Ці стане суд на бок збітага міліцыяй Дзмітрыя Серады?

10 верасня пачалося асноўнае судовае паседжанне па іску Дpмітрыя Серады і яго родных да Міністэрства фінансаў, УУС Заводскага раёна, МУС і ГУУС Мінгарвыканкама аб матэрыяльнай кампенсацыі з-за неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і АМАП падчас жорсткага затрымання 4 жніўня 2016 года.
Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада

Пацярпелы ад міліцэйскага самавольства Дзмітрый Серада


Справу разглядае суддзя суда Заводскага раёна г. Мінска Людміла Гедрановіч.

Папярэдняе паседжанне адбылося 28 жніўня, на ім былі апытаныя сам Дзмітрый Серада і яго маці, таксама сваю пазіцыю выказалі старэйшы юрысконсульт МУС і ГУУС Дзяніс Зелянко і прадстаўнік Міністэрства фінансаў Дзяніс Каледа.

У судзе Заводскага раёна Мінска распачынаецца грамадзянскі працэс, пазоўнікам у якім выступае доктар-педыятр Дзмітрый Серада і члены яго сям’і. Ён хоча атрымаць кампенсацыю за маёмасць, якую тры гады таму пашкодзілі АМАПаўцы падчас памылковага ўварвання ў яго кватэру.

Сёння ж у працэсе ўдзельнічаюць Дзмітрый Серада і яго маці, прадстаўнік МУС Аляксандр Крыўн, прадстаўнік Мінфіна Юрый Шышкавец.

Прадстаўнік Дзмітрыя Серады хадайнічаў аб допыце ў судзе сведкаў: Міхаіла Валчкова, які займаўся рамонтам дзвярэй, супрацоўніка АМАП С. Кавальчука, які змяніў свае паказанні пра момант затрымання і ўжывання фізічынай сілы падчас правядзення праверкі.

Адвакат дадае, што неабходна вывучыць матэрыялы праверкі, у якіх С. Кавальчук прызнаў прымянне фізічнай сілы – загіб рукі за спіну і прыцісканне правым каленам да падлогі – у той час, як Серада не аказваў супраціву. Пры чым па законе прымяненне фізічнай сілы можа ажыцяўляцца толькі ў выпадках, калі без яе прымянення абыйсціся немагчыма. Само ж прыцягнення АМАПу для затрымання заяўніка было праведзена з парушэннем заканадаўства, так як для пранікнення ў жыллё магчыма з двух дазволаў – службовай асобы і камандзіра падраздзялення.

У гэты момант у размову ўмешваецца прадстаўнік МУС, які запытваецца, якім чынам стала вядомая такая інфармацыя і як Дзмітрыю Серадзе і яго прадстаўніку ўдалося з гэтымі матэрыяламі азнаёміцца, бо ёсць пэўны грыф сакрэтнасці для такіх матэрыялаў, і просіць прадстаўніка не спасылацца на такія дакументы.

Прадстаўнік адказвае, што азнаямленне з матэрыяламі было зроблена па хадайніцтву ў судзе і ўсё законна.

Аляксандр Крыўн настойвае на папярэдніх дадзеных: пры затрыманні міліцыя меркавала, што Дзмітрый Серада падазраваны ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, таму ўварванне ў яго кватэру было законным.

Суд запытвае, чым гэта падцвяржаецца? На што прадстаўнік МУС адказвае, што супрацоўнікі Заводскага АУС папярэдне званілі ў дзверы Серады, прадставіліся і папрасілі адчыніць дзверы, а заяўнік адмовіўся, таму міліцыянеры выказалі здагадку, што такім чынам Дзмітрый адмаўляецца ад выкліку ў АУС.

Абаронца запытваецца: калі некаторыя з супрацоўнікаў АУС пасля правядзення праверкі былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, ці не значыць, гэта, што яны сапраўды правялі затрыманне з парушэннем закона? Ці законна былі ўжытыя спецсродкі да затрыманага?

Прадстаўнік МУС адказвае, што ў тым выпадку ўлічваліся папярэднія дзеянні Дзмітрыя Серады па ўхіленні ад выклікаў у аддзяленне міліцыі, што абгрунтоўвае прымяненне спецсродкаў.

Яшчэ адзін прадстаўнік ад органаў унутраных спраў распавядае суду, што заяўнік падазраваўся ў дэманстрацыі палавых органаў, а як правіла па такой катэгорыі злачынстваў падазраваныя маюць ненармальны псіхічны стан, таму і былі прыцягнутыя сілы АМАПу.

"Пастукаўшы ў дзверы і прадставіўшыся, папрасіўшы добраахвотна адкрыць, следчы Нушчык пачуў ад Серады адваротную рэакцыю аж да нецэнзурнай лаянкі.

Праз шкло на балконе мог бачыць супрацоўнікаў АМАП і пазоўнік цалкам разумеў патрабаванні супрацоўнікаў, таму мог адказаць на іх патрабаванні. Але замест гэтага ён уцёк у іншы пакой. З гэтага вынікае, што пранікненне ў жыллё было цалкам законным", — сцверждае супрацоўнік ГУУС.

Суддзя запытвае, у чым была неабходнасць прымяняць фізічную сілу і спецсродкі, на што атрымоўвае адказ: "Гэта была паслядоўнасць дзеянняў, што адбываліся". Да таго ж, па словах прадстаўніка адказчыка, рэакцыя ісца не дазваляла дзейнічаць інакш, бо ён "забарыкадаваўся" ў кватэры.

Да гэтага часу асоба сапраўднага злачынцы не высветлена, а справа была прыпыненая.

Адвакат яшчэ раз запытвае, ці памылкова быў затрыманы Дзмітрый Серада? На што прадстаўнік МУС адказвае, што "не, не памылкова".

Суд пераходзіць да допыту сведак. Першым апрошваюць члена судова-медыцынскай камісіі Віталя Курчынскага, які асабіста не аглядаў заяўніка. Ён сцвярджае, што ў заключэнні экспертызы ад 2016 года ў Дзмітрыя Серады былі выяўленыя крывападцёкі і драпіны, аднак чэрапна-мазгавой траўмы не было зафіксавана. Адвакат удакладняе, на падставе чаго ў іх заключэнні ЧМТ істца не была пацверджаная?

Наступным сведчыць Юрый Паповіч, які працуе ўрачом у паліклініцы па месцы жыхарства заяўніка. Ён распавядае, што іншым тэрапеўтам паліклінікі ў Дзмітрыя Серады была зафіксаваная чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, сам Юрый Паповіч з гэтым дыягназам згодны.

Далей дапытваюць па чарзе урачэй-псіхіятраў, да якіх па дапамогу звярталіся Дзмітрый Серада, яго жонка і дачка. Кожны сцвярждае, што раней у псіхіятрычны дыспансер сям'я не звярталася, на ўліку не стаяла. Адна са сведак указвае, што посттраўматычнае стрэсавае растройства ўзнікае з-за выключна моцнай траўматычнай падзеі, якая пагражае здароўю і жыццю чалавека. Гэта значыць, што гэта не проста стрэс, а вельмі моцны стрэс, які выходзіць за межы паўсядзённага вопыта.

Прадстаўнік мінфіна спрабуе ўдакладніць прычынна-выніковую сувязь: ці сапраўды зварот па псіхіятрычную дапамогу быў наўпрост звязаны са штурмам кватэры Дзмітрыя Серады? Урач-псіхіятр адказвае, што калі збіраецца анамнез захворвання, тады ўказваецца і прычынна-выніковая сувязь траўмуючых абставінаў і стану пацыента. Прадстаўнік мінфіна ўпірае на тое, што анамнез сабраны са словаў заяўніка, і што маглі мець месца і іншыя траўмуючыя выпадкі.

Сведка Аляксандр Шушкевіч указвае, што сям'я Дзмітрыя Серады звярталася да яго з дачкой Палінай са скаргамі на парушэнне ў яе сна, энурэз, трывогу, страхі, зніжэнне апетыту. Для дзяўчынкі былі рэкамендаваныя псіхатэрапеўтычная дапамога і абмежаваныя медыкаменты, бо на той момант Паліне не было і трох гадоў. Па словах урача, ацэньваюцца не толькі словы бацькоў, але і паводзіны самаго дзіцяці. Ён адзначае, што дзяўчынка была вельмі трывожнай, а перанесеныя стрэсы ў дзіцячым узросце аказваюць сур'ёзныя наступствы на далейшае жыццё.

Наступным сведчыць Аляксандр Нушчык, які працуе старшым оперупаўнаважаным у АУС Заводскага раёна г. Мінска. Менавіта ён кіраваў працэсам затрымання 4 жніўня. Ён распавядае гісторыю з самага пачатку, як пацярпелая ўказала на адрас Дзмітрыя Серады, бо падазравала яго ў здяйсненні злачынства.

Суддзя запытвае сведку, якім чынам даведаліся, што падазраваны можа праяўляць агрэсію?

Аляксандр Нушчык сцвярджае, што ад суседзяў паступала інфармацыя, што з іх кватэры ўвесь час былі чутны спрэчкі і крыкі.

Людміла Гедрановіч запытвае, якія былі аб’ектыўныя прычыны для затрымання. Нушчык адказвае, што толькі ў сувязі з тым, што на заяўніка ўказала пацярпелая. Ён сцвярджае, што так жорстка затрымлівалі Дзмітрыя толькі таму, што было падазрэнне, што ён знішчыць доказы.

- Ці быў у вас на той момант тэлефон Серады? Ці званілі вы яму?
- Толькі хатні. Пазванілі, трубку зняў ён.
- А як вы вызначілі, што гэта ён падняў?
- Мужчынскі голас быў.
- А вы прадставіліся? Што сказалі?
- Я паклаў слухаўку?
- Чаму?
- …
- Што было далей?
- Пачалі званіць у дзверы.

Суддзя запытвае, хто прымаў рашэнне і ўзгадняў прыцягненне супрацоўнікаў АМАП у дадзенай сітуацыі, і чаму рашэнне датаванае 5 жніўня, у той час як да Серады ўварваліся ў кватэру раніцай 4 жніўня. Пры гэтым у рашэнні ўказана толькі тое, што падазраваны фізічна развіты і займаецца спортам, але нічога не напісана пра тое, што ў яго ёсць зброя. Так чаму ж было прынятае рашэнне пра сілавое затрыманне?

Нушчык не мае што адказаць на гэта. Увогуле ён вельмі часта адказвае, што не памятае дакладна ўсяго.

Абаронца прапаноўвае паглядзець рапарт Нушчыка, дзе напісана, што ён апытваў суседзяў і выявіў, нібыта Дзмітрый Серада можа праяўляць агрэсію. Адвакат запытвае, чаму яе падабароннага не выклікалі на допыт, калі ў міліцыю звярнулася пацярпелая. Нушчык кажа, што былі меркаванні, што ён можа пачаць хавацца. Тады адвакат запытвае, навошта было ламаць дзверы і чаму не затрымалі Дзмітрыя ў іншым месцы, напрыклад, па дарозе ў магазін? Нушчык маўчыць, потым кажа, што не памятае.

— Адным з матываў затрымання было меркаванне, што ў такога тыпу злачынцаў ёсць псіхічныя парушэнні. Вы правяралі, ці стаіць на ўліку Серада ў псіханеўралагічным дыспансеры?
 — Не магу адказать.
-—Правяралі, ці ёсць у яго зарэгістраваная зброя? Наяўнасць сабак?
— ...
—  Значыць не высвятлялі. Ці правяралі звесткі пра непаўналетніх дзяцей?
—  Не магу ўспомніць.

Суддзя робіць заўвагу, што сведка вельмі невыразна адказвае на пытанне, нават ёй складана яго ўспрымаць, а сакратарка не можа запісваць паказанні.

Нушчык кажа, што на момант пранікнення ў кватэру ён не ведаў, што там ёсць дзеці.

***
Нагадаем, раніцай 4 жніўня 2016 года ў кватэру Дзмітрыя Серады, выбіўшы ўваходныя дзверы і шкло балконных дзверэй у кухні, уварваліся невядомыя ў масках, паклалі яго тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, апранулі кайданкі і, працягнуўшы збіваць ў спецаўтатранспарце, даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Затрыманы быў дапытаны ў якасці падазраванага ў хуліганстве на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і адпушчаны толькі на наступны дзень, паколькі ў следчага «адпалі падставы для далейшага ўтрымання яго пад вартай».

На працягу трох гадоў Дзмітрый Середа атрымаў сем адмоваў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў, якія відавочна пры яго затрыманні перавысілі паўнамоцтвы. І толькі 23 ліпеня 2019 года суд Партызанскага раёна пастанавіў задаволіць скаргу Дзмітрыя Серады, адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а матэрыялы адправіць на дадатковую праверку. 19 жніўня яму зноў адмовілі ва ўзбуджэнні справы, аднак усяго праз два дні, 21 жніўня, гэтае рашэнне было адменена і пачалася новая праверка па справе Серады. Меркавана, гэта звязага з нашумелай нарадаў у Аляксандра Лукашэнкі 20 жніўня, падчас якой ён жорстка крытыкаваў метады дзейнасці прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!