Ці можна выйграць справу супраць дзяржаўных СМІ?

У судзе Савецкага раёну Мінска 1 верасня адбудзецца чарговае паседжанне па пазове актывіста Мікалая Дзядка супраць інтэрнэт-выдання газеты «СБ: Беларусь сёння». Ці магчыма выйграць справу такога кшталту?

Былы палітвязень лічыць, што  ў артыкуле “Анархія, маць…”, які выйшаў 29 траўня 2017 на сайце газеты за аўтарствам Андрэя Мукавозчыка, змешчана інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці і прыніжае яго гонар і годнасць.

Мікола Дзядок падчас першага судовага паседжання. Фота Арцёма Лявы

Юрыстка ПЦ “Вясна” Наста Лойка адзначае, што не ведае прыкладаў станоўчых судовых рашэнняў, калі б актывісты дамагліся абвяржэння ганебнай інфармацыі і спагнання са СМІ ці аўтара матэрыялу маральнай кампенсацыі. Гэта пацвярджаецца і статыстыкай. Прычына таму, на думку праваабаронцы, — існаванне ў Беларусі прэзумпцыі невінаватасці дзяржаўных органаў, у тым ліку і дзяржаўных СМІ.


“Усё, што звязана з пазовамі, скаргамі супраць дзяржаўных органаў, у тым ліку па абароне гонару і годнасці, можна аднесці да адной катэгорыі спраў. І паколькі суды ў нас прынцыпова не разглядаюць пытанне таго, што дзяржаўныя органы могуць быць няправыя (то бок, існуе пэўная прэзумпцыя даверу да дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў), то верагоднасць выйгрышу ў гэтых справах вельмі маленькая. Я калісьці рабіла запыт у Вярхоўны суд адносна таго, колькі ўвогуле адсоткаў станоўчых рашэнняў па дадзенай катэгорыі спраў. І высветлілася, што выігрышных спраў нават менш, чым апраўдальных прысудаў па Беларусі. Гэта вельмі яскравы паказчык таго, што суды гатовыя прынцыпова станавіцца толькі на бок дзяржаўных органаў і ні ў якім разе не гатовыя абараняць людзей, якія ад іх пакутуюць".

Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Юля Сакалоўская

Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Юля Сакалоўская


Праваабаронца канстатуе, што дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюцца як ідэалагічны механізм стварэння негатыўных вобразаў актывістаў у грамадстве.

“Яны злоўжываюць шырокімі паўнамоцтвамі і вельмі часта па ўстаноўцы КДБ, ГУБАЗ, Следчага камітэту пішуць і паказваюць па тэлебачанні абразлівыя рэчы. Пры гэтым яны альбо не называюць імя, альбо змяняюць некаторыя факты, каб не так проста было даказаць, што гэта ёсць прамая абраза гонару і годнасці. Але па ўсёй сукупнасці фактараў нам зразумела, што ідзе мэтанакіраваная траўля, і вельмі шкада, што суды ў гэтай сітуацыі не гатовыя быць да канца аб’ектыўнымі, даваць належную прававую ацэнку і ў чарговы раз адмаўляюць у задавальненні такіх пазоваў”, — кажа Наста Лойка.

Што датычыцца менавіта пазову Мікалая Дзядка супраць “СБ”, то сілы двух бакоў першапачаткова няроўныя, адзначае Наста Лойка. Аднак такія судовыя працэсы, незалежна ад іх выніку, — добрая падстава нагадаць журналістам дзяржСМІ пра адказнасць за свае словы.

Андрэй Мукавозчык у судовай залі (ля вакна). Фота Арцёма Лявы

Андрэй Мукавозчык у судовай залі (ля вакна). Фота Арцёма Лявы



“Суд ацэньвае, наколькі змешчаныя ў артыкуле факты непраўдзівыя, наколькі носяць абразлівы характар і г.д. То бок ёсць цэлы набор складнікаў, і за адзін з іх суд заўжды чапляецца. Так, ён можа прызнаць, што ў матэрыяле сапраўды напісана пра гэтага чалавека,  але пры гэтым не ўбачыць там абразлівыя ці хлуслівыя звесткі, што з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні пазову. Таму я думаю, што сілы, на жаль, адразу няроўныя, і гэтае абскарджанне хутчэй заклік на будучыню, каб журналісты дзяржаўных СМІ не дапускалі падобных дзеянняў”.

Першае паседжанне па справе Мікалая Дзядка супраць “СБ: Беларусь сёння” прайшло 17 жніўня. Падчас яго актывіст выказаў свае патрабаванні — прызнаць, што звесткі, напісаныя ў выданні, не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць яго гонар і годнасць, абавязаць рэдакцыю “СБ Беларусь сегодня” і аўтара артыкула выдаліць непраўдзівыя звесткі і апублікаваць на галоўнай старонцы сайта газеты абвяржэнне дадзенай інфармацыі. Таксама Дзядок патрабуе спагнаць на сваю карысць з рэдакцыі і Андрэя Мукавозчыка 10 000 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-08-31 16:20:25
Ну, у 2001 г. Лябедзька выйграў працэс па абароне гонару і годнасці супраць Азаронка і БТ: https://news.tut.by/society/11654.html Праўда, вышэйшая інстанцыя, здаецца, адмяніла гэтае рашэнне... Пра Дзядка і Якубовіча чытайце тут: http://belisrael.info/?p=12271

Больш цікавага на «Новым Часе»: