Ці патрэбны валанцёрам закон аб валанцёрстве?

15 мая завярышыўся збор меркаванняў грамадзскасці адносна зместу будучага закона аб валанцёрскай дзейнасці, які быў абвешчаны міністэрствам юстыцыі.
Публічнае абмеркаванне канцэпцыі закона аб валанцёрстве прыпала на час уздыму беларускага валанцёрскага руху – менавіта валанцёрскія ініцыятывы зўзялі на сабе значную частку цяжара супрацьдзеяння каронавіруснай інфекцыі, у тым ліку дзеля забеспячэння медыкаў неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны, прыстасовамі і матэрыяламі. Спантанныя і не звязаныя наўпрост з нейкімі структураванымі арганізацыямі валанцёрскія ініцыятывы сталі гнуткім і магутным рэсурсам, які дазволіў аператыўна вырашыць праблемы, што выявіліся ў дзяржаўнай сістэме аховы здароўя падчас каронавіруснага форс-мажору.

І ўсё гэта адбываецца ва ўмовах, калі ў заканадаўстве Беларусі паняцці валанцёра ці валанцёрскай дзейнасці застаюцца неўрэгуляваныя (самі гэтыя тэрміны толькі ўзгадваюцца зрэдчас). Але ці так гэта кепска? Можа наадварот, валанцёрства вольным чынам развіваецца менавіта праз тое, што яго не абмяжоваюць недарэчнымі бар’ерамі нейкія законы, пастановы і дзяржаўныя інструкцыі?

Распрацоўка праекту закона «Аб валанцёрскай дзейнасці» была прадугледжаная указам ад 26 снежня 2019 №482. Апроч Міністэрства юстыцыі, адказнымі за распрацоўку законапраект вызначаныя Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства спорту і турызму, а таксама рэспубліканская калегія адвакатаў і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Законапраект плануецца распрацаваць да лістапада, а ў сакавіку наступнага году ўрад унясе яго на разгляд парламенту.

Як бачна з паведамленняў на афіцыйным «Прававым форуме», большасць апублікаваных прапановаў не спасылаецца на канкрэтныя праблемы практычнай працы валанцёраў, вырашэнню якіх магло бы паспрыяць прыняцце адмысловага закона. Некаторыя каментатары прапануюць вызначыць паняцці валанцёра і валанцёрскай арганізацыі, замацаваць ільготы для валанцёраў (напрыклад, на праезд ці пры засяленні ў інтэрнаты, альбо падаткавыя ільготы датычна кампенсацыяў, якія валанцёры атрымліваюць для сваёй дзейнасці), стварэнне агульнанацыянальнай базы валанцёраў, парадак іх уліку і нават вядзенне «пашпарта валанцёра» (якія, зрэшты, некаторыя аб’яднанні выдаюць па ўласнай ініцыятыве, не чакаючы аніякага закона).

Але пры гэтым шмат хто з экспертаў занепакоены тым, што новы закон замест таго каб стварыць спрыяльны рэжым для валанцёраў, наадварот будзе занадта абмяжоўваць магчымасці для вольнай працы валанцёрскіх ініцыятыў праз стварэнне дадатковых прававых бар’ераў.

Валер Журакоўскі

Валер Журакоўскі

Эксперт Міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання «АКТ» Валер Журакоўскі адзначае што праца валанцёраў – гэта ўсяго толькі адзін з магчымых варыянтаў прыцягнення рэсрусаў для грамадскай дзейнасці. Трывогу адмыслоўца выклікае тое, што калі ўлада раней бралася «рэгуляваць» крыніцы паступлення грашовых рэсурсаў для грамадзяснкай супольнасці, накшталт спонсарскай дапамогі ці замежных ахвяраванняў – то гэта не прыводзіла да паляпшэнняў, а толькі стварала бюракратычныя бар’еры і перашкоды для грамадскай дзейнасці.

На дадзены момант эксперт бачыць два блокі праблем валанцёрства ў Беларусі:
1. Валанцёр працуе бясплатна, аднак часам валанцёрская праца патрабуе ад яго грашовых выдаткаў, напрыклад, на праезд, на пражыванне, харчаванне і г.д. Паколькі валанцёр не з'яўляецца штатным супрацоўнікам арганізацыі, то выплаціць яму камандзіровачныя яна не можа. Таму кампенсацыя затрат валанцёраў ўспрымаецца з пункту гледжання Падатковага кодэкса як прыбытак валанцёраў, з якога трэба плаціць падаходны падатак. Тое, што хацелі б валанцёрскія арганізацыі мець у заканадаўстве — магчымасць без дадатковага падаткаабкладання кампенсаваць затраты валанцёраў, звязаныя з ажыццяўленнем iмi валанцёрскай працы.

2. Другі момант: цяпер калі адбудзецца няшчасны выпадак падчас валанцёрскай працы, то гэта з пункту гледжання закона лічыцца бытавой траўмай, а не траўмай на працоўным месцы, паколькі валанцёр не з'яўляецца супрацоўнікам. Тое, што хацелі б валанцёры ад заканадаўства — прызнанне няшчаснага выпадку падчас валанцёрскай дзейнасці як вытворчай траўмы, з усімі абавязкамі для арганізацыі, якая выкарыстоўвае працу валанцёраў.

Для вырашэння гэтых двух праблем не трэба асобнага закона аб валанцёрстве – яны цалкам вырашальныя праз унясенне дапаўненняў у іншыя акты дзеючага заканадаўства.

Важна разумець, што валанцёрская дзейнасць — гэта прыватны выпадак дабрачыннай дзейнасці. У выпадку з валанцёрскай дзейнасцю людзі ахвяруюць на грамадска карысныя справы не грошы, а свой час і веды. Але тое, што валанцёры працуюць бясплатна не азначае, што яны абыходзяцца бясплатна для арганізацыі, якая прыцягвае валанцёраў. Напрыклад, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа палічыла, што кожны валанцёр, які аказвае сацыяльную дапамогу, абыходзіцца арганізацыі ў 250 рублёў у год. Грошы выдаткоўваюцца на навучанне валанцёраў, на іх экіпіроўку, на правядзенне матывацыйных мерапрыемстваў, на аплату каардынатара валанцёрскай праграмы і г.д. А яшчэ ж патрабуюцца рэсурсы на саму арганізацыю работ.

Каб стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця валанцёрскай дзейнасці ў Беларусі, трэба стварыць спрыяльныя прававыя ўмовы для ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці ў цэлым: чым больш у арганізацый будзе рэсурсаў на ажыццяўленне грамадска карыснай дзейнасці, тым больш валанцёраў яны змогуць уключыць у гэтую дзейнасць.

На жаль, беларускае заканадаўства развіваецца па шляху стварэння бар'ераў для прыцягнення рэсурсаў на грамадска карысную дзейнасць: гэта і ўказ №300 «Аб бязвыплатнай спонсарскай дапамозе», і дэкрэт №5 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе». Гэта і заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным заказе, якое ў прынцыпе не прадугледжвае, што нейкія працы могуць ажыццяўляцца за кошт валанцёрскай дзейнасці. А закон «Аб грамадскіх аб'яднаннях» наогул забараняе грамадскім арганізацыям займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам.

Вольга Смалянка

Вольга Смалянка

Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка таксама адзначае сувязь праблемы прававога рэгулявання валанцёрства з заканадаўствам пра дабрачыннасць, якога ў Беларусі дагэтуль няма. Экспертка звяртае ўвагу, што законы павінныя працаваць на заахвочванне валанцёрства і дабрачыннасці, а не на стварэнне сістэмы абмежавання і чынавенскага кантролю:

«Вопыт шэрагу краін па прыняцці асобнага закона аб валанцёрстве паказвае, што закон можа быць вельмі неэфектыўным і замест развіцця сферы валанцёрства можа зрабіцца перашкодай для развіцця. Акрамя таго, закон можа проста не працаваць.

Беларусь з'яўляецца далёка не першай краінай, у якой ідзе гаворка пра неабходнасць нарматыўнага ўрэгулявання валанцёрства. У сувязі з гэтым важным з'яўляецца вывучэнне заканадаўства і практыкі ў краінах, дзе ёсць такое заканадаўства, яго пераваг і недахопаў (напрыклад, вопыт Расіі, Малдовы, Украіны і г.д.).

Досьвед некамерцыйных арганізацый у Беларусі паказвае, што цяпер у краіне няма прававых нормаў, якія б істотна перашкаджалі менавіта валанцёрскай дзейнасці. Аднак, ёсць шэраг нявырашаных прававых праблем, якія цалкам можна вырашыць у межах дзеючага заканадаўства: шляхам унясення змяненняў у Грамадзянскі і Падатковыя кодэксы. У любым выпадку для распрацоўкі эфектыўнага заканадаўства неабходная ацэнка патрэбаў і пастаянныя кансультацыі з арганізацыямі самага рознага характару дзейнасці, якія прыцягваюць да сваёй працы валанцёраў. 

Цяпер у Беларусі ў сувязі з пандэміяй таксама з'явілася вялікая колькасць самаарганізаваных валанцёрскіх ініцыятыў, дзейнасць якіх накіравана на дапамогу установам аховы здароўя і уразлівым групам. У сувязі з тым, што падобная з'ява новая для нашай краіны, гэтыя ініцыятывы на практыцы могуць сутыкацца з невядомымі да цяперашняга часу праблемамі. Падтрымліваю думку пра тое, што для эфектыўнага рэгулявання валанцёрства неабходна эфектыўнае рэгуляванне ўсяго інстытута дабрачыннасці (прыцягнення рэсурсаў бязвыплатна). Таму да ўрэгулявання гэтага інстытута неабходны поўны перагляд нормаў заканадаўства датычна дабрачыннасці, у тым ліку аб бязвыплатнай (спонсарскай) і замежнай бязвыплатнай дапамозе ў кансультацыях з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці».

Юрый Чавусаў

Юрый Чавусаў

Юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Юрый Чавусаў перакананы, што для сапраўднага паляпшэння ўмоваў для валанцёрства ў Беларусі трэба не адмысловы закон прымаць, а здымаць тыя абмежаванні і несупадзенні, што ўжо маюцца ў дзеючым заканнадаўстве і перашкаджаюць звычайнай дзейнасці няўрадавых ініцыятыў, не толькі валанцёрскіх. Эксперт занепакоены тым, што чыноўнікі бачаць галоўнай «праблемай» валанцёраў у Беларусі тое, што пра іх няма спецыяльнага закона, які б іх «рэгуляваў» (а значыць – абмяжоўваў бы):

«Падобна што ўладам карціць асядлаць грамадзкі валанцёрскі рух, пазбавіць яго спантаннасці, «урэгуляваць» і паставіць пад кантроль – іх турбуе менавіта безкантрольнасць спантанных ініцыятыў, асабліва калі яны ажыццяўляюцца без нейкай зарэгістраванай арганізацыі, якую ў выпадку патрэбы можна было б праверыць, прыцягнуць да адказнасці ці папросту закрыць.

Ані ў пазіцыі Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры прэзідэнце, ані ў выніках пазнейшай нарады ў генпракуратуры па гэтай тэматыцы не ўзгадваецца канкрэтных прававых праблем, якія б перашкаджалі валанцёрам апроч расплывістага «адсутнасці прававога рэгуляваньня».

Як вынікае з азначаных публікацыяў дзяржаўных органаў, цяперашнія прававыя праблемы валанцёрства насамрэч не палягаюць у практычнай плашчыні – яны ўсяго толькі маюць тэарэтычнае вымярэнне, звязанае з непрыстасаванасцю працоўнага, грамадзянскага, падаткавага заканадаўства да сітуацыяў, калі чалавечая праца на дабраахвотных пачатках робіцца бязвыплатна і скіраваная для мэтаў грамадскай карысці. Як вынікае з агляду еўрапейскай практыкі прававога рэгулявання валанцёрства, які падрыхтаванаў Еўрапейскі цэнтр некамерцыйнага права, цяпер у Еўропе практыкуюцца розныя мадэлі рэгулявання валанцёрства — як праз прыняццё адмысловага закону, так і іншым шляхам (у тым ліку праз самарэгуляванне рашэннямі саміх некамерцыйных арганізацый). 

Праблем ад прыняцця адмысловага закона аб валанцёрстве будзе болей, чым у цяперашняй сытуацыі, калі грамадзяне свабодна выконваюць ролю дабраахвотнікаў па ўласным жаданні. Менавіта таму шмат хто ўспрымае прыняццё закона аб валанцёрстве як пагрозу для валанцёрства: закон можа абмежаваць кола суб’ектаў, якія могуць прыцягваць валанцёраў (напрыклад, абавязаўшы арганізацыі станавіцца на асобны ўлік альбо рэгістравацца ў якасці валанцёрскіх), можа вызначыць закрыты пералік мэтаў для валанцёрскай працы, альбо іншым чынам абмежаваць права людзей працаваць без аплаты для грамадскай карысці).

Імператывам пры распрацоўцы рэгулявання ў гэтай сферы павінныя быць катэгарчынае непрыйманне стварэння любых бар’ераў і прававых перашкодаў для вольнай рэалізацыі людзьмі сваяго права падтрымлвіаць сваёй бязвыплатнай дабраахвотнай працай любую законную дзейнасць без якой-кольвек дыскрымінацыі і пабочнага дыктату, а таксама недапушчальнасць бар’ераў для прыцягнення любымі суб’ектамі дабраахвотнікаў на аснове дамоўленасці пра бязвыплатную працу.

Калі ініцыятары распрацоўкі канцэпцыі і распрацоўшчыкі гэтага будучага законапраекта не будуць кіравацца гэтымі прынцыпамі, а пойдуць па шляху «ўрэгуляваць валанцёрства, якое цяпер так занадта шпарка і жвава развіваецца менавіта з прычыны адсутнасці прававых бар’ераў» – то гэты закон не толькі не прыянсе карысці беларускаму грамадству. У лепшым выпадку ён папросту не будзе працаваць і застанецца мёртвым нарматыўным актам. Таму што ніхто не мае права абмежаваць людзям магчымасць працаваць для грамадска-карыснай мэты, не бяручы з атрымальніка вынікаў гэтай працы аплаты».

Меркаванні экспертаў узятыя з дыскусіі «Збор прапаноў па ўдасканаленні рэгулявання валанцёрскай дзейнасці» на Прававым форуме Беларусі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: