Ці мусяць бацькі ўтрымліваць школу?

Адукацыя бясплатная, але на што «скінуцца» – не бракуе. Кожны год беларускія школы збіраюць грошы ва ўласны фонд. «Белсат» высветліў, ці мусіце плаціць.
Скрыншот з Вайберу

Скрыншот з Вайберу

З просьбай заплаціць у школьны ў фонд сутыкаюцца ўсе бацькі, і як правіла, большасць усё ж згаджаецца заплаціць. Не ўсе ведаюць, што гэтага можна не рабіць. Ці паддаюцца ціску настаўнікаў у стылі «грошы не здалі толькі вы».


Плаці падчас самаадукацыі

Некалькі дзён таму бацькі дзіцяці з адной з брэсцкіх школаў атрымалі паведамленне ў школьны чат: «Паважаныя бацькі. Вялікая просьба здаць грошы ў фонд школы, хто не здаў. Трэба даць справаздачу за грошы фонду школы».


«Мяне ў гэтай сітуацыі абурылі два моманты: з-за каронавірусу маё дзіця доўгі час не хадзіла ў школу, але грошы ўсё адно мушу здаць, а па-другое, мяне робяць даўжніком, хаця плацеж добраахвотны, – кажа ў размове з «Белсатам» бацька дзіцяці. – Мала таго, што такія спісы «даўжнікоў» з’яўляюцца ў бацькоўскім чаце, у школе настаўніца перад усім класам перыядычна зачытвае прозвішчы дзяцей, чые бацькі не здалі грошы ў фонд школы. Узнікае канфлікт з іншымі бацькамі, якія лічаць, што раз яны заплацілі, павінныя заплаціць усе», – кажа бацька дзіцяці.


Пакаранне за прымушэнне бацькоў

У гарадскім аддзеле адукацыі «Белсату» распавялі, што робяць усё магчымае, каб не дапускаць сітуацыяў, калі паборы ператвараюцца ў добрахвотна-прымусовыя.

«Сёння гэта вельмі кантралюецца з боку органаў кіравання адукацыяй. Да адміністрацыі ўстановаў адукацыі ў нас усталяваны жорсткі падыход. Ну а што? Час такі. Не дапускаем прымушэння бацькоў да здачы грашовых сродкаў. У нас ёсць адміністрацыйны рэсурс, каб уздзейнічаць на гэтыя працэсы. Маецца на ўвазе, што чалавеку, які займае пасаду кіраўніка ва ўстанове адукацыі, могуць зрабіць вымову, далучыць да дысцыплінарнай адказнасці за парушэнне заканадаўства ў гэтым кірунку. Гэта не адміністрацыйная адказнасць, гэта дысцыплінарная адказнасць згодна з працоўным кодэксам РБ. Калі не дапамагаюць размовы, тады давядзецца рабіць неяк па-іншаму – да звальнення асобы з пасады», – адказаў у афіцыйным звароце кіраўнік брэсцкага аддзелу адукацыі Анатоль Наскоў.

«Перагінам на месцах» называе гэткую сітуацыю і настаўнік адной з брэсцкіх школ, які на ўмовах ананімнасці пракаментаваў сітуацыю.

«Гэтыя добраахвотныя ўнёскі існавалі заўсёды, раней іх бацькі збіралі наяўнымі і хтосьці з бацькоў адпраўляў гэтыя грошы на рахунак навучальнай установы. Апошнія гады тры гэта ўсё робіцца праз АРІП, на працягу года павінны пакласці пэўную суму. У кожнай школе сума розная, юрыдычна гэта называецца аказанне матэрыяльнай дапамогі навучальнай установе, бацькі атрымліваюць адпаведныя паперы, што яны не супраць здаць грошы, якія потым ідуць на рахунак школы», – распавёў «Белсату» настаўнік.

Уся аргтэхніка, ноўтбукі, кампʼютары, за выключэннем класаў інфарматыкі, фіранкі, тэлевізары – гэта ўсё набытае за бацькоўскія грошы ў школе, дзе выкладае крыніца «Белсату».

«Калі бацькі ўпіраюцца і адмаўляюцца здаваць грошы ў фонд школы, іх звычайна не чапаюць, але спачатку пагавораць з дзіцем, потым з бацькамі. Калі ўбачаць, што ў чалавека прынцыповая пазіцыя, то пакідаюць гэтую тэму, бо грошы не вялікія. Такіх людзей мала», – адзначае суразмоўца.

Ёсць ціск – звяртайцеся ў пракуратуру

Пазіцыя юрыста ў сітуацыі з прымусам да аплаты школьных патрэбаў з сямейных бюджэтаў – адназначная.

«У дадзеным выпадку збор грошай добраахвотны, калі на вас ці вашых дзяцей аказваецца які-небудзь ціск пішыце заяву ў пракуратуру», – раіць юрыст Аляксандр Жук.

Паводле ХВ Belsat.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: