Ці стала міліцыя ў Беларусі ветлівай?

15 гадоў таму міліцыя зрабіла беларусам навагодні сюрпрыз. Прыемны: быў выдадзены загад «Аб ветлівых і ўважлівых адносінах супрацоўнікаў унутраных справаў і ваеннаслужачых унутраных войскаў да грамадзян». Што з ім сталася, як яшчэ паляпшалі імідж праваахоўнікаў у нашых вачах? І ці палепшылі?

Знакамітае фота Reuters з Плошчы-2010 стала мемам


Не быць хамам!

У загадзе №1 ад 1 студзеня 2005 года, падпісаным тагачасным міністрам унутраных справаў Уладзімірам Навумавым, вялося, што кожны супрацоўнік міліцыі павінен уцяміць, што «з’яўляецца прадстаўніком дзяржаўных органаў і па ягоных дзеяннях народ судзіць пра ўладу агулам». І, маўляў, гэта вымагае ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў мець такія якасці, апрача мужнасці і рашучасці ў барацьбе са злачыннасцю, як «крыштальная сумленнасць, высокая культура, дакладнае выкананне патрабаванняў закона».

Міліцэйскім начальнікам было загадана «ўзмацніць патрабаванні забеспячэння ветлівага і ўважлівага абыходжання з грамадзянамі». І па кожным факце «безадказных, перадузятых і нетактычных паводзінаў, грубасці і дробязных прыдзірак прымаць строгія захады дысцыплінарных уздзеянняў».

Прычым гэты загад мусіў штодзённа (!) даводзіцца да асабістага складу органаў і падраздзяленняў унутраных справаў і ўнутраных войскаў. Магчыма, і даводзіўся, але выглядае, што дакладна не ў дні розных акцыяў пратэсту, удзельнікаў якіх працягвалі брутальна разганяць ці арыштоўваць. Хапала самых розных скандалаў і па-за такой функцыяй беларускай міліцыі, як рэпрэсіі супраць апанентаў улады. Рэзананснай, напрыклад, стала выкладзеная ў інтэрнэт размова аднаго з міліцэйскіх начальнікаў і яго падначаленага, дзе першы камунікуе праз кожныя два словы з дапамогай мацюкоў і вымагае выканання плану пратаколаў па адным з адміністрацыйных правапарушэнняў. Падначалены пры гэтым адмаўляецца дзейнічаць па разнарадцы і спасылаецца акурат на загад Навумава: «Я чытаю загад №1. Я не магу наязджаць на грамадзян».


Думаецца, што многім прыстойным міліцыянтам апеляцыя да гэтага дакумента магла аблегчыць службу ў маральна-прафесійным плане. Увогуле ж у грамадстве да загаду аб ветлівасці міліцыі паставіліся скептычна: ясна, што па загадзе ад хамства не пазбавішся і далікатным не станеш.

«Этычны» загад

Гэты навумаўскі загад праіснаваў да 2013 года, калі 4 сакавіка, акурат у Дзень міліцыі, новы кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Ігар Шуневіч скасаваў яго і падпісаў новы — аб зацвярджэнні Правілаў прафесійнай этыкі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў Рэспублікі Беларусь.

У іх утрымліваюцца патрабаванні, якія тычацца не толькі абавязкаў у службовай дзейнасці, але і ў пазаслужбовай штодзённасці, ва ўзаемаадносінах з калегамі, грамадзянамі і службовымі асобамі іншых органаў і арганізацыяў.

Калі ў «ветлівым» загадзе акцэнт рабіўся на дбанне пра імідж уладаў, то ў «этычным» загадзе — на фармаванне ў грамадстве аўтарытэтнасці і справядлівасці органу ўнутраных справаў.

У прыватнасці, пад этычнымі прафесійнымі паводзінамі разумелася, што ў працы з грамадзянамі міліцыянт павінен праяўляць «цярпенне, ветлівасць, тактоўнасць, добразычлівасць і павагу, не дапускаць дзеянняў, якія прыніжаюць іх гонар і годнасць».

«Пры выкананні сваіх абавязкаў супрацоўнік не павінен праяўляць перадузятасці і нейкую дыскрымінацыю датычна да некага на глебе нацыянальнай, рэлігійнай, расавай, полавай, палітычнай прыналежнасці, сацыяльнага паходжання, мовы стасункаў...», — чытаем у дакуменце.

Ну што — прыгожа і слушна гаворыцца, так? Але сам міністр Шуневіч, які выдаў гэты загад аб Правілах прафесійнай этыкі і які сёлета быў адпраўлены ў адстаўку, не раз дэманстраваў неталерантнасць. Дастаткова згадаць, як у інтэрв’ю на канале АНТ ён зняважліва назваў прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў «дзіравымі». Яшчэ адзін свежы эпізод здарыўся ў сувязі са смерцю магілёўскага інспектара ДАІ. Перадусім у забойстве западазравалі ромаў, зладзіўшы іх масавыя затрыманні. На той час кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава затым нават сустрэлася з ромамі і выбачылася за беспадстаўнасць аператыўных дзеянняў у дачыненні да іх. А вось Шуневіч заявіў, што выбачацца яму няма за што.

Цэлы шэраг пунктаў у гэтым своеасаблівым Кодэксе этыкі праваахоўнікаў прысвечаны ўзаемадычыненням у калектыве, а таксама паміж начальствам і падначаленымі. Напрыклад, указана, што недапушчальна ліслівіць і падлашчвацца да начальства, перабольшваць сваю значнасць і прафесійныя заслугі, патрэбна захоўваць чысціню на працоўным месцы, а пры размяшчэнні грамат і дыпломаў трымацца сціпласці і пачуцця меры. Ну і залатыя словы ў абавязках для міліцэйскага начальства: «Ставіцца да супрацоўніка як да асобы, прызнаючы яго права мець уласныя прафесійныя меркаванні». Пад забаронай «перакладаць сваю адказнасць на падначаленых», «выкарыстоўваць службовае становішча ў асабістых інтарэсах»; «ужываць рукапрыкладства датычна падначаленых»; «ствараць умовы для данасіцельства ў калектыве»; «прымаць падарункі ад падначаленых, выкарыстоўваючы іх залежнае становішча». Тут трэба аддаць належнае прызнанню гэтых негатыўных з’яваў у праваахоўных органах (бо па логіцы, калі з імі абвяшчаецца змаганне — значыць, гэта існая праблема).

Цікавы кавалак Правілаў тычыцца паводзінаў міліцыі ў грамадскіх месцах. Так, супрацоўнікам міліцыі ў форме не рэкамендавана наведваць рынкі, крамы, рэстараны, казіно ды іншыя гандлёвыя аб’екты і забаўляльныя ўстановы, а таксама насіць торбы, пакеты, скрыні ды іншыя прадметы гаспадарча-побытавага прызначэння, калі гэта не звязана з выкананнем службовых абавязкаў. Не рэкамендавана адрошчваць бараду, доўгія бакенбарды і насіць ювелірныя ўпрыгожванні за выключэннем заручальнага пярсцёнка.

А ў грамадскім транспарце, апрача таксоўкі, супрацоўнікам у міліцэйскай форме не рэкамендавана займаць месцы для сядзення. Падчас нашэння цывільнай вопраткі пры выкананні службовых абавязкаў супрацоўнік міліцыі павінен трымацца дзелавога стылю.

І тут узнікаюць два пытанні. Па-першае, няясна, як рэагаваць грамадзянам, калі міліцыя парушае памянёныя рэкамендацыі: куды сігналізаваць ці можна публічна ставіць праваахоўнікам на від падобныя парушэнні? А па-другое, так званыя «ціхары», супрацоўнікі органаў у цывільным падчас вулічных акцыяў апазіцыі апранутыя зусім не па-дзелавому, а, скажам так, «па-спартоваму».

Такі розны давер

Праваабаронцы ўвогуле лічаць пераапрананне сілавікоў у цывільную вопратку для сакрэтнага нагляду за тымі самымі вулічнымі акцыямі злоўжываннем уладай. Міліцыянеры павінны элементарна вылучацца ў натоўпе, каб дэманстрант мог ідэнтыфікаваць іх. Калі гэта зрабіць складана, а службовыя пасведчанні звычайна не паказваюцца, то атрымліваецца, што сілу ўжываюць невядомыя, а значыць, чалавек быццам бы мае права на самаабарону. Але практыка правапрымянення зусім іншая. Тыповы прыклад — справа баксёра і прадпрымальніка Святаслава Барановіча, які ў 2018 годзе быў асуджаны да калоніі за абарону пасля аднаго з шэсцяў анархістаў ад АМАПаўцаў у цывільным адзенні. Спачатку гэта была справа за «Хуліганства», аднак пазней яе перакваліфікавалі на «Гвалт у дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў». Хаця, па словах вязня, ён не ведаў, што сутыкнуўся з праваахоўнікамі.

Новы міністр Юрый Караеў, які зрабіў шэраг заяваў датычна рэформы ў працы свайго ведамства (адысці ад працы на маляваныя паказнікі, прыслухоўвацца да крытыкі ў незалежных СМІ і сацсетках), гэтай праблемы пакуль не закранаў. Думаецца, палітыкі міліцэйскія рэформы тычацца і не будуць. Тым болей, што 2020 год — год прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Хаця трэба адзначыць, што апошнімі гадамі брутальныя разгоны вулічных акцыяў вельмі рэдкія, а ў прыярытэце карнай сістэмы — нават не кораткатэрміновыя зняволенні, а буйныя штрафы постфактум. Свежы прыклад — акцыі за незалежнасць і супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй.

Што да цяперашняга рэйтынгу даверу міліцыі з боку грамадзян, то паводле даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні на чале з вядомым сацыёлагам Андрэем Вардамацкім, ён складае 48%. Улады раней казалі пра 71%.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: