Ці «пазелянее» Гродна пасля візіту Лукашэнкі?

Апошні прыезд кіраўніка дзяржавы ў Гродна не запомніўся ніякімі рэзкімі выказваннямі ды кадравымі прызначэннямі. Затое Лукашэнка нечакана папракнуў гарадскія ўлады ў адсутнасці ў горадзе зеляніны… Сапраўды, а куды яна падзелася?

Яшчэ гадоў 20 таму Гродна лічыўся самым зялёным горадам Беларусі. Парк Жылібера ды Каложскі, даліна Гараднічанкі, некалькі лесапаркаў у крокавай даступнасці ад цэнтру, безліч прысадаў ды сквераў… Прыгажосць! Варта адно глянуць фота ды паштоўкі з 1980–1990-х гадоў.

Сітуацыя пачала змяняцца ў часы «губернатарства» Уладзіміра Саўчанкі: пад маркай рэканструкцыяў ды будоўляў зносілі і старыя дамы, і старыя дрэвы. Апошнімі статуснымі ахвярамі зелянгасу апынуліся каштан Элізы Ажэшкі ды найстарэйшы ў горадзе ясень, які памятаў часы Рэчы Паспалітай… Іх не пілавалі па-жывому: знакавыя дрэвы наўпрост не лекавалі, а ў выпадку з каштанам падрубілі карані, а пасля ўжо ўзяліся за бензапілы. Навошта?

Самае цікавае, што пасля крытыкі з боку Лукашэнкі ўжо загучалі галасы чыноўнікаў: маўляў, мы, канешне, азяленім, але трэба закупляць абсталяванне. Нагадаем, што ў 2013 годзе, да прыкладу, быў закуплены «Вялікі Джон» — канадская махіна, якая можа перасаджваць дарослыя дрэвы. Пра закупку пратрубілі ўсе СМІ, і гэта нядзіўна: «Джон» — зусім не танная цацка. Дзе машына зараз і чым яна займаецца? Адзін Бог ведае. Але чыноўнікі хочуць купляць новую тэхніку…

А што з пітомнікамі дрэваў? Зелянгас сёння з’яўляецца манапалістам у плане продажу дзікіх саджанцаў. А вось і адказ на пытанне, навошта пілаваць старыя дрэвы, саджаючы на іх месца дубчыкі, з якіх прыжываецца добра калі палова. На старых дрэвах нічога не заробіш, абароту не будзе. А пілуючы старыя і саджаючы новыя, якія паміраюць, а пасля на іх месца саджаючы наступныя, можна забяспечыць добры абарот.

Стары пітомнік каля КСМ на Дамброўскага сёння наўпрост закінуты: клёны перараслі крытычны ўзрост і не прыдатныя для перасадкі — ну, бывае. У Румлёва рыхтуецца рэканструкцыя «азотаўскага» закінутага моста. Побач з ім — дубовы гай (дрэўцы па 15–20 гадоў), які тую рэканструкцыю наўрад ці перажыве. А вось і праца для «Вялікага Джона»: бярыце, перасаджвайце ў горад — і выдаткаў мінімум. Ці скарыстаюцца гэтым чыноўнікі? Зарабіць жа асабліва не атрымаецца…

У раёне Вішнявец за апошнія гадоў шэсць працэс высадкі дрэўцаў паўтараўся разы тры. Пасадзіць дрэвы які-небудзь БРСМ з барабанамі і гучнымі лозунгамі, пасля касцы падсякаюць кару, дрэвы сохнуць, іх прыбіраюць, і ўсё паўтараецца наноў… І так да бясконцасці. Цыкл складае ў лепшым выпадку 2–3 гады.

Зеляніна — гэта не толькі дрэвы, але і трава. Штогод, пачынаючы ад мая, у нас «батальёны ў бой ідуць», голяць усю траву ў горадзе пад нуль. Трава праз гэта непазбежна дэградуе, а зялёныя лапікі зямлі патроху з газону пераўтвараюцца ў дываны, парослыя мохам, — толькі мох у такіх умовах і можа выжыць.  

Цікава, дарэчы, колькі паліва ідзе на грандыёзныя пакосы? Колькі грошай на заробкі касцам? Ну і на новыя косы і дэталі да іх, канешне… Гадоў з дзесяць таму справа папахвала крыміналам праз завышаныя нормы паліва, нямэтавае выкарыстанне і г.д. Зараз, здаецца, усё сціхла, але ці знікла сама праблема?

Зразумела, што ўсе гэтыя рухі — выкасы, пасадкі і прыборкі дрэваў — абумоўленыя ведамаснымі інтарэсамі. Гэта грошы на паліва, тэхніку, заробкі, транспарт і г.д. Але навошта тады казаць, маўляў, мы спрабуем эканоміць бюджэтныя сродкі? І навошта чакаць нейкага выніку, калі кожнае ссохлае дрэва забяспечвае зелянгас працай, а кожнае жывое — робіцца праблемай?

Вельмі хацелася б памыліцца, але і пасля візіту кіраўніка дзяржавы з яго пажаданнямі ўсё застанецца на сваіх месцах. Закупяць тэхніку і саджанцы, пройдуць урачыстыя пасадкі, пра якія напіша «Гродзенская праўда», праз годзік усё ссохне, будзе прыбрана і спалена, каб паўтарыцца яшчэ шмат-шмат-шмат разоў


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Кондрусь
  • 2018-11-10 00:19:48
Дык гэта не толькі для Гродна характэрная праблема... на вялікі жаль ((
А дзе шматлікія "зялёныя" арганізацыі? Чым яны займаюцца?..

Каментаваць