Ціхана Осіпава, асуджанага на 11 гадоў за наезд на сілавікоў, могуць прызнаць палітвязнем

Эксперты лічаць высновы суда адвольнымі і патрабуюць вызвалення Ціхана Осіпава.
Прысудам Мінскага гарадскога суда Ціхан Осіпаў прызнаны вінаватым:

  • у замаху на забойства супрацоўніка міліцыі ў звязку з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, на падставе ч. 1 арт. 362 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 10 гадоў;
  • ва ўдзеле ў масавых беспарадках, на падставе ч. 1 арт. 293 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады;
  • у свядома непраўдзівым даносе аб учыненні злачынства, за які на падставе ч. 1 арт. 400 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год.

Канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Ціхан Осіпаў у ноч з 10 на 11 жніўня знаходзіўся ў Мінску, кіруючы аўтамабілем. Ён апынуўся на вул. Прытыцкага, калі супрацоўнікі сілавых ведамстваў пачалі рухацца паміж аўтамабіляў, якія стаялі ў корку, спантанна затрымліваючы кіроўцаў і пасажыраў аўтамабіляў з ужываннем фізічнай сілы і спецсродкаў. Осіпаў не хацеў быць затрыманым і баяўся фізічнага гвалту за ўдзел у мірным пратэсце, таму паспрабаваў выехаць з затору і накіравацца ў іншы раён. Спалохаўшыся наведзенай на яго зброі і стрэлу, знаходзячыся ва ўсхваляваным стане з прычыны ўдараў па аўтамабілі і папярэдняй спробы людзей у форме прабрацца ў аўтамабіль, ён не спыніў рух перад шэрагам людзей, з прычыны чаго зачапіў некалькіх з іх. Пры гэтым абвінавачаны сцвярджаў, што пасля стрэлу з помпавай стрэльбы, якой было пашкоджанае лабавое шкло, ён прыгнуўся, каб не быць параненым (гэтак жа зрабілі і двое пасажыраў), і цягам некаторага прамежку часу не кантраляваў дарожную абстаноўку і рух аўтамабіля. Пасля таго, як Осіпаў выехаў з зоны канфлікту, ён па неасцярожнасці ўтапіў аўтамабіль у вадаёме і заявіў у міліцыю пра яго выкраданніе

Намер прычыніць цялесныя пашкоджанні або смерць каму-небудзь ён адмаўляе.

Наезд на супрацоўнікаў АУС Я. Васільчанку, Д. Астапенку, Д. Голеса, А. Ляпёшкіна, М. Протаса — вайскоўцаў в/ч 5524 УВ МУС, паводле прысуду, не суправаджаўся прычыненнем ім цялесных пашкоджанняў.

Праваабаронцы мяркуюць, што выснова суда аб удзеле Ціхана Осіпава ў масавых беспарадках з'яўляецца памылковай, зробленай на падставе адвольна ацэненых доказаў альбо ў адсутнасць доказаў.

Ва ўказаны час ва ўказаным месцы масавыя беспарадкі адсутнічалі, а мелі месца ў цэлым мірныя спантанныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія падпалі пад напад з боку прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, што адвольна і непрапарцыйна ўжывалі фізічную сілу, спецсродкі і зброю.

Як стала вядома крыху пазней, разгон пратэсных акцый суправаджаўся паўсюдным ужываннем катаванняў у дачыненні да іх удзельнікаў і выпадковых мінакоў па палітычных матывах. За дзве гадзіны да здарэння ў Мінску супрацоўнікамі спецслужбаў на вуліцы быў застрэлены ўдзельнік пратэстаў А. Тарайкоўскі.

Таму намер любым спосабам пакінуць месца правядзення ў цэлым мірнага сходу, якое стала аб'ектам агрэсіі прадстаўнікоў МУС, каб не патрапіць пад збіццё і расстрэл са зброі, праваабаронцамі разглядаецца як правамерны.

Таксама яны мяркуюць, што выснова суда аб наяўнасці прамога намеру на прычыненне пацярпелым смерці няправільная, зробленая на падставе адвольна ацэненых доказаў альбо на падставе здагадак.

Пра намер прычыніць смерць супрацоўнікам АУС Осіпаў нікому не паведамляў, іншых людзей да такой формы пратэсту не схіляў. Да моманту нападу супрацоўнікаў АУС на мірных пратэстоўцаў ніякіх спроб агрэсіі ў дачыненні да іх не рабіў.

Рухаўся ў месцы збору людзей з нізкай хуткасцю, якая прадугледжвала магчымасць людзей вакол, якія знаходзяцца на праезнай частцы дарогі, дзе відавочны прыярытэт транспартнага сродку, адступіць і даць магчымасць аўтамабілю праехаць.

Выснова суда аб тым, што адной з прычын, па якой абвінавачаны не давёў свой намер на забойства да канца, стала немагчымасць набраць дастатковую для гэтага хуткасць, адвольная, не заснаваная на якіх-небудзь даследаваных доказах і абвяргаецца даследаванымі і ўстаноўленымі абставінамі: наезд на пацярпелых быў зроблены на шостай секундзе павелічэння абвінавачаным хуткасці з 17 км/г да каля 23 км/г (дакладная хуткасць на момант наезду не ўстаноўленая і знаходзіцца ў паказаным прамежку), тады як пры наяўнасці намеру максімальна паскорыцца гэтая хуткасць дакладна магла быць значна вышэй, з улікам магчымасці сучасных бюджэтных аўтамабіляў набіраць хуткасць ад 0 да 100 км/г цягам 10-15 секунд.

Праваабаронцы лічаць неабходным для палітычнага зняволенага Ціхана Осіпава патрабаваць неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да яго мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд. Таксама варта патрабаваць вызвалення асуджанага з ужываннем іншых мер стрымання, якія забяспечваюць яўку ў суд, з улікам адсутнасці падстаў для прымянення больш строгай меры.

Паводле spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: