Ці прызнаюць Піліпа Шаўрова палітвязнем?

Актывісту «Маладога фронту» Піліпу Шаўрову, якога затрымалі за расфарбаваныя рукі помніка Пушкіну, пагражае да 6 гадоў зняволення.

Фота: t.me/mf_mensk

“Высновы з нагоды таго, ці будзе актывіст прызнаны палітычным зняволеным, будуць зроблены пасля судовага працэса”, — распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, што 19 студзеня Піліпа Шаўрова затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Хлопца вінавацяць у тым, што ён размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка расейскаму паэту Пушкіну.

Акрамя гэтага хлопца вінавацяць і ў іншых графіці — маўляў, намаляваў бел-чырвона-белы сцяг на помніку загінулым пры выкананні абавязку міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі, а таксама нанёс графіці «Свабоду Севярынцу».

Зараз Піліпу Шаўрову пагражае да 6 гадоў зняволення.

Многія адзначаюць, што гэта палітычна матываваная справа, але ці прызнае праваабарончая супольнасць хлопца палітвязнем?

“Мы за гэтай справай працягваем сачыць і, безумоўна, трэба будзе адсочваць судовы працэс, — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Пакуль што яшчэ незразумелае абвінавачванне ў поўным аб’ёме.

Акрамя таго, хацелася б паслухаць на судзе матывацыю самога Піліпа Шаўрова, як ён сам будзе тлумачыць свае ўчынкі. Па выніках суда і будуць зроблены высновы з нагоды таго, ці будзе актывіст прызнаны палітвязнем”.

palitviazni.info


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: