Дык ці атрымліваў Мінскі райвыканкам ліст ад «БелРэстІнвеста»?

Дзяніс Івашын атрымаў адказ ад Мінрайвыканкама, з якога вынікае, што ведамства не можа даць адказу, ці атрымлівала яно ліст ад уласнікаў «Паедзем, паядзім».
Дзяніс Івашын адправіў афіцыйны запыт у Мінскі раённы выканаўчы камітэт і атрымаў адказ, датаваны шостым жніўня.

З адказу вынікае, што за сканчэннем 5-гадовага тэрміну захоўвання дакументаў, райвыканкам адказаць на пытанне, ці паступаў да іх ліст з прапановай мемарыялізацыі Курапат ад «БелРэстІнвесту», не можа.

Нагадаем, учора ў рэдакцыю «Новага Часу» прыйшоў ліст ад генеральнага дырэктара кампаніі «БелРэстІнвест» Андрэя Ярмоленкава. У ім паведамляецца, што на нашым партале была размешчана непраўдзівая інфармацыя пра тое, што СТАА «БелРэстІнвест» у 2012 годзе не рабіла ніякіх спроб паўдзельнічаць ва ўладкаванні мемарыялу ў Курапатах. У дадатак да ліста прыводзіцца фота дакумента, нібыта афіцыйна зарэгістраванага ў прыёмнай Упраўлення эканомікі Мінскага райвыканкама 16.11.2012 г., які пацвярджае, што прапановы аб удзеле ў дабраўладкаванні ўсё ж высылаліся органам улады.
Фота ліста, дасланае Андрэем Ярмоленкавым

Аднак раней Міністэрства культуры і Генеральная пракуратура адказалі, што яны такіх лістоў не атрымлівалі.

Нагадаем, расследаванні Дзяніса Івашына сталі нагодай для судовага зыску бізнесмена Аркадзя Ізраілевіча, у іх вядзецца пра сувязь апошняга з забудоўшчыкамі Курапат.. Ён патрабуе ад «Новага Часу» абвяржэння дадзеных і 40 000 рублёў кампенсацыі. Паседжанне па зыску адбудзецца ў судзе Савецкага раёна Мінска 29 жніўня ў 10.30.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: