Ці можна фатаграфавацца ў басейне каля белых і чырвоных паплаўкоў? Што жыхары Мазыра пачулі ў адказ

У басейне Мазыра, як і ва ўсіх басейнах, паплаўкі і раздзяляльнікі — белага і чырвонага колеру. Жыхары райцэнтру занепакоіліся і спыталіся ў мясцовай улады, ці пагражае пакараннем гэтая «схема БЧБ», піша «Свабода». 

Жыхары Мазыра задалі чыноўнікам наступныя пытанні: 

— ці не будзе заплыў у басейне лічыцца пікетаваньнем ці несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам з выкарыстаннем сімволікі «па схеме БЧБ»?

— ці могуць супрацоўнікаў і наведвальнікаў басейна прыцягнуць да адказнасці па артыкуле 23.34?

— ці можна выкладваць здымкі з басейна, на якіх бачныя раздзяляльнікі, у інтэрнэт?

Намеснік старшыні райвыканкаму Фэлікс Галюк супакоіў грамадзян: у басейне можна плаваць і нават фатаграфавацца.

«Калі вы не падавалі (падавалі) і Вам не выдаваўся (выдаваўся) дазвол на правядзенне пікету, можна разглядаць наведванне Вамі басейна выключна з мэтай вядзення здаровага ладу жыцьця. Падстаў для прыцягвання супрацоўнікаў і (альбо) наведвальнікаў басейна да адміністрацыйнай адказнасці няма», — абяцае намеснік старшыні выканкаму.

Але ёсць нюанс.

«У выпадку, калі выява фатаздымкаў, зробленых у басейне, утрымлівае ў якасці элементаў абазначэння разметкі, прызначанай выключна для выкананьня правілаў тэхнікі бяспекі, без вашых камэнтароў па адпаведнай тэматыцы, то размяшчэньне гэтых фатаздымкаў не зяўляецца забароненым», — адказаў Фэлікс Галюк.

За што яшчэ ў Беларусі можна займець праблемы з міліцыяй

За пасцілу фабрычнай вытворчасці белага і чырвонага колеру. За яе судзілі 75-гадовую жыхарку Жодзіна Іраіду Міско.

За «адзенне палітычных колераў» затрымалі жыхарак Гомеля, калі яны ўскладалі кветкі да помніка Ірыне Паскевіч (у пратаколе міліцыя напісала: «Ускладалі кветкі да помніка Сускевічу»).

За белыя шкарпэткі з чырвонымі палоскамі, гумкі на руку белага і чырвонага колеру.

За фіранкі на вокнах «палітычных колераў».

За карагод у лесе вакол ялінкі.

За снегавіка ва ўласным двары.

За «падтрымку пратэстаў у думках».

За «пікетаванне з дапамогай аптычнага прыбору «Праектар».

За ляльку, падобную да Лукашэнкі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: