Ці можна спыніць булінг у беларускіх школах

ЮНЕСКА праводзіць апытанне аб ролі настаўнікаў у стварэнні свабоднага ад гвалту школьнага асяроддзя.
Праблема булінга (школьнага ганення) e Беларусі вывучана мала. Але цікавасць да яе расце дзякуючы ўвазе СМІ і відэаролікам з шакавальнымі дзіцячымі расправамі, што раз-пораз трапляюць у інтэрнэт.

«Мая мама любіць маліцца, і мы часта ходзім у царкву. Там прыгожа і прыемна пахне. Раней я шмат распавядала пра гэта аднакласнікам, але потым яны сталі смяяцца з мяне, называць таўстухай-царквухай. Многія не хочуць цяпер са мной сябраваць. Я з-за гэтага плачу», — распавядае дзевяцігадовая Ліза.

У 2018 годзе пры падтрымцы ЮНІСЕФ у Беларусі прайшло даследаванне сітуацыі з гвалтам у адносінах да дзяцей. А цяпер ЮНЕСКА праводзіць глабальнае апытанне настаўнікаў аб тым, як пазбавіць школу ад цкаванняў і гвалту.

Наталля Грэбень, псіхолаг, выкладчык БДПУ, ужо больш за пяць гадоў вывучае феномен булінга ў беларускіх школах.

Эксперт адзначае, што траўля і гвалт у школе — з’ява не новая, яна квітнела і ў савецкі час, але доўгі час тэма была табуяванай і не выходзіла за межы школьных сцен.

— Так ці інакш, з агрэсіяй у калектыве сутыкаюцца ўсе дзеці, але пад булінгам варта разумець неаднаразова паўтаральны гвалт у адрас канкрэтнага навучэнца. Прычым класіфікаваць узаемаадносіны ў групе як цкаванне можна толькі ў цеснай звязцы з эмацыйнымі перажываннямі дзіцяці.

Напрыклад, зварот да дзіцяці па мянушцы можа выступаць і як форма ганення, і як праява субкультуры, калі дзіця лічыць гэта нормай. Калі пры гэтым яно перажывае крыўду або адчувае сябе прыніжаным — гэта адназначна траўля.

Што могуць распавесці настаўнікі?

Апытанне настаўнікаў, якое праводзіцца ЮНЕСКА, уключае блок пытанняў, якія тычацца і непасрэдна булінга. Даследчыкі спрабуюць ацаніць выпадкі фізічнага, сексуальнага і псіхалагічнага гвалту.

Асноўнае яго адрозненне ад ужывальных у нас рускамоўных апытальнікаў — наяўнасць пытанняў аб сексуальным гвалце. Новым можна лічыць і вывучэнне такой формы гвалту, як пагроза зброяй, у прыватнасці, нажом.

— Хачу, аднак, адзначыць, што выпадкі булінга часцей за ўсё працякаюць па-за полем гледжання настаўнікаў. Таму мне цяжка пагадзіцца, што апытанне дасць аб’ектыўную інфармацыю. Гэта будзе хутчэй «булінг вачыма настаўнікаў». Больш дакладныя дадзеныя можа даць даследаванне з удзелам саміх навучэнцаў, асабліва ахвяр ганення, — мяркуе эксперт.

З улікам спецыфікі беларускай адукацыйнай сістэмы Наталля вылучае яшчэ адзін момант, які не дазволіць лічыць атрыманыя вынікі досыць аб’ектыўнымі.

— У нас настаўнік падвяргаецца своеасаблівай прафесійнай дэфармацыі, калі ён адчувае неабходнасць больш адпавядаць патрабаванням сістэмы, чым заставацца самім сабой. Запаўняючы апытальнік, ён будзе падсвядома арыентавацца на сацыяльна жаданыя адказы, а не на рэальную карціну, — упэўненая суразмоўніца.

«Я пайшоў у першы клас роўна ў шэсць гадоў, але ўжо вельмі добра ўмеў чытаць — мама навучыла, калі мне тры гады было. На ўроках ніколі не адставаў. Але аднойчы настаўніца пры ўсім класе сказала: „Табе трэба было яшчэ ў садок хадзіць!“. Аднакласнікі, вядома, гэта падхапілі, сталі дражніць. Было вельмі крыўдна, мне расхацелася вучыцца», — распавядае дванаццацігадовы Улад.

Унутраныя даследаванні: незапатрабаваная праца

Праблема булінга вывучаецца і беларускімі даследчыкамі, аднак іх вынікі не так шырока асвятляюцца. Грамадства і СМІ праяўляюць да іх значна менш цікавасці, чым да высноў міжнародных арганізацый.

— Яшчэ ў 2015 годзе я правяла досыць вялікае даследаванне школьных ганенняў на базе трох школаў Мінску. Эксперыментальную выбарку склалі 150 чалавек. Высветлілася, што булінгу падвяргаюцца прыкладна 9-14% школьнікаў.

СМІ не зацікавіліся гэтымі дадзенымі. Затое калі ў 2018 году выйшла справаздача ЮНІСЕФ па ацэнцы гвалту ў беларускіх школах, многія выданні падхапілі цытату пра тое, што кожнае другое дзіця ў нас падвяргаецца гвалту. І зрабілі выснову, што наша краіна — у сусветных лідарах па булінгу. Аднак Наталля мяркуе, што гэта — штучна разадзьмутая сенсацыя, такога вываду пра выпадкі булінга са справаздачы ЮНІСЕФ зрабіць нельга.

Як адзначае эксперт, часцяком беларускія навукоўцы праводзяць даследаванні на валанцёрскіх пачатках і ўласным энтузіязме. Але пры гэтым распрацаваны імі інструментар выяўлення і супрацьстаяння булінгу часта застаецца незапатрабаваным.

— Нашы настаўнікі ў большасці сваёй не навучаны вызначаць гвалт і агрэсію. У праграмах БДПУ курса па булінгу няма. У 2017 годзе я пазначыла ў спецыялізаваным часопісе, што распрацавала адпаведны інструментар, але зваротаў настаўнікаў, якія захацелі б яго вывучыць і выкарыстоўваць, не было.

Ці можна спыніць булінг?

Як адзначае эксперт, у прагрэсіўных краінах ідзе фармаванне новай культуры школы на базе правоў чалавека і дэмакратыі. Раней спецыялісты больш схіляліся да прышчаплення дзецям мадэлі талерантных паводзінаў, але цяпер на першы план выйшаў трэнд пад назвай «антыдыскрымінацыя».

— Сёння трэба вучыць дзяцей у школах паважліваму стаўленню адзін да аднаго, прывіваць ім разуменне, з якіх норм складаюцца правы чалавека і што стаіць за іх парушэннем, — кажа Наталля. Але яна таксама тлумачыць, што гэтыя працэсы вызначаюцца маральным узроўнем грамадства, яго каштоўнасцямі. Дамінуючай каштоўнасцю ў нас з’яўляецца выжыванне, пытанні гонару і годнасці чалавека адыходзяць на другі план.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: