Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ці варта пазбаўляцца ад савецкіх помнікаў?

Столькі помнікаў савецкай эпохі, як у Беларусі, няма, бадай, нідзе ў свеце. Амаль на кожным кроку можна напароцца на нешта, звязанае з часамі былога Савецкага Саюза. Ад камуністычных сімвалаў і адпаведнай тапанімікі можна ашалець.

Узяць, да прыкладу, беларускую сталіцу. У цэнтры Мінска — суцэльны «сацыялізм»: вуліцы Леніна, Маркса, Энгельса, Інтэрнацыянальная, Рэвалюцыйная, Савецкая, Свярдлова, Кірава,Плошча Мяснікова, а таксама яшчэ ў горадзе ёсць праспект Дзяржынскага, праспект Газеты «Праўда», вуліцы Кнорына, Чапаева, Клары Цэткін, Розы Люксембург, Будзёнава і яшчэ процьма падобных назваў. Прычым, большасць тых, чыімі імёнамі названы вуліцы беларускіх населеных пунктаў, не маюць аніякага дачынення да нашае краіны.


Тое ж тычыцца і помнікаў. З высокіх і не вельмі пастаментаў на людзей вытрэшчваюцца Ленін (у некалькіх месцах), Дзяржынскі, Калінін. Дарэчы, велізарны помнік гэтаму «слыннаму дзеячу Савецкай дзяржавы», які не змог абараніць ад сталінскіх рэпрэсіяў нават уласную жонку, знаходзіцца на плошчы Калініна, з якой пачынаецца вуліца Калініна, у якую, у сваю чаргу, упіраецца завулак Калініна. Ну, ці не занадта для адной такой асобы ў сталіцы суверэннай дзяржавы?  

А яшчэ непадалёк ад Мінска знаходзіцца псеўдагістарычная прафанацыя пад назовам «Лінія Сталіна», дзе ёсць бюст «правадыра» і «бацькі ўсіх народаў», а ў рэальнасці сапраўднага ката і забойцы Іосіфа Сталіна. І гэта ў тыя часы, калі былыя рэспублікі СССР і краіны постсацыялістычнага лагера фактычна адмовіліся ад камуна-савецкай спадчыны. А ў некаторых з іх нават забаронена камуністычная і савецкая сімволіка і ўсё іншае, што нагадвае пра часы панавання бальшавіцкага, а потым проста савецкага рэжыму.

У грамадстве здаўна ідзе дыскурс, ці варта і Беларусі пазбавіцца ад сімвалаў савецкакй эпохі, знесці не вартыя ўвагі і памяці помнікі камуна-савецкім правадырам. На гэтую тэму «Новы Час» пагутарыў са старшынём Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам.

— Чаму ў Беларусі такая вялікая колькасць помнікаў і мемарыялаў усялякім рэвалюцыянерам і падзеям, звязаным з Кастрычніцкім пераваротам і ўвогуле з савецкай эпохаю?

— Калі сказаць шчыра, тое, што ў нас зараз знаходзіцца пад аховай дзяржавы, то такіх месцаў у нас мінімальна. Таму ўсё астатняе, калі яно руйнуецца ці яго будуць руйнаваць, то гэта будзе адбывацца ў межах закона. Калі гаварыць пра помнікі Леніну, пры ўсёй іх колькасці ў дзяржаўным спісе і пад аховай дзяржавы ўсяго толькі 6 помнікаў гэтаму дзеячу на ўсю Беларусь. Таму, як гаворыцца, не ўсё так сумна, як здаецца. Рана ці позна ўсё будзе нішчыцца. А я б іх і не нішчыў, яно і само разваліцца. Не трэба паўтараць «подзвіг» бальшавікоў.

І ўвогуле я лічу, што ўсе гэтыя заклікі — давайце ўсё знішчым, пазбавімся і гэтак далей, мы ўжо праходзілі сто год назад: «… до основания, а затем…». Усё гэта само па сабе прыйдзе ў заняпад, само разваліцца. Але ж хаця б пару такіх месцаў ці помнікаў трэба захаваць, каб застаўся візуальны напамін пра той перыяд, таму што яго нам нельга забываць у прынцыпе. Бо калі мы забудземся на той перыяд, то рана ці позна гэтыя монстры павылазяць зноўку.

— У некаторых краінах, да прыкладу, у Літве савецкія помнікі звезлі ў адно месца. Ці не паследваць і Беларусі такому прыкладу?  
  
— Я так не люблю гаварыць, што ў Літве тое, ва Украіне тое. Мы жывем у Беларусі, у нас свае ўмовы, свая сітуацыя, і фантазаваць, што можна прыдумаць, я не люблю. Я ўвогуле раю фантазёрам: замест таго, каб фантазаваць на тэму, што рабіць з помнікамі савецкай эпохі, хай яны возьмуць венчык і грабелькі і навядуць парадак на нармальным помніку ў якасці валанцёраў. Ад гэтага будзе больш карысці, чым ад размоваў пра дэсаветызацыю. Калі проста людзі самі пачнуць клапаціцца пра сваю спадчыну, а ў першую чаргу самыя громкія крыкуны ў Рэспубліцы Беларусь.

— Наколькі ў галовах грамадства сёння ўсё яшчэ сядзіць «Вялікі Кастрычнік»?
  
— Цяжка сказаць, але мне падаецца, што ментальнасць беларусаў наскрозь прасякнута сацыялістычнымі ідэямі. Як сто год назад нават беларускія дзеячы былі «левакамі», так і зараз «левыя» настроі ў грамадстве вельмі моцныя. 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-11-07 16:08:05
Адказ на перадапошняе пытанне - добрая (хаця, магчыма, і міжвольная) рэакцыя на нядаўні артыкул у "НЧ" ("100 гадоў Кастрычніка. Чаму Беларусь трымаецца савецкай спадчыны?"
І з апошнім адказам я б, з пэўнымі агаворкамі, згадзіўся. Так, пазіцыі левых (не абавязкова камуністаў) у Беларусі моцныя, але набіраюць моц і "правыя" настроі, што само па сабе не добра і не кепска.

Каментаваць