Ці патаннеюць кветкі для гета? Дапоўнена

8 снежня ў Мінскім абласным судзе пяцёра случчан абскарджваюць пастанову суда Слуцкага раёна аб адміністрацыйным пакаранні ў 40, 30, 25 базавых па арт. 23.34 КаАП за ўскладанне кветак ахвярам Слуцкага гета 21 кастрычніка.


Усе фігуранты адміністрацыйнай справы лічаць сябе невінаватымі, а прысуд зневажальным і ганебным. Зінаіда Цімошак, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», мяркуе, што такім чынам міліцыя і суд гвалтоўна спынілі дзейнасць мясцовага ТБМ.

— 21 кастрычніка каля 18.00 я і іншыя сябры нашай арганізацыі, а таксама яшчэ некалькі чалавек, прынялі ўдзел ва ўскладанні кветак да мемарыяла памяці Слуцкага гета ў сувязі з гадавінай расстрэлу мясцовых габрэяў. Там я распавяла гісторыю знішчэння габрэяў Слуцка падчас Другой сусветнай вайны. Уся імпрэза заняла каля 8 хвілін. Ва ўмовах эпідэміі каронавіруса беларускамоўныя культурна-асветніцкія сустрэчы на ​​адкрытым паветры — аптымальная форма працы для нашага грамадскага аб'яднання. Аб палітычнай сітуацыі ніхто з нас не выказваўся, то-бок, гэта мерапрыемства не мела палітычных мэтаў. Да нас падыходзіў начальнік міліцыі Аляксандр Голікаў, паслухаў некалькі хвілін і сышоў. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не рабіла.

Пра гэта Цімошак напісала ў скарзе на імя Мінскага абласнога суда. Заяўніца лічыць, што для суда вышэйшай інстанцыі існуюць сурьёзныя падставы для адмены пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, паколькі маюць месца аднабаковасць, непаўната і неаб'ектыўнае даследаванне яго абставін.
 
— Суд прыйшоў да высновы, што пры ўскладанні кветак да мемарыяла на месцы слуцкага гета я «публічна выказвала асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы», спаслаўшыся на тлумачэнні сведак — міліцыянтаў Цося А.С. і Голікава А.В. і адзначыўшы, што яны паслядоўныя і лагічныя, — працягвае расповед жанчына. — Пры гэтым абодва яны ў судзе заявілі, што не чулі, пра што я казала. Ніякімі іншымі доказамі палітычны характар ​​сустрэчы членаў Слуцкай раённай арганізацыі ГА «ТБМ» не падцвярджаецца.

Зінаіда Цімошак лічыць, што судом не была дадзена ацэнка наяўнасці відавочных супярэчнасцяў паміж рапартам начальніка ААПП Слуцкага РАУС падпалкоўніка міліцыі А.С.Цося ад 23.10.2020 года, у якім паведамляецца, што яна «публічна выказвала асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы па тэме супраць гвалту» і яго тлумачэннямі ў судовым пасяджэнні ў адказ на пытанне, ці чуў ён, якія Цімошак абмяркоўвала тэмы: «Пра што яна казала, я не чуў».

У заяве на імя Мінскага абласнога суда Цімошак звярнула ўвагу, што не была дадзена ацэнка наяўнасці супярэчнасцяў паміж пратаколам апытання сведкі Голікава А.В. ад 26.10.2020г., які змяшчае сцвярджэнне аб тым, што «публічна абмяркоўваліся грамадска-палітычныя інтарэсы па тэме «супраць гвалту» і яго ж заявай у судовым пасяджэнні, што адбывалася ў той жа дзень. Адказваючы на ​​пытанне «Вы ўслухваліся, што казала Цімошак?», ён адказаў: «Не, я канстатаваў факт, што ішлі актыўныя зносіны, яна ім нешта казала, ёй задавалі пытанні ці звярталіся да яе, дастаткова было зносін».

Вось такія доказы па ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве: непаслядоўныя і супярэчлівыя. У той жа час згодна з артыкулам 6.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях:

1. Сабраныя па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні доказы падлягаюць ўсебаковай, поўнай і аб'ектыўнай праверцы судом, органам, які вядзе адміністрацыйны працэс.
2. Праверка доказаў складаецца ва ўсталяванні іх крыніц, атрыманні іншых доказаў, якія пацвярджаюць або аспрэчваюць правяраемыя доказы, у іх аналізе, супастаўленні з іншымі доказамі, якія ёсьць у справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

 — Відавочна, што суддзя не выканаў патрабаванні арт. 6.13 ПВКаАП пры даследаванні тлумачэнняў сведак, што ставіць пад сумнеў законнасць пастановы ў адносінах да мяне, — робіць выснову старшыня Слуцкага ТБМ.

Па словах Зінаіды, культурна-асветніцкая сустрэча на беларускай мове каля мемарыяла слуцкага гета праводзілася ў рамках звычайнай культурна-асветніцкай дзейнасці гэтага грамадскага аб'яднання і ва ўзаемадзеянні са Слуцкай яўрэйскай абшчынай.

Старшыня ТБМ таксама звяртае ўвагу, што ў пастанове ад 26.10.2020г. адзначана, што 21.10.2020г. каля 18.05 яна прыняла ўдзел «у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», а менавіта, сходзе. Між тым, няма ніякіх доказаў таго, што 21 кастрычніка там праходзіў сход па сутнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Згодна з арт. 2 дадзенага закона, «сход — сумесная прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным месцы пад адкрытым небам або ў памяшканнi ва ўстаноўлены час, якiя сабралiся для калектыўнага абмеркавання і вырашэння пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы». Падчас сустрэчы, якая праводзілася раённай арганізацыяй ГА «ТБМ» для таго, каб ушанаваць памяць загінулых габрэяў слуцкага гета, ніякія пытанні на разгляд сходу не выносіліся і рашэнні па іх не прымаліся, што пацвярджаецца тлумачэннямі шматлікіх сведкаў, заслуханых судом.

Акрамя таго, Зінаіда піша ў скарзе, што «Слуцкая раённая арганізацыя ГА «ТБМ» ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе статута ГА «ТБМ» і ў адпаведнасці з заканадаўствам аб грамадскіх аб'яднаннях» і распавядае пра іншыя законы, якія рэгулююць дзейнасць грамадскіх арганізацый.

Так, артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб'яднаннях» прадугледжвае, што грамадскія аб'яднанні, саюзы ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі актамі заканадаўства і на падставе іх статутаў.

Канстытуцыяй, у прыватнасці, гарантавана наступнае:
дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў (арт. 14);
дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь (арт. 15).

Грамадскае аб'яднанне, зыходзячы з нормаў арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб'яднаннях» мае права, сярод іншага:

ажыццяўляць дзейнасць, накіраваную на дасягненне статутных мэтаў;
бесперашкодна атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю, якая мае дачыненне да іх дзейнасці;
падтрымліваць сувязі з іншымі грамадскімі аб'яднаннямі, саюзамi.

Згодна з п. 2.1 Статута ГА «ТБМ» прадметам яго дзейнасці з'яўляецца культурна-асветніцкая дзейнасць на беларускай мове.

«Прыняўшы ўдзел у культурна-асветніцкай сустрэчы на ​​беларускай мове з ускладаннем кветак да мемарыяла слуцкага гета, я ўдзельнічала ў законнай дзейнасці Слуцкай раённай арганізацыі ГА «ТБМ», старшынёй якой з'яўляюся, накіраванай на дасягненне статутнай мэты — "аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нацыянальнай святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця Рэспублікі Беларусь "(п. 2.2 Статута ГА «ТБМ»). Такім чынам, у маіх дзеяннях адсутнічае склад правапарушэння, прадугледжанага ч. 3 арт. 23.34 КаАП», — піша ў заяве Цімошак.

Зыходзячы з палажэнняў п. 2 ч. 1 арт. 9.6 і п. 1 ч. 1 арт. 12.14 (1) Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, Зінаіда Цімошак папрасіла адмяніць пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да яе і спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Падобныя заявы ў Мінскі суд напісалі і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Што вырашыць суд, ці стане больш танным букет случчанаў — даведаемся 8 снежня.


Дапоўнена: 8 снежня Мінскі абласны суд не задаволіў скаргі случчан і не адмяніў пастанову суда Слуцкага раёна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: