Ці варта з'язджаць з Беларусі? Меркаванне

Сёння пагутарыў са сваім знаёмым, які не так даўно пераехаў жыць у ЗША. Дваякае адчуванне засталося ад гутаркі. У яго там усё добра, я шчыра рады за яго, але ці трэба з'язджаць?
Фота Белавія

Фота Белавія

Пра жыццё па-за РБ я размаўляў не толькі з ім. Мой стрыечны брат ужо 8 гадоў жыве ў ЗША, сябар дзяцінства вось-вось туды паедзе, яшчэ адзін сябар з Мінска плануе пераезд у ЗША на наступны год, а яго лепшы сябар ляціць туды на выходных. Бацька 9 гадоў працуе ў Еўропе і не плануе вяртацца сюды. Мама не супраць таго, што б я паехаў, і я вельмі сумняваюся, што пасля заканчэння вучобы мой малодшы брат застанецца жыць у Беларусі.

Што ж мяне наводзіць на думкі аб эміграцыі? Варта сказаць, што ў мяне па нашых мерках усё больш-менш нармальна. Я жыву ва ўласнай кватэры, езджу на новай машыне і зарплаты мне ў прынцыпе на ўсё хапае. Але машыну я купіў у крэдыт па 16% гадавых. Дарэчы, мой прыяцель таксама купіў у крэдыт машыну ў ЗША, пад 10% на першыя паўгода, а на астатні тэрмін пад 3% гадавых. На шчасце, у мяне былі грошы выплаціць крэдыт датэрмінова, што б не пераплачваць па 50 $ кожны месяц за працэнты.

Я заплаціў падатак на дарогі і прайшоў тэхагляд. Ад гэтага ўдвая крыўдна было на днях праваліцца ў дарожную яму каля дома і адарваць мацаванне бампера. Дарогу гэтую робяць з траўня, калі не з красавіка і ўсё ніяк не могуць зрабіць. Навошта рабочыя там грымелі ўсю ноч у пачатку жніўня, калі асфальту тамака няма і цяпер?

Навошта праводзіць парады ў горадзе і потым змяняць асфальт 2 разы на год, як сёлета на праспекце? Парад праводзяць за кошт народа, а ў народа хто небудзь спытаў, ці трэба нам гэта?

Не памятаю што б у нас пыталіся пра патрэбнасць Еўрапейскіх гульняў.

Чаму ў Польшчы адмяняюць падаходны падатак для моладзі, а ў нас адмяняюць адтэрміноўкі для атрымання адукацыі?

У прынцыпе, я магу жыць на сваю зарплату, але ў мяне няма дзяцей. А калі будзе дзіця ці нават два, ці хопіць зарплаты на бессэнсоўную школьную форму, дзённікі, сшыткі (якія, дарэчы, у Польшчы таксама каштуюць танней), а яшчэ трэба не забыцца ў школу здаць грошы на рамонт класа, рамонт школы і іншыя шторы-абрусы.

Ці змагу я жыць на сваю пенсію, калі да таго часу пенсійны ўзрост не паднімецца вышэй сярэдняй працягласці жыцця? Які памер пенсіі я буду атрымліваць і колькі гадоў я буду карыстацца дадзеным задавальненнем? А колькі гадоў і якую суму будуць вылічваць з заробку ў пенсійны фонд?

Навошта ўлады стымулююць нараджальнасць, калі паводле розных апытаннях да 30-40% маладых рабят хацела б з'ехаць з краіны? Можа лепш зацікавіць ужо народжаных грамадзянаў не выязджаць з краіны. Як правіла, з'язджаюць лепшыя. Толькі на атрыманне грын-карты ў мінулым годзе падало заяўку больш за 100 тысяч чалавек. Дарэчы, я таксама падаваў заяўку. У мінулым годзе проста так яе падаваў, за кампанію з адным, не моцна спадзеючыся выйграць.

Я вельмі люблю сваю краіну, свой горад і людзей у ім. На захадзе таксама не ўсё добра, ёсць свае плюсы і свае мінусы. І ў той жа час у Беларусі ёсць шмат добрых, пазітыўных момантаў.

Сэрца гаворыць: «Заставайся, Беларусь твой дом», а розум кажа: «Едзь, нічога тут не зменіцца». Вось так і ваююць у адным чалавеку халодны розум і сэрца беларуса. Як вядома, стоячы на ​​скрыжаванні дарог не атрымаецца ісці наперад, не выбраўшы свой шлях.

Так, у гэтым годзе я таксама буду падаваць заяўку на грын-кард. Я мог бы ўжо з'ехаць і без яе, але сэрца пакуль пераважвае розум. Хай вырашыць лёс, да падвядзення вынікаў наступнага розыгрышу грынкі, а я расцягну задавальненне жыцця ў роднай краіне сярод родных і блізкіх.

Паводле facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: