Ці патрэбны Беларусі закон аб валанцёрстве?

Ці патрэбны Беларусі адмысловы закон аб валанцёрскай дзейснасці і ці можа ён быць небяспечны для валанцёрскага руху?
Фота са старонкі Human Constanta ў фейсбуку

Фота са старонкі Human Constanta ў фейсбуку

У Беларусі ўвядуць закон, які будзе рэгуляваць працу валанцёраў. Апошняе пасяджэнне па гэтаму пытанню адбылося 30 красавіка, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. На ім Савет па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прызнаў мэтазгодным прыняць менавіта закон, які будзе рэгуляваць адносіны па ажыццяўленню добраахвотніцкай (валанцёрскай) дзейнасці.

«Нягледзячы на масавасць валанцёрскіх арганізацый, у сваёй паўсядзённай дзейнасці яны сутыкаюцца з шэрагам праблем, звязаных з адсутнасцю адзінага комплекснага нарматыўнага прававога акта, які будзе рэгламентаваць правы і абавязкі валанцёраў, таксама іншыя пытанні ажыццяўлення іх дзейнасці», — пазначае праблему pravo.by.

Пакуль адпаведны законапраект не распрацаваны, але абмеркаванні аб неабходнасці дзяржаўнага ўрэгулявання валанцёрскай дзейнасці ў Беларусі ідуць не першы год. «Новы Час» запытаўся ў праваабаронцаў, ці насамрэч Беларусі патрэбны адмысловы закон аб валанцёрскай дзейнасці і чым можа быць небяспечным такі закон для валанцёрскага руху.

«Прыняцце спецыяльнага закона ўсіх праблем не вырашыць»

Вольга Смалянка, фота са старонкі Lawtrend у фейсбуку

Вольга Смалянка, фота са старонкі Lawtrend у фейсбуку

Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка лічыць, што дзяржаўнае рэгуляванне гэтага інстытута можа пэўным чынам абмежаваць валанцёрскую дзейнасць у Беларусі.

«Першапачаткова некалькі год таму гэтую тэму ўзнялі некамерцыйныя арганізацыі Беларусі. Адным з рухавікоў ідэі аб неабходнасці ўрэгулявання дадзенага інстытута выступіў Беларускі Чырвоны крыж. Апошнія пару год пытанне неабходнасці прыняцця адмысловага закона аб валанцёрскай дзейнасці абмяркоўвалася і на ўрадавым узроўні. Сёлета, напрыклад, на гэтуютэму праходзіла нарада ў Генеральнай пракуратуры.

І вось цяпер на прававым партале з'яўляецца інфармацыя, што ўсё ж закон прымаць трэба. Маўляў, гэта неабходна для таго, каб ліквідаваць праблемы, з якімі сутыкаюцца валанцёрскія арганізацыі. У той жа час многія арганізацыі, якія прыцягваюць валанцёраў, у тым ліку на пастаяннай аснове, выступаюць супраць прыняцця асобнага закона ў гэтай сферы. Таксама як і наша арганізацыя Lawtrend, як экспертная.

Вядома, урэгуляваць некаторыя пытанні неабходна — і ў першую чаргу для таго, каб вызначыць адказнасць і валанцёраў, і прымаючай арганізацыі, кампенсацыі выдаткаў, панесеных валанцёрамі, механізмы стымулявання для людзей, якія прымаць удзел у валанцёрскай дзейнасці (сацыяльныя льготы). Але для гэтага асобны спецыяльны закон у прынцыпе не патрэбны. Дастаткова ўнясення змяненняў у Падаткавы і Грамадзянскі кодэксы Беларусі. Больш за тое, без унясення змяненняў у той жа Падаткавы кодэкс спецыяльны закон усіх праблем не вырашыць.

Вопыт шэрагу краін паказвае, што адмысловы закон можа не ўрэгуляваць гэты інстытут, а наадварот, паслужыць пэўным абмежаваннем валанцёрскай дзейнасці. Калі ўжо прымаць яго, то неабходна вельмі старанна прааналізаваць вопыт іншых краін, дзе такія законы ёсць, і старанна прадумаць яго мэты.

Для абмеркаванняў законапраекта неабходна прыцягваць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія непасрэдна звязаныя з валанцёрамі і разумеюць усе праблемы знутры, а таксама экспертныя арганізацыі. Прычым рэальна абмяркоўваць, а не для галачкі. Ці будзе гэта адбывацца? Час пакажа, вядома. Але ў той жа інфармацыі пра паседжанне Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці, дзе разглядалася пытанне аб урэгуляванні валанцёрскай дзейнасці, інфармацыі аб прыцягненні прадстаўнікоў грамадскасці не змяшчаецца».

«Важна, каб такое заканадаўства не замінала ў будучыні»

Наста Лойка, фота з фейсбука, аўтар Ірына Арэхоўская

Наста Лойка, фота з фейсбука, аўтар Ірына Арэхоўская


Праваабаронца Наста Лойка, якая з’ўляецца заснавальніцай Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна», а цяпер развівае валанцёрскі рух у Human Constanta, кажа, што пакуль няма законапраекта  спяшацца з высновамі рана:

«Такое заканадаўства ёсць ва многіх краінах. Звычайна яно накіраванае сапраўды на актывізацыю валанцёрства і стварэння добрых умоваў для людзей, гатовых валанцёрыць. Напрыклад, іх валанцёрская занятасць улічваецца ў працоўны стаж, на іх працу могуць распаўсюджвацца некаторыя аспекты працоўнага заканадаўства, якія б гарантавалі пэўныя правы. У той жа час заканадаўства можа стварыць такія складаныя ўмовы, што большасць грамадскіх аб'яднанняў вымушаныя будуць адмовіцца ад такой сферы дзейнасці.
Human Constanta актыўна ўзаемадзейнічае з маладымі людзьмі і прыцягвае іх да дапамогі ў важных для арганізацыі задачах. У нас ёсць адпаведнае Палажэнне аб безаплатнай (валанцёрскай) дзейнасці. Але пакуль у нас не ўзнікала канфліктаў ці патрэбы ў прававым рэгуляванні. Таму важна, каб такое заканадаўства не замінала ў будучыні».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: