Ці патрэбна беларусам беларуская навука?

2017 год у нашай краіне абвешчаны «годам навукі». Але ў якім стане сёння аказалася беларуская нацыянальная навука? Чаго ад яе можна чакаць?

2 лютага ў Мінску «Ліберальны клуб» правёў панэльную дыскусію па тэме «Год навукі: як зрабіць навуку рухавіком развіцця краіны?» Арганізатары нагадалі яе ўдзельнікам, што Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2017 год Годам навукі, ужо распрацаваны і адпаведны Рэспубліканскі план мерапрыемстваў. Рыхтуецца да зацвярджэння Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады.

Пры гэтым асаблівасць беларускага стылю дзяржкіравання ў тым, што ён цалкам абясцэньвае фундаментальную навуку. Ад Акадэміі навук дзяржава ўвесь час патрабуе практычнай аддачы — напрыклад, такой, як ад паспяховага IT-сектара або транспланталогіі. Аднак ці ёсць ў іншых галінах беларускай навукі ўдалыя навуковыя распрацоўкі, якія можна манетызаваць у інтэрасах дзяржавы і бізнеса? Што можа зрабіць дзяржава для падвышэння эфектыўнасці навукі?

На ўсіх інвестыцыйных форумах беларускія ўлады не перастаюць падкрэсліваць перавагу краіны з пункту гледжання чалавечага капіталу, важнасць інавацыйных навуковых распрацовак для пераадолення сыравіннай залежнасці эканомікі. Аднак ніхто пакуль не бярэцца адказаць на пытанне, ці зможа беларуская эканоміка стаць эканомікай ведаў, а не прыроднай рэнты? Якія існуюць кропкі росту для беларускай навукі?

Адкрыла панэльную дыскусію сваім выступам Алена Анісім — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, чалец Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Па яе меркаванні, без развіцця гуманітарных навук немагчыма паўнавартаснае развіццё грамадства. А акцэнт навукі на прыкладных даследаваннях матэрыяльнай сферы, які робіцца цяпер у нашай краіне, пакідае ўбаку філасофскае пытанне — навошта ўсё гэта?

Пры гэтым, лічыць Анісім, цяпер у Беларусі ў цэлым маюцца добрыя ўмовы для развіцця навукі — хоць бы таму, што краіна адкрытая, адсутнічаюць тыя бар'еры для зносін са светам, якія меліся ў Савецкім Саюзе. Аднак адначасова нават даследаваннямі ў сферы беларускай мовы займаецца занадта мала навукоўцаў — асабліва ў параўнанні з вывучэннем украінскай і тым больш рускай мовы.

Па меркаванні дэпутата, цяпер найважнейшае — не прапусціць спрыяльны момант для развіцця навукі. Для гэтага, у прыватнасці, дэпутаты парламента павінны мець уяўленне пра тое, што самі навукоўцы чакаюць ад заканадаўцаў. Але такі дыялог яшчэ толькі пачынае наладжвацца.

У сваю чаргу, загадчык кафедры ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Сяргей Кізіма аказаўся вельмі невысокага меркавання аб беларускай навуцы і навукоўцах. Ён шмат казаў пра неабходнасць валодаць ангельскай мовай, а таксама хваліў Кітай і кітайскіх навукоўцаў, называючы Кітай сусветным лідарам у навуцы. Панаракаў, што пасля распаду СССР вельмі шмат якія дасягненні былі згубленыя.

Захаваліся, па яго словах, напрацоўкі ў сферы атамнай прамысловасці, космасу і ваеннай прамысловасці. Жанглюючы абцякальнымі фармулёўкамі, Кізіма заявіў, што беларуская мова для навукі не патрэбна і наогул па НДВКП (навукова-даследчых і опытна-канструктарскіх працах) Беларусь вельмі моцна адстае ад развітых краін.


Па меркаванні адыёзнага праўладнага публіцыста, Беларусь не можа ісці ў нагу з іншымі краінамі — па банальным чынніку адсутнасці грошай. Пасля гэтай заявы Кізіма ізноў вярнуўся да Кітая, заявіўшы, што супернічаць з ім не мае сэнсу, што сёння для навукі патрабуецца дарагое абсталяванне, і закупіць яго можна толькі калі забраць грошы ад медыцыны і дзіцячых садоў. Акрамя таго, па меркаванні Кізімы, сёння маладых беларускіх навукоўцаў іншыя краіны лёгка перавабліваюць грашыма. Ён лічыць, што перашкодзіць гэтаму можна, развіваючы ў Беларусі патрыятызм.

Сяргей Кізіма, фота belta.by

Сяргей Кізіма, фота belta.by

Завяршыў сваю прамову прадстаўнік Акадэміі кіравання песімістычна — маўляў, сёння навуку рухаюць транснацыянальныя карпарацыі, якія адкрываюць свае даследчыя падраздзяленні толькі ў тых краінах, дзе маецца развіты рынак для іх прадукцыі.

Дыскусію падхапіла кандыдат біялагічных навук Аляксандра Скарабагатава — навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізікі і клеткавай інжынерыі. Па яе меркаванні, навука не можа быць нацыянальнай: «Аб нацыянальнасці навукі трэба забыцца». І беларуская навука актуальная толькі ў кантэксце сусветнай. Пры гэтым у беларускіх біёлагаў ужо ёсць навуковыя прадукты, якія можна прадаваць. Аднак вектар развіцця еўрапейскіх натуральных навук — гэта фундаментальныя даследаванні, не разлічаныя на атрыманне камерцыйнага выніку прама заўтра. Тым не менш, у далейшым падобныя фундаментальныя натуральныя даследаванні лёгка камерцыялізуюцца.

Таксама Аляксандра Скарабагатава казала пра тое, як гэта — быць маладым навукоўцам у Беларусі. Па яе меркаванні — вельмі цяжка. «Зарплата маладога навукоўца не дазваляе нават зваць яе зарплатай — яна не дацягвае да пражытковага мінімуму. Даводзіцца даплочваць, каб да гэтага мінімуму дацягнуць», — сказала Скарабагатава. Другая праблема — неадпаведнасць таго, што вывучаў адмысловец у ВНУ, і рэальных патрабаванняў навукі. На практыцы ўніверсітэцкія веды запатрабаваныя ў навуковым інстытуце толькі на 40%, максімум на 60%.

Пра тое, як Балонскі працэс паўплывае на беларускую навуку, казаў Сяргей Ветохін — кандыдат фізіка-матэматычных навук, загадчык кафедры ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. «Балонскі працэс ідзе ўжо 17 гадоў, але Беларусь у яго ўступіла толькі ў 2015 годзе, і толькі ўмоўна. Адпаведна, чакаць нейкіх вынікаў пакуль не прыходзіцца», — канстатаваў Ветохін.

Сяргей Ветохін, naviny.by

Сяргей Ветохін, naviny.by

Пры гэтым ён растлумачыў: сам Балонскі працэс датычыцца акадэмічнай навукі толькі ўскосна, у асноўным ён заточаны пад адукацыю. Мэта Балонскага працэсу — стварэнне адзінай адукацыйнай і навуковай прасторы ў Еўропе.

«У нас занадта вялікая карона на галаве — маўляў, мы самыя разумныя, самыя лепшыя. Гэтую карону трэба патроху зрушваць. Прызнаць, што мы ў лепшым выпадку такія, як усе»,
— сказаў Сяргей Ветохін.

Па ягоных словах, у Беларусі сёння колькасць студэнтаў на душу насельніцтва адна з самых высокіх у свеце. «Калі раней у ВНУ паступала 10-15% выпускнікоў школ, то сёння гэтулькі ж — не паступае. Аднак людзі, што прыйшлі навучацца, часцяком проста не ў стане засвоіць прапанаваную праграму», — рэзюмаваў Ветохін.

Асобнай тэмай абмеркавання стала навука ведамасных інстытутаў. Якая роля навуковых установаў у прыняцці дзяржаўных рашэнняў? Як лічыць кандыдат палітычных навук Аляксандр Філіпаў — дэкан Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — тут прынцыповае пытанне: ці можа працэс прыняцця рашэнняў стаць тэхнічным, алгарытмізавацца? Што важней — жаданні і патрэбы людзей, або навукова апісаная мэтазгоднасць? Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма.

Згадаў Філіпаў і заходнія «фабрыкі думак» — прыватныя даследчыя цэнтры, якія генеруюць розныя пункты гледжання, што непазбежна прыводзяць да розных вынікаў. Так дасягаецца баланс практыкаў і акадэмікаў у дачыненні да дзяржкіравання. У Беларусі падобная мадэль таксама існуе, але пакуль вельмі слаба развітая — улада проста ігнаруе прапанаваныя незалежнымі даследчыкамі падыходы і рашэнні.

Нарэшце, Андрэй Казакевіч — дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палiтычная сфера» (ён жа — арганізатар Кангрэса даследнікаў Беларусі) казаў пра інтэрнацыянальную кааперацыю беларускай навукі, супрацоўніцтва з навукоўцамі іншых краін.

«Нічога не трэба рабіць, каб беларуская навука інтэрнацыяналізавалася — гэта ад яе не залежыць, гэта натуральны працэс,
— упэўнены ён. — Пытанне ў тым, якое месца будзе займаць беларуская навука ў рэгіёне і ў свеце. Цяпер мы перыферыя, якая пастаўляе ў свет людзей і атрымлівае адтуль гатовыя ідэі». Па меркаванні Казакевіча, Беларусі мае сэнс развіваць толькі асобныя кірункі, дысцыпліны, што дазволіць ёй заняць нейкую сваю нішу.

Зразумела, што да нейкага агульнага меркавання ўдзельнікі панэльнай дыскусіі не прышлі. Атрымаўся проста дзвюхгадзінны абмен думкамі. Шкада толькі, што на ўзаемаадносіны дзяржавы і навуковай супольнасці ён наўрад ці паўплавае.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-02-03 16:33:48
"Алёна Анісім" - рэальна "Алёна"? Паўсюль яна падпісваецца як Алена, гэта крыху іншае імя.
"...ён наўрад ці паўплавае." - паплавае-паплавае :)
Вось і тут некалькі слоў пра стан навукі ў Беларусі: http://belisrael.info/?p=9337 Радавацца няма чаму.