Ці гатовы ў Беларусі перайсці на бясплатнае донарства?

У Пінску абмеркавалі праблему пераходу донарства на бясплатную аснову. Тэма ўзнятая не выпадкова — 14-га чэрвеня міжнародная супольнасць адзначыла Дзень донара крыві.



Беларускія медыкі ўпэўненыя, што донарства можа быць толькі бясплатным і добраахвотным, як гэта ёсць ва ўсім свеце. На іх думку, купляць кроў нельга, бо кошту ёй няма.

У любым выпадку адыйсці ад грашовага разліку ў донарстве адразу не атрымаецца. Ёсць статыстыка. Так, у Пінску з 2500 донараў толькі 400 пагадзіліся здаваць кроў бескарысна. Таксама не кожны грамадзянін можа стаць донарам, як і не ў кожнага донара могуць рэгулярна браць кроў, паведаміла супрацоўніца пінскай донарскай станцыі Алена Радзько:

— Сочым за тым, каб не нашкодзіць здароўю донара. Бываюць часовыя супрацьпаказанні, бываюць абсалютныя супрацьпаказанні. Існуюць такія хваробы, пры якіх увогуле нельга быць донарам. Інакш гэтаму чалавеку будзе прынесена шкода яго здароўю. Або бывае такое, калі мы возьмем кроў у нейкага канкрэтнага донара, то нанясем шкоду рэцыпіенту.

У Беларусі тэма пераходу донарства на бясплатную аснову абмяркоўваецца апошнія пяць год. Медыкі прызнаюцца, што зрухі ёсць, але ж пакуль грамадства не гатовае да такога „рэвалюцыйнага” кроку.

 Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Каментаваць