Ці дачакаюцца ў Слуцку пісьменнікаў у 2017 годзе?

Слуцкія чытачы, шараговыя сябры філіі Таварыства беларускай мовы дамагаюцца таго, каб раённая бібліятэка запланавала сустрэчы з пісьменнікамі — сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў.


Сябры слуцкай філіі ТБМ і чытачы Амяльковіч Віталь і Зінаіда Цімошак чакаюць адказ на пісьмовы зварот, з якім 21 снежня 2016 года яны звярнуліся да дырэктара Слуцкай раённай дзяржаўнай бібліятэкі Гурыновіч Людмілы. Сябры ТБМ у мінулыя гады не адзін раз звярталіся ў бібліятэку з просьбай аб прадстаўленні памяшкання для сустрэч з беларускамоўнымі аўтарамі кніг, а таксама для напісання агульнабеларускай дыктоўкі на беларускай мове і кожны раз атрымлівалі адмоўны адказ.

Аказалася, што мерапрыемствы ў канферэнц-залі бібліятэкі, разлічанай на 70 чалавек, адбываюцца згодна з планам-графікам на год, які зацвярджаецца ў канцы снежня і па стане на 20 снежня яшчэ не быў зацверджаны. Таму грамадскія актывісты папрасілі ўключыць у план-графік на 2017 год сустрэчы з сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яны палічылі, што паэты Сяргей Законнікаў, Эдуард Акулін, Уладзімір Някляеў, а таксама вядомыя гісторыкі, аўтары кніг, маглі б вызваць цікавасць да беларускай кнігі ў чытачоў.


— Слуцкая раённая бібліятэка — гэта сучасны шматпавярховы будынак з камфортнай канферэнц-залай. Я таксама з’яўляюся пастаянным чытачом бібліятэкі, і хачу паўдзельнічаць у складанні плана культурна-масавай працы бібліятэкі з насельніцтвам  на наступны год. — гаворыць аўтар звароту Зінаіда Цімошак. — Паколькі мы з Віталём Амяльковічам з’яўляемся сябрамі ТБМ, мы можам нават палегчыць працу супрацоўнікаў бібліятэкі па арганізацыі сустрэч з вядомымі аўтарамі. Галоўнае, што патрэбна для сустрэчы — вылучэнне бібліятэкай памяшкання. Там ёсць цудоўная канферэнц-зала, якая, як і сам будынак бібліятэкі, збудаваная на народныя грошы, ў тым ліку і мае, калі я сплочвала падатак на карысць бюджэту.

Амяльковіч Віталь таксама лічыць, што канферэнц-залі ў бібліятэках павінны выкарыстоўвацца больш плённа і працаваць з большай нагрузкай.

— Зразумела, што мерапрыемствы, якія праводзяцца бібліятэкарамі ў канферэнц-залі не займаюць 8 гадзін рабочага дня штодзённа і заўсёды можна знайсці гадзіну для сустрэчы пісьменніка з чытачамі. — лічыць сябра ТБМ. — Слуцкія сябры ТБМ і самі беларускія пісьменнікі не вельмі багатыя, каб плаціць грошы за арэнду памяшкання для сустрэч з чытачамі ў гарадскіх рэстарацыях ці кавярнях. Менавіта дзяржаўная ўстанова «Слуцкая раённая бібліятэка«»» з’яўляецца адмысловай установай, прадвызначанай па свайму профілю працы для сустрэч з чытачамі.

Згодна з артыкулам 51 Канстытуцыі РБ кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцяў айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў. Лічу, што дзяржаўныя кіраўнікі не маюць права адмаўляць нам у праве карыстання бібліятэкай для культурных мэтаў, паколькі юрыдычна яны яе не прыватызавалі. Будзем дабівацца магчымасці карыстацца культурнымі канстытуцыйнымі правамі. У выпадку адмовы будзем абскарджваць адказ згодна Закону аб зваротах грамадзян, — паведаміў грамадскі актывіст.


27 снежня сябра ТБМ Віталь Амяльковіч яшчэ раз наведаў бібліятэку, каб азнаёміцца з зацверджаным планам. Зрабіць гэтага яму не ўдалося, паколькі дырэктар у вуснай форме фактычна адмовілася даць інфармацыю пра план культурных мерапрыемстваў на 2017 год. Віталь збіраецца напісаць скаргу пра адмову ў інфармацыі аб дзейнасці культурнай ўстановы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: