Ціханоўская заклікала падтрымаць у судзе журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову

Адзін з самых недарэчных і гучных працэсаў-2020/2021 мае распачацца заўтра ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы. На лаве падсудных — рэпарцёркі «Белсату», якія вялі стрым з Плошчы Перамен. Абедзве ўжо прызнаныя палітвязнямі.

 

— Заўтра а 10:00 у Фрунзенскім раённым судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) пачнецца суд над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай, гаворыць у звароце Святлана Ціханоўская. — Яны парушылі закон? Не. Яны абаранялі мемарыял Бандарэнку? Не. Рэжым ім помсціць? Так.

Віна Кацярыны і Дар'і заключаецца ў тым, што рэжым забіў Рамана Бандарэнку. А калі людзі арганізавалі мемарыял у памяць пра Рамана на Плошчы Перамен — зладзіў штурм. І журналісткі ў прамым эфіры паказалі гэта ўсяму свету.

Злачынцы заўсёды вяртаюцца на месца злачынства, але ў гэтым выпадку яны адтуль і не сыходзілі. Некалькі тыдняў вакол Плошчы Перамен патрулі сілавікоў правяралі пашпарты ва ўсіх мінакоў і арыштоўвалі людзей.

З 9 жніўня журналістаў затрымлівалі больш за 400 разоў. Праз арышты прайшлі больш за 90 чалавек. Зараз заведзена 15 крымінальных спраў на журналістаў, а за кратамі сядзяць Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч, Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Аляксандр Мікрукаў, Юрый Дзяшук.

Яны, як і ўсе сумленныя журналісты, паказалі свету слабасць і баязлівасць рэжыму. Вось за гэта «судзяць» журналістаў. Ідэолагі спадзяюцца, што калі закрыць усе непажаданыя выданні і арыштаваць усіх сумленных журналістаў, свет пагодзіцца прызнаць рэжым легітымным. Але ім пара зразумець: гэтага не адбудзецца ўжо ніколі.

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова знаходзяцца ў СІЗА з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым для тэлеканала «Белсат», яны асвятлялі разгон мітынгу памяці Рамана Бандарэнкі.

Кацярыне і Дар'і абвінавачванне прад'яўлена па ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») КК РБ.

Праваабаронцы прызналі журналістаў палітвязнямі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: