Ці патрэбна анкахворым псіхалагічная дапамога?

У свеце крызісная псіхалогія ўсё часцей стала спадарожнікам у лекаванні анкалагічных хвароб. У Беларусі падтрымкай хворых і іх сем’яў у стрэсавых сітуацыях займаецца «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця».

Леанід Пергаменшчык, Ірына Жыхар, Кацярына Аверкава


Доктар псіхалагічных навук Леанід Пергаменшчык пачаў займацца крызіснай псіхалогіяй пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС: «Людзі патрабуюць дапамогі пасля крызісных сітуацый і ў Беларусі… І мы сталі аказваць пацярпелым псіхалагічную дапамогу. Пасля мы зразумелі, што трэба вучыць іншых псіхіятараў, якія маглі б працаваць у галіне крызіснай псіхалогіі».

Леанід Пергаменшчык адзначыў адзін важны момант у крызіснай псіхалогіі: калі пачынаеш працаваць з тымі, хто знаходзіцца ў крызіснай сітуацыі, трэба прапанаваць яму аказваць дапамогу іншым.

«У імя жыцця»

Адным з галасоў вылекаваных пацыентаў, які стаў працаваць на глебе дапамогі іншым, стала Ірына Жыхар, дырэктарка сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця». Пасля многіх гадоў барацьбы, Ірына перамагла рак, але страціла сваю маці, якая памерла ад раку стрававода.

«У 2014 годзе мы пачалі думаць, пра тое, каб стварыць групу спецыялістаў, якія б аказвалі псіхалагічную дапамогу анкахворым пацыентам, — расказвае Ірына. — Бо кожны хворы перажывае стрэс… Гэта стрэс і на фоне хваробы, і на фоне таго, што ты баішся страціць працу.Але як можна вырашыць праблему, калі я адна?».

Калі Ірына стала казаць пра сваю ідэю усё часцей услых і публічна, да яе пасля адной з канферэнцый падыйшла Кацярына Аверкава, урач-псіхіятар-псіхатэрапеўт, кіраўнік псіхалагічнай службы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медычнай радыялогіі імя Аляксандрава. Кацярына прапанавала ідэю цэлага курса для ўрачэй, якія працуюць з анкалагіча хворымі.

Для чаго патрэбна крызісная псіхалогія ў анкалогіі?

Праграма, якую распрацавала Кацярына Аверкава — своеасаблівы курс павышэння кваліфікцыі для псіхіятараў і псіхатэрапеўтаў, якія дапамагаюць анкахворым пацыентам.

«Штодня праз паліклініку цэнтра праходзіць каля семіста чалавек. Канечне ж, далёка не кожны дойдзе да псіхатэрапеўта. А людзі првязжаюць з вёсак, дзе на раён маецца адзін доктар-псіхіятар. А без падрыхтоўкі псіхіятару цяжка працаваць з анкахворымі, бо гэта іншая спецыфіка. Таму мы хочам стварыць такую сетку спецыялістаў па краіне, якія б дапамагалі анкахворым. Калі сетка псіхатэрапетўтаў на раёне будзе наладжана, то пацыентаў з РНПЦ можна будзе пасылаць непасрэдна да спецыяліста, які працуе ў рэгіёне».

Але нават калі стварыць сетку, то гэта не гарантуе той факт, што пацыенты будуць часцей звяртацца па дапамогу да мясцовых псіхатэрапеўтаў. Кацярына Аверкава кажа пра тое, што ў Беларусі усё, што звязана з «псіха» выклікае насцярожанасць: «Адразу ўсе кажуць «я не псіх». А псіхіятар можа проста прапісаць снатворнае, каб пацыент стаў сябе лепш адчуваць. Гэта не азначае, што доктар паставіць яго на ўлік. Мы ж не зможам насільна прадставіць псіхіятара да кожнага хворага».

Псіхіятары для анкадактароў

Ірына Жыхар для таго, каб пераймаць досвед працы ў галіне крызіснай псіхалогіі, наведала розныя краіны. Па яе словах, у Даніі дзве трэція часу псіхолагі трацяць на працу з дактарамі, якія працуюць у сферы анкалогіі. У Даніі падрабязна разбіраюць тыя сітуацыі, у якіх пацыентам паведамляецца іх дыягназ.

Прызнана, што толькі 25% інфармацыі анкалагічна хворыя пацыенты могуць чуць з вуснаў дактароў. Астатняе ў стане шоку хворыя проста не чуюць. Прафесіялізм дактароў заключаецца не толькі ў тым, каб сказаць інфармацыю, але і зрабіць так, каб яна была пачутая.

У Беларусі ў медычных установах з нядаўняга часу стаў чытацца курс псіхатэрапіі для будучых анкадактароў. Кацярына Аверкава сказала, што наступны курс, які яна распрацуе, будзе курс для практыкуючых дактароў, якія працуюць з анкалагічна хворымі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: