Ці пагражае ўзвядзенне кадэцкага корпуса ў Полацку культурнаму пласту?

У Полацку побач з Сафійскім саборам ідзе маштабная рэканструкцыя, тут размесцяць адноўленую кадэцкую вучэльню. Многія гісторыкі абурыліся з гэтай нагоды, называючы ўзвядзенне кадэцкага корпусу «акупацыяй» і перажываючы за культурны пласт. Іншыя кажуць, што на месцы рэканструкцыі прысутнічаюць археолагі. Пра гэта заявіла доктар гістарычных навук, загадчык Цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Вольга Ляўко падчас круглага стала ў рэдакцыі газеты «Звязда».

Знос будынкаў на тэрыторыі Верхняга замку ў Полацку

Знос будынкаў на тэрыторыі Верхняга замку ў Полацку

Спачатку на гістарычным месцы меліся паўстаць абʼекты турыстычнай інфраструктуры. Быў нават распрацаваны праект. Аднак рэгіянальныя ўлады так і не зацікавілі патэнцыйных інвэстараў, а ў раённым бюджэце вольных сродкаў не знайшлося, піша Свабода.

Тады мясцовыя ўлады вырашылі вярнуць гораду кадэцкі корпус, які працаваў тут ад 1835 года і да моманту кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе. Ён месціўся ў езуіцкім калегіюме. Дзейнасць вучэльні аднавілі ў 2010 годзе.

Будаўнічыя працы абыдуцца прыкладна ў 30 мільёнаў рублёў. Праектную дакументацыю распрацаваў інстытут «Віцебскграмадзянпраект», генеральны падраднік — прадпрыемства «Полацаксельбуд». Мяркуецца, што 300 кадэтаў заедуць у казармы ўжо 1 верасня 2021 года.

Археолаг Сяргей Тарасаў, які ў свой час праводзіў раскопкі ў Полацку, абураны праектам.

«Я катэгарычна супраць размяшчэння там кадэтаў, — казаў ён Радыё Свабода. — Мне гэта нагадвае акупацыю часоў Івана Жахлівага, калі збудавалі Ніжні замак з адной толькі мэтай — сяліць там стральцоў, „дабы людзей літоўскіх у Верхні горад да Сафійскага сабору не пускаці“. На мой погляд, будзе падобная сітуацыя, калі закладуць казармы. Ужо не кажу пра магчымыя парушэнні археалагічнага пласта — хоць нібыта і акрэсленыя жорсткія рамкі, каб ад існых падмуркаў нікуды не адступалі. Але з улікам даўняга досведу абсалютна ўпэўнены: як толькі пачнуць пракладаць камунікацыі, абавязкова залезуць у культурныя напластаванні».

Але, па словах Вольгі Ляўко, у 2018 годзе, калі распрацоўваўся праект рэканструкцыі гэтай тэрыторыі, для прадстаўнікоў праектнай установы была зроблена вялікая папка з матэрыяламі па тых даследаваннях, якія ўжо праводзіліся на тэрыторыі Верхняга замка. «На карце пазначаны ўсе раскопы, якія за 80 гадоў даследаванняў Полацка былі зроблены, — адзначыла Вольга Ляўко. — Інстытут даў свае рэкамендацыі, як зрабіць рэканструкцыю, каб мінімізаваць умяшанне ў культурны пласт, каб зберагчы яго для будучых пакаленняў, бо наскокам схапіць усё і бегчы за бульдозерам, выцягваючы з-пад яго нейкія знаходкі, было б няправільна».

Цэнтр археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі нават катэгарычна забараніў выкарчоўваць дрэвы, толькі спілоўваць. Усё гэта цяпер прадугледжана і ўжо здзяйсняецца, запэўніла доктар гістарычных навук. На адкрытых участках, на якіх можна правесці стацыянарныя раскопкі, пастаянна прысутнічаюць археолагі.

«Кожны кавалак зямлі на гэтай тэрыторыі знаходзіцца пад нашым кантролем. Больш за тое, арганізацыя, якая адказвае за работу ўсіх будаўнічых брыгад на гэтай пляцоўцы, кантралюе поўнае выкананне ўсіх нашых патрабаванняў. На парушэнні, якія могуць дапускацца, рэакцыя імгненная і жорсткая — аж да адхілення арганізацыі ад далейшага ўдзелу ў работах», — заявіла кіраўнік Цэнтра.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: