Ці патрэбны рэферэндум па адмене смяротнага пакарання?

У Беларусі можа быць праведзены паўторны рэферэндум па адмене смяротнага пакарання. Навошта?
Пазіцыя беларускіх праваабаронцаў заключаецца ў тым, што такія пытанні наогул нельга вырашаць на рэферэндуме.

Праваабаронца: Гэтае пытанне як болевая кропка

— Ні ў адной краіне рашэнне аб адмене смяротнага пакарання не прымалася на плебісцыце, — канстатуе каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда. — Тут павінна быць палітычная воля кіруючых элітаў, лідэраў меркаванняў, у тым ліку людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе.

Акрамя таго, адзначае праваабаронца, рэферэндум можа пахаваць усе намаганні праціўнікаў смяротнага пакарання па яе адмене.

Гэтае пытанне як болевая кропка. З аднаго боку, калі распавядаеш людзям пра пакуты сваякоў асуджаных да смяротнага пакарання ці судовых памылках, несправядлівых судовых рашэннях, меркаванне можа быць адно. Паказаў ахвяр людзей, асуджаных да смяротнага пакарання, — рашэнне можа быць іншым. Таму тут ёсць рызыкі, — лічыць суразмоўца.

І самая галоўная рызыка — калі на рэферэндуме будзе прынята рашэнне аб захаванні смяротнага пакарання, то гэта паставіць тлустую кропку ў любой наступнай дыскусіі па пытанні смяротнага пакарання на многія гады наперад.

— Як мінімум яшчэ на 20 гадоў, як пасля плебісцыту 1996 года, да вынікаў якога па-ранейшаму апелююць прадстаўнікі дзяржавы, — прагназуе Андрэй Палуда.

Палітолаг: Гэта варыянт гульні з Захадам

Калі і пройдзе нейкі рэферэндум, то гэта будзе элемент палітычнай гульні, бо пры жаданні гэтае пытанне можна было даўно вырашыць прэзідэнцкім указам ці проста ўвесці мараторый, які па рашэнні Канстытуцыйнага суда не супярэчыць беларускай Канстытуцыі, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Эксперт звяртае ўвагу, што ў Беларусі існуе раскол у адносінах да пакарання смерцю.

— Калі яе прыхільнікаў трохі і больш, чым праціўнікаў, то пры вялікім жаданні ўлада магла б з дапамогай дзяржаўных СМІ змяніць сітуацыю, — лічыць Валерый Карбалевіч.

На яго думку, калі ўлада вырашае нешта рабіць, яна не надта лічыцца з тым, што думае народ. Акрамя таго, гэтае пытанне з’яўляецца пэўным гандлем паміж Беларуссю і Еўропай.

— Лукашэнка, можа, і пайшоў бы на адмену смяротнага пакарання, але ён хоча за гэта нешта рэальна атрымаць. Прычым, не абавязкова грошы, магчымыя іншыя варыянты. Дарэчы, з гэтым рэферэндумам таксама можа быць нейкая гульня, — не выключае эксперт.

У апошні час аб канстытуцыйным рэферэндуме казалі і кіраўнік дзяржавы, і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Ці можа быць уключаны ў спіс пытанняў на такім плебісцыце і пытанне аб смяротным пакаранні? Суразмоўца не ўпэўнены, што рэферэндум наогул адбудзецца.

— Гэта размовы, каб адцягнуць увагу, каб праверыць настрой грамадства, — лічыць Валерый Карбалевіч. — Але калі і будзе, то галоўнае пытанне, якое цікавіць Лукашэнка, — гэта павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну. Каб яго «схаваць», акрамя таго, нейтралізаваць негатыўную рэакцыю Захаду, можна паставіць і пытанне пра смяротнае пакаранне. І калі на рэферэндуме народ, які заўсёды галасуе так, як хоча ўлада, прагаласуе адначасова за павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну і за адмену смяротнага пакарання, Еўропе будзе вельмі складана крытыкаваць беларускі плебісцыт. Такі варыянт гульні з Захадам, з Эўропай цалкам рэальны.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: