Ці вырашыць праблемы «неперспектыўных» вёсак яшчэ адзін указ?

Напрыканцы сакавіка быў падпісаны ўказ, які мусіць навесці парадак з пакінутымі дамамі ў вёсках. Указ №116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні працы з пустуючымі дамамі» ад 24 сакавіка 2021 года быццам спрашчае жыццё тых, хто наважыцца набыць стары дом. Але ці вырашае ён праблему ў цэлым?

Калі казаць простымі словамі, паводле ўказа, адчужаць пакінутыя дамы праз суд можна будзе і без дакументаў на іх, а афармляць адпаведныя паперы на дом і ўчастак будзе сам пакупнік. Набыць закінуты дом у некаторых выпадках можна будзе нават за базавую велічыню. Маецца на ўвазе таксама, што зусім трухлявыя дамы будзе лягчэй знесці, а пустуючыя ўчасткі перадаваць у сельскагаспадарчы абарот.

Указ гэты пакуль не ўступіў у сілу. Але ці вырашае ён праблемы, звязаныя з добраўпарадкаваннем вёсак? Не будзем хадзіць далёка і паглядзім на вёску Аксаміты Капыльскага раёна. На аснове іншых указаў Лукашэнкі тут у зямлю закапаныя фундаменты і сады.

Да ранейшых безгаспадарных зарослых пустых участкаў дадаліся новыя. Бо высветлілася, што запусціць у сельскагаспадарчы абарот праз перадачу ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы не вельмі шырокія палоскі зямлі няпроста. Буйнагабарытнай тэхніцы там элементарна не развярнуцца, і мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства такія землі «не заўважае».

У выніку замест зелені закапаных садоў на пустых раўнінах цяпер шчыруе пустазелле памерам у садовыя дрэвы, а пенсіянерка Людміла Дарашэвіч з вёскі Аксаміт, акружаная такім суседствам, спрабуе абараніцца ад наступлення кляшчоў, нашэсця пустазелля і небяспечных пажараў пры дапамозе такога ж высокага навамоднага металічнага плоту — з усіх бакоў.

Што будзе з вёскай Аксаміты пасля новага ўказа? З гэтым пытаннем я звярнулася да старшыні Грозаўскага сельвыканкама Жанны Скрыган.

— Пакуль дэкрэт не ўступіў у сілу, робім што можам, — распавяла Жанна Леанідаўна. — Праблема пры ліквідацыі старых дамоў існавала заўсёды. Вось, да прыкладу, стаіць дом, напаўразбураны, тэрыторыя не дагледжаная. Здаецца, ужо высветлілі, што спадчыннікаў няма, але пасля таго, як дом ліквідуем, можа раптоўна з'явіцца ўладальнік і выказаць прэтэнзіі.

Адзінае, што можам зрабіць цяпер у такіх выпадках, — абрэзаць недагледжаную зямлю да самага дома. А пасля новая праблема: уключэнне такой зямлі ў сельскагаспадарчы абарот. Калі б уладальнікі іншых дамоў і ўчасткаў абрэзалі ў даўжыню свае ўчасткі, якія блізка падыходзяць да сельскагаспадарчых зямель, і згадзіліся пашырыць свае ўчасткі за кошт пустуючых і прылягаючых уздоўж вуліцы, вёска выглядала бы больш эстэтычна. Але ж на такое пагодзіцца рэдкі гаспадар, і яго таксама можна зразумець.

Мясцовых можна зразумець, бо яны бачылі, як у гэтую «нічыйную» зямлю закопвалі ўсё запар: і фундаменты былых хат, і дрэвы. Каб узорванне глебы пад пасадку бульбы пасля не ператваралася ў археалагічныя раскопкі.


Свае спадзяванні на паляпшэнне знешняга выгляду вёсак, у тым ліку і Аксаміт, старшыня сельвыканкама сёлета ўскладвае на Клецкае ДРСУ, якое ў гэтым годзе выйграла тэндар на добраўпарадкаванне.

Слуцкі прадпрымальнік Мікалай (ён папрасіў не называць яго поўнае імя) добра ведае грозаўскія мясціны і лічыць, што гэтыя землі маглі б стаць вясковым раем, калі б туды ўкласці грошы пры спрыяльным інвестыцыйным клімаце і дэмакратычных рэформах.

— Каля вашых Аксаміт у бок вёскі Рыматаўшчына пры вашым шматтраўі мог бы існаваць буйны пчальнік. У бок Грозава нізкія мясціны — там магло б быць цудоўнае возера з безліччу рыбы. На забалочаных землях, дзе расце лаза, можна было б і далей вырошчваць лазу, нават на продаж. Яе можна выкарыстоўваць у рознай вытворчасці, народных промыслах, пры будаўніцтве агароджы, у выглядзе брыкетаў для паліва, барбекю… У вёсцы магла б існаваць дыхтоўная аграсядзіба… Калі б там з'явіўся сур'ёзны прадпрымальнік, то ваша праблема з касьбой сухастою і кляшчамі, бояззю пажараў адпала б сама па сабе!

На яго расповед я адрэгавала, мусіць, гэтак жа, як адрэагавалі жыхары «Нью Васюкоў» на абяццанні авантурыста Астапа Бендэра: перад вачыма паўсталі і возера, і прыватнае прадпрыемства па вырошчванні лазы, і пасечнік, які адорвае мёдам загарэлых і вясёлых наведвальнікаў аграсядзібы і іншых турыстаў. За грошы, вядома, але ж…

Але ж такія «Нью Васюкі» цяпер не рэдкасць у Славакіі, Польшчы. У тых краінах, якія абралі дэмакратычны шлях развіцця і эканамічных рэформ — на карысць квітненню сваіх ускраін.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: