Ці ператворыцца «ДЗЯНБР» у народнае свята?

Чальцы тытульнай апазіцыі могуць калі не спачываць на лаўрах, дык ганарыцца. Тое, за што яны змагаліся чвэрць стагоддзя, па вялікім рахунку, адбылося. Гэта бачна, параўноўваючы два святы — Дзень Волі і «ДЗЯНБР» — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.


Першае свята мы адзначылі тыдзень таму, другое — 2 красавіка. Нягледзячы на тое, што Дзень Волі аказаўся пад дзяржаўнай забаронай, яго адзначылі сотні і тысячы людзей. Адзначалі камерна, у сваім коле, адзначалі «па-партызанску», — Мінск стракацеў налепкамі, сцягамі і стужачкамі. Адзначылі аматарскімі салютамі. Людзі віншавалі адно аднаго з гэтым днём, і стужка Фэйсбука была поўная гэтых віншаванняў.

Людзі адзначалі Дзень Волі па закліку сэрцы і душы. І менавіта гэта можна лічыць той самай перамогай старой, «тытульнай» апазіцыі. Бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» сталі не толькі сімваламі супраціву, але і народнай сімволікай. Такім жа народным святам стаў і Дзень Волі. Ці не за гэта яны змагаліся ўсе гэтыя гады?

Раней шмат хто кпіў з таго, што на «Дзень Волі» шэсцем выходзілі тры-пяць тысяч чалавек. Аднак дзякуючы гэтым мужным і адданым людзям захавалася традыцыя, захавалася свята, і вось сёння гэта ўжо — свята народу.

Цяпер — хто адзначае «ДЗЯНБР»? Скажыце шчыра, каго-небудзь павіншавалі з гэтым днём родныя, блізкія, сябры, знаёмыя? У Дзень Волі Вайбер і Тэлеграм былі поўныя віншаванняў. А ў «ДЗЯНБР»? Хто-небудзь сабраўся (ці збіраецца) за ўрачысты стол?

Канешне, дзяжурнымі віншаваннямі абмяняліся кіраўнікі Расіі і Беларусі. Але, па-першае, і тут не абыходзіцца без «падколак». Напрыклад, Лукашэнка ў віншаванні Пуціну адзначыў, што ўзаемадзеянне павінна быць «на прынцыпах суверэннай роўнасці» (як вы ўяўляеце сабе «суверэнны» саюз дзяржаў?). Пуцін, у сваю чаргу «выказаў упэўненасць», што Расія і Беларусь «працягнуць прадуктыўную сумесную працу па развіцці ўсяго комплексу канструктыўных саюзніцкіх адносін».

Відавочна, што ад «Саюза» кіраўнікі чакаюць рознага.

А па-другое, як высветлілася для многіх зусім нядаўна, кіраўнікі краін — гэта не народы краін. А свята ж планавалася, як «дзень яднання народаў».

Можа быць, недзе пройдуць якія-небудзь урачыстасці кшталту святочных канцэртаў «народных калектываў». Але ці «народнае» гэта? Альбо на гэтыя святы людзей завозяць, як на Усебеларускі «народны» сход, — па разнарадцы? Улада можа арганізаваць нейкія фуршэты і прыёмы — але ці заменяць яны свята ў сямейным ці сяброўскім коле?

Канешне, цяпер дваровыя «чаяванні» ці не забароненыя і цягнуць ці не на крымінальны пераслед. Але, калі на Дзень Волі такія чаяванні былі, хоць і ва ўмовах канспірацыі — ці нехта зладзіць такую сустрэчу з нагоды «ДЗЯНБР»?

У гэтым адрозненне святаў — народнага і афіцыйна-бюракратычнага. І як бы гучна ні прыкрываліся словам «народ», «ДЗЯНБР» ад гэтага народным святам не стаў.

Але ці ёсць шанец, што гэты дзень усё ж стане менавіта «народным» святам? Цяпер многім падаецца, што не. Але насамрэч — такое можа стацца. Толькі гэтае свята будзе вельмі сумным для цяперашніх кіраўнікоў абодвух краін, і з упэўненасцю амаль на 100% можна казаць, што яны гэтаму прыдуманаму святу радавацца не будуць. Бо «яднанне народаў» адбываецца зусім не так, як яны гэта бачылі (калі бачылі ўвогуле).

Калі ўзгадваць «ДЗЯНБР» з пункту гледжання народа, што цяпер у першую чаргу прыходзіць у галаву? Успамінаюцца, найперш, пераджнівеньскія шматтысячныя мітынгі Святланы Ціханоўскай на плошчы Бангалор, дзе ўзніклі расцяжкі і плакаты «Хабараўск, мы з табою!». У мяцежным расійскім Хабараўску, дзе людзі доўгі час змагаюцца за свайго губернатара Сяргея Фургала і за права самім абіраць мясцовае кіраўніцтва, адказалі: «Беларусь! Хабараўск побач!» І ўздымалі на сваіх мітынгах бел-чырвона-белыя сцягі.

Такая «пераклічка» доўжылася даволі працяглы час. Нават перад узброенымі сілавікамі беларусы згадвалі Хабараўск, а хабараўчане згадвалі Беларусь нават у зімнія маразы.

Акцыі салідарнасці з беларускім народам у Санкт-Пецярбургу і Маскве тут, у Беларусі, гэта вельмі цэняць і вельмі гэтым усцешаныя. Гэта, канешне, падтрымка найперш маральная, але яна вельмі важная для нас — і велічэзны дзякуй Маскве, Піцеру, Хабараўску і ўсім неабыякавым рускім.

Вось гэта і ёсць сапраўднае «яднанне народаў Беларусі і Расіі». А не тое, што навыдумлялі сабе кіраўнікі, падмахнуўшы некалькі папер.

З паперамі мы разбяромся — потым. Але так — менавіта ад народаў залежыць, ці стане Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі сапраўдным святам. Можа быць, так і будзе, калі ўлады Беларусі і Расіі не будуць гэтаму перашкаджаць. А можа быць, потым мы перайменуем гэтае свята ў «Дзень салідарнасці народаў Беларусі і Расіі». Хто ведае, што будзе?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: