Ці стане бяспечным жыццё вяскоўцаў пасля расстрэлу фігуранта слуцкай банды?

У сераду, 26 лютага, у судзе Слуцкага раёна адбыліся судовыя спрэчкі бакоў па справе аб забойстве двух пенсіянераў і замаху на жыццё жыхаркі вёскі Сухоўчыцы Капыльскага раёна.

Пракурор запрасіў для галоўнага фігуранта справы Віктара Скрундзіка смяротнае пакаранне праз расстрэл, 18 гадоў турэмнага зняволення ў калоніі строгага рэжыму Валянціну Бушніну і 22 гады зняволення для Віталя Мяцяжа.

Адвакаты ўсіх траіх абвінавачаных выказаліся за менш суровыя прысуды. Абаронца Скрундзіка мяркуе, што таго варта было б зняволіць на самы доўгі тэрмін, каб была магчымасць падумаць над усім здзейсненым. Усе трое прызналі сваю віну толькі часткова.

Для прысутных у залі суда, якія ўважліва выслухалі ўсіх сведкаў, не было сумневаў, што Скрундзік — галоўны забойца і арганізатар усіх забойстваў пенсіянераў. Сумненні існуюць адносна ўдзелу ў забойстве Валянціна Бушніна, паколькі прамыя доказы, апрача сведчання самога Скрундзіка, у справе адсутнічаюць.
Тым не менш, эмацыйнае ўзрушанне ў родзічаў настолькі высокае, што яшчэ раней у паказаннях у якасці пацярпелых яны хадайнічалі аб смяротным пакаранні для ўсіх траіх фігурантаў справы.

І Міхаіл Шугалей, сын спаленага пенсіянера Міхаіла Шугалея з вёскі Сухоўчыцы, і ўнук пенсіянера Гаркавага Дзмітрый не хавалі сваёй задаволенасці выступам галоўнага абвінаваўцы і яго запыта аб расстрэле Скрундзіка. Таксама яны палічылі, што двум другім фігурантам запрошана занадта мяккае пакаранне.

— Адсядзяць крыху, а там падпадуць пад якую-небудзь амністыю і выйдуць зноў пужаць і рабаваць сялян, — дзеліцца сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам НЧ нявестка забітага Міхаіла Шугалея. — Трэба іх усіх расстрэльваць, бо нічога з іх добрага ўжо не будзе, адна толькі пагібель людзям.

Жанчына, нягледзячы на тое, што адвакат Валянціна Бушніна ўказала на супярэчлівасці і адсутнасць рэальных доказаў яго ўдзелу ў забойстве свёкра, лічыць яго вінаватым.

— Тут шмат пра што не гаварылася ў судзе, — кажа жонка пацярпелага. — Гэты Валянцін не адзін раз вазіў Скрундзіка на кані па вёсках, колькі яны ўжо раней навымагалі грошай з людзей — невядома, бо тыя баяліся сведчыць. Не пабаяліся толькі тыя, чыя родзічы загінулі. Але ўжо запозна. А колькі іх такіх яшчэ ходзіць на волі ў Капыльскім, у Слуцкім ды і ў іншых раёнах? Хоць на некалькі страшыдлаў менш стане.

На пытанне, ці магла б яна сама выканаць расстрэльны прысуд, жанчына задумалася.

— Ой, ну так адразу не магу сказаць. Хіба, каб ён вельмі раззлаваў мяне і давёў да гэтага, але ж цяпер прайшло занадта многа часу — год, — прызналася жонка Міхаіла Шугалея.

Міхаіл Шугалей настроены рашуча: «Застрэліў бы, каб далі ружжо. Сабаку не застрэліў бы, а іх ліквідаў бы, усіх траіх, каб не мяшалі жыць іншым!»

Унук загінулага пенсіянера Гаркавага пісьмова хадайнічаў аб вынясенні смяротнага прысуду і лічыць, што мог бы расстраляць вінаватага ў смерці любімага дзеда, паколькі з яго смерцю зламана і іх жыццё, згарэў родны кут.

Яго маці, дачка загінулага, і яго сястра адказалі, што яны — за смяротны прысуд, але самі віноўніка гібелі роднага чалавека не маглі б расстраляць, бо яны — не забойцы.

Ці вырашыць праблему бяспечнага жыцця вяскоўцаў расстрэл фігуранта сельскай банды?

Гэтае пытанне я задала жыхарам горада Слуцка.

Трое з 12 сустрэчных жыхароў на вуліцы аказаліся на дзіва веруючымі. Яны выказаліся, што толькі Бог дае жыццё і яго забірае. Яны супраць смяротнага пакарання, але лічаць, што ў турмах, апрача пакарання і жорсткіх умоў утрымання, трэба прадумаць мерапрыемствы, каб чалавек мог пакаяцца і прыняць у душу Бога.
Астатнія жыхары горада выказаліся па-рознаму. Адны падтрымалі смяротнае пакаранне, пры гэтым галоўным аргументам выступіла нежаданне ўтрымліваць у беднай дзяржаве за бюджэтны кошт працяглы тэрмін забойцаў на грошы падаткаплацельшчыкаў, другія выступілі супраць расстрэлаў.

— Не думаю, што з расстрэлам гэтага Скрундзіка жыццё тых жа самых сельскіх пажылых людзей у закінутых вёсках стане больш бяспечным, — гаворыць Максім, прадпрымальнік. — З’явяцца іншыя скрундзікі, мігрыруюць з іншых раёнаў. Трэба мяняць усю сістэму жыцця ў нашай краіне, каб вёскі адраджаліся і станавіліся больш мнагалюднымі, а праца аплочвалася дастойна. Трэба мяняць сістэму выхавання дзяцей як у школе, так і ў сям’і. Не дапускаць, каб з сямейных ячэек вылупліваліся вось такія скрундзікі, для якіх не існуе ні правоў, ні абавязкаў, і якія з лёгкасцю могуць спаліць чалавека разам з яго хатай.

Максім таксама лічыць, што для Віктара Скрундзіка расстрэл будзе найлягчэйшым пакараннем, бо нават зняволеныя ў турмах не вельмі любяць бандытаў, якія забіваюць старых людзей з-за 30 – 50 рублёў.

Якім будзе прысуд — расстрэльным ці «пажыццёвым» — канчаткова вырашыць суд. 2 сакавіка абвінавачаныя змогуць сказаць сваё апошняе слова.



.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: