Ціханоўская: у новай Беларусі палітвязні атрымаюць кампенсацыі за кошт тых, хто іх затрымліваў, абвінавачваў і судзіў

Былая кандыдатка у прэзідэнты Беларусі выступіла з нагоды першага судовага працэсу па «справе Ціханоўскага». 

«Сёння пачаўся суд над аўтарам YouTube-канала «Слуцк для жыцця» Уладзімірам Неронскім, — цытуе палітыка прэс-служба. — Уладзімір распавёў суддзі, што ў яго ІЧУ няма ацяплення, а ён голіцца дагала, каб не кусалі вошы. Тры дні ён знаходзіўся ў карцэры з клапамі на Акрэсціна. Больш за восем месяцаў яго ўтрымлівалі за кратамі, каб сёння абвінаваціць у абразе чыноўніка і парушэнні грамадскага парадку. Гаворка пра тую самую сустрэчу ў Гродне, на якой затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Да таго моманту Неронскі быў у турме ўжо тры тыдні, але гэта не хвалюе тых, хто будзе выносіць прысуд.

Усе гэтыя месяцы ў Беларусі збіваюць мірных людзей, зневажаюць чалавечую годнасць беларусаў, але чалавеку, які падтрымаў майго мужа, пагражае некалькі гадоў у турме.

Але ў новай Беларусі будзе немагчыма называць нявінных людзей злачынцамі, а злачынцаў — суддзямі і пракурорамі. Таму сёння я перадаю імёны тых, хто вядзе гэты працэс, на ўнясенне ў санкцыйныя спісы. Гэта «пацярпелы» старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі, «суддзя» Аляксандр Рыбакоў, «пракурор» Аляксандр Ляўковіч. Кожны, хто незаконна пазбаўляе іншых людзей свабоды і вядзе палітычныя справы, патрапіць у Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў і панясе адказнасць.

У новай Беларусі палітвязні будуць рэабілітаваныя і атрымаюць кампенсацыі за кошт тых, хто іх затрымліваў, абвінавачваў і судзіў. Так было ў дэмакратычных краінах, якія пазбавіліся ад свайго злачыннага рэжыму. Уладзімір Няронскі і ўсе, хто сёння пакутуе за свае перакананні, гэта героі новай Беларусі, і ставіцца да іх мы будзем адпаведна».

Суд над палітзняволеным Уладзімірам Неронскім распачаўся сёння ў судзе Лагойскага раёна. Яго судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі «незаконных грамадска-масавых мерапрыемствах» у розных гарадах Беларусі. Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама.
Гэта першы суд па «справе Ціханоўскага», сёння адбылося першае паседжанне.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: