Ці можна трапіць у калонію, калі своечасова не зняў бчб-сняжынкі з акна? Тлумачыць юрыст

На Нацыянальным прававым партале апублікавалі закон, які ўносіць змены ў Крымінальны кодэкс. Паводле іх, цяпер на тры гады ў калонію можна адправіцца за паўторны ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». На чатыры — за публічную дэманстрацыю экстрэмісцкай сімволікі. На пяць — за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці.

«Наша Ніва» спытала ў юрыста «Вясны» Паўла Сапелкі, як гэта будзе дзейнічаць на практыцы.

 

Колькі разоў можна парушыць закон аб удзеле ў масавых мерапрыемствах без пагрозы завядзення крымінальнай справы?

Два разы.

Першы раз прыцягнуць да адказнасці па ч. 1 арт. 24.23 Адміністрацыйнага кодэкса. Можа быць альбо штраф, альбо адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

У другі раз — ч. 3 арт. 24.23. На гэты раз пакараць могуць 30 суткамі арышту. За трэці пратакол будзе крымінальная справа.

#картка/канец


 

Парушэнні павінны быць здзейснены цягам года ці без тэрміну даўнасці?

Для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў чалавека павінны быць тры непагашаныя парушэнні — гэта значыць, яны павінны быць здзейсненыя цягам года.

#картка/канец


 

Крымінальная справа за трэцяе парушэнне будзе заводзіцца аўтаматычна ці на меркаванне пракурора ці следчага?

Аўтаматычна. Выбар ёсць толькі ў справах прыватнага ці прыватна-публічнага абвінавачання, там вырашае пацярпелы. А тут справа публічнага абвінавачання. Калі орган крымінальнага пераследу бачыць склад злачынства, то ён заводзіць крымінальную справу. У законе, канешне, не напісана, што пракурор ці следчы павінен добра падумаць, і калі яму хочацца, то завесці справу, а калі не — то не. Яны павінны заводзіць на падставе парушэнняў.

#картка/канец


 

Будуць адлічвацца правапарушэнні ад моманту ўступлення паправак у сілу ці ўсе пратаколы цягам апошняга года?

Для мяне самога гэта вялікая загадка. На добры толк усё павінны пачаць з нуля і лічыць адміністрацыйныя пакаранні з моманту ўвядзення ў сілу гэтай нормы. Але я баюся, што будуць лічыць і тыя «адміністратыўкі», якія маюцца на сёння. Хаця існуе правіла, што не можа мець зваротную сілу крымінальны закон, які пагаршае становішча. Думаю, усё хутка запрацуе і мы ўбачым, як гэта будзе на практыцы.

#картка/канец


 


Гэта значыць, што цяпер у калонію можна трапіць, калі тройчы не зняў бел-чырвона-белыя сняжынкі з акна?

Сітуацыя драматычная. Мы ж бачым, як прымяняюцца пакаранне па гэтым артыкуле. Ва ўсіх ёсць разуменне, што яно несправядлівае, але ўсё ж максімум — 15-30 сутак. Але цяпер мы бачым, што можа стаць нашмат горш. На падставе «ліпавых» адміністрацыйных пратаколаў людзей могуць адпраўляць у калонію.

З іншага боку, тут можна ўгледзець і плюс. Цяпер многія людзі лічаць за лепшае не абскарджваць адміністрацыйныя пратаколы. Цяпер жа суд, прымаючы рашэнне аб трэцім правапарушэнні, павінен праверыць законнасць накладання папярэдніх спагнанняў. Калі суд выносіць рашэнне, скажам, аб законнасці звальнення ў сувязі са шматлікімі парушэннямі дысцыпліны, то суддзя павінен праверыць, ці законна накладаліся гэтыя спагнанні за кожнае з парушэнняў.

Калі практыка пойдзе па гэтым шляху, то будзе адно з двух: ці не надта актыўна будзе прымяняцца гэты артыкул, ці зменіцца працэс накладання адміністрацыйных спагнанняў. Я маю на ўвазе большую фармалізацыю і большую адказнасць за складанне пратаколаў.

#картка/канец


 

Парушэнне не становіцца больш цяжкім ад аднаго выпадку да другога і трэцяга. То чаму спачатку «адміністратыўка», а потым — «крыміналка»?

Гэтая даўняя навуковая дыскусія. У абодвух пунктаў гледзішча ёсць свае прыхільнікі. Ёсць вядомы выраз, што са ста котак нельга сабраць тыгра. Ёсць меркаванне, што парушаецца прынцып падвойнага пакарання за адно і тое ж правапарушэнне.

Але, з іншага боку, існуюць меркаванні, што само парушэнне цяжкасць не змяніла, але калі яно здзейснена адным і тым жа чалавекам, тым самым набывае грамадскую небяспеку. У нас існуе, напрыклад, артыкул 317 КК «Кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення». Першы пратакол — гэта адміністрацыйнае парушэнне, а другі — крымінальнае.

#картка/канец





















Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: