Ці прызнаюць Фядуту, Кастусёва і Зянковіча палітвязнямі? Тлумачыць праваабаронца

Ужо чатыры тыдні за кратамі знаходзяцца адвакат з ЗША Юрась Зянковіч, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Усе яны з’яўляюцца абвінавачанымі па крымінальным артыкуле 357 «Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», ім пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення.
Калаж «Радыё Свабода»

Калаж «Радыё Свабода»


«Наша Ніва» спытала ў прадстаўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча, ці атрымаюць Зянковіч, Фядута і Кастусёў статус палітычных вязняў.

«Вельмі цяжка рабіць нейкія высновы, бо ўсю інфармацыю, якую мы ведаем, мы маем з дзяржаўнага тэлебачання, іншай няма. Мы ведаем, што затрыманыя чатыры чалавекі (чацвёртая — Вольга Галубовіч, супрацоўніца мінскага офіса Юрася Зянковіча. — «НН»), яны знаходзяцца ў СІЗА, трое нібыта прызналі сваю віну і супрацоўнічаюць са следствам. Пра ўсё гэта кажа КДБ.

Ведаем таксама, што казаў Лукашэнка. Маўляў, генерал быў несапраўдным, яго сыграў нейкі афіцэр. Усё астатняе — гэта інфармацыйная накрутка, пачынаючы ад Байдэна і заканчваючы джыпамі, якія павінны былі прарвацца з Літвы.

Давайце разважаць са складу артыкула 357. У выпадку «змовы» злачынства лічыцца скончаным у момант таемнага пагаднення аб захопе ўлады паміж дзвюма ці больш асобамі. Зусім неабавязкова, каб гэта былі асобы, што маюць нейкія ўладныя паўнамоцтвы. Калі б гэта ўсё заканчвалася толькі размовамі ў "зуме", без кантактаў з іншымі асобамі, то можна было казаць: ці мала хто пра што размаўляе і спаборнічае ў дасціпнасці?

Але ўсё ж кантакты з "вайскоўцамі", напэўна, былі. Верагодна, што яны сапраўды маглі перадаваць камусьці нейкія грошы. Быў зроблены шэраг дзеянняў, а завяршальны этап — сустрэча ў Маскве, дзе былі дамоўленасці аб дзеяннях.

Можна весці гаворку аб "правакацыі злачынства", але гэта складаная тэма. Вядома, што следчыя выкарыстоўваюць такія метады ў сваёй працы, як, скажам, "кантрольная закупка" ў наркагандлі. І сусветная практыка гаворыць, што спецслужбы, паліцыя такія метады могуць выкарыстоўваць. Але яны не могуць граць актыўную ролю. Адна сітуацыя, калі гэтых кантактаў шукалі абвінавачаныя, і зусім іншая — калі нібыта "генералы".

Для нас, праваабаронцаў, важны момант, ці сапраўды яны планавалі такія дзеянні, як "ліквідацыя прэзідэнта". Мы ні ў якім разе не падтрымліваем палітычны гвалт, незалежна ад таго, хто супраць каго. Пытанне, ці прызнаюць абвінавачаныя сваю віну добраахвотна, ці пад ціскам пэўных абставін?

Трэба нагадаць, што гэта не першая справа аб "змове, накіраванай на захоп улады". Чамусьці нашы органы забыліся пра Каардынацыйную раду, але там значна прасцей, бо Рада дзейнічала публічна. Яны прапаноўвалі ўладам перамовы, а не неканстытуцыйны захоп.

Ясна, што гэта была распрацоўка, спецаперацыя. Усё гэта фіксавалася, усе перадачы. Я вельмі здзіўлены некаторымі персанажамі, якія туды ўпісаліся. Мабыць, прысутнічала нейкая наіўнасць.

Пакуль не стаіць пытанне аб прызнанні затрыманых палітвязнямі. Найперш гаворка пра мэты. Ці сапраўды яны гаварылі пра фізічную ліквідацыю кіраўніка краіны? Пакуль мы можам гаварыць, што факт змовы відавочна ёсць.

З таго, што паказалі па ТБ, не да канца зразумелая роля Рыгора Кастусёва. Магчыма, ён мог быць неабазнаны ў гэтых планах. Калі ён не ведаў пра дзеянні і планы, то віны тут няма».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: