гістарычнай зоне Віцебску?

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Канстанцін Смолікаў звярнуўся з скаргай да пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага. Скарга скіраваная супраць меркаванага будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў у зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы Ніжні замак гораду Віцебску».
Месца меркаванага будаўніцтва. Фота: svaboda.org

Месца меркаванага будаўніцтва. Фота: svaboda.org

У скарзе ўзгадваюцца канкрэтныя службовыя асобы, з боку якіх, паводле пераканання скаржніка, дапушчаныя парушэнні беларускага заканадаўства, піша Віцебская вясна. Такімі парушальнікамі спадар Смолікаў лічыць старшыню Віцебскага гарсавету Уладзіміра Бялевіча, начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму Андрэя Макеева, дырэктара інстытуту “Віцебскграмадзянпраект” Наталлю Касабуку, дырэктара ДУКП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва гораду Віцебску” Міхаіла Мяшко ды іншых.

Аўтар скаргі цытуе пастанову Міністэрства культуры ад 20 сакавіка бягучага году №18 “Аб зацвярджэнні праекту зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – “Гістарычны цэнтар гораду Віцебску”. Пастанова недвухсэнсоўна забараняе на гістарычных тэрыторыях “узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя рэканструкцыі паводле гістарыка-будаўнічых матэрыялаў у аб’ёмах страчаных гістарычных будынкаў”.

Абышліся без грамадскага абмеркавання


Смолікаў таксама звяртае ўвагу пракурора на тое, што не было праведзена грамадскага абмеркавання планаў будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў. Адбылася толькі працэдура грамадскага абмеркавання аб ацэнцы ўздзеяння аб’екту на навакольнае асяроддзе. У заключнай справаздачы па выніках абмеркавання зацікаўлены бок сцьвярджае, што “праектныя рашэнні ўлічваюць планаваную структуру, якая склалася гістарычна”. Гэткае сцвярджэнне скаржнік лічыць наўпроставым падманам, бо на гэтай гістарычнай тэрыторыі “знаходзяцца падмуркі касцёлу дамініканцаў (былой архітэктурнай дамінанты старога Віцебску) і трасіроўка старой вуліцы Замкавай, якія ў выніку незаконнага будаўніцтва будуць знішчаныя”.

Нягледзячы на відавочныя парушэнні, ў інвестыцыйнай праграме гораду Віцебску на 2017 год запланавана выдаткаваць на будаўніцтва Палацу шлюбаў 800 тысяч рублёў.

Паводле вынікаў праверкі інфармацыі, прыведзенай у скарзе, кіраўнік абласной арганізацыі БНФ просіць пракурора Віцебску вынесці законнае рашэнне.

Гарадскія ўлады мяркуюць пачаць будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў ужо сёлета. Паводле праекту, ён мае паўстаць недалёка ад Дабравешчанскай царквы на беразе Дзвіны.


Каментаваць