Цяпер даўжнікі з Беларусі не змогуць выехаць з краіны праз Расію

Беларусь і Расія заключылі шэраг міжурадавых пагадненняў, якія дазваляюць выключыць магчымасць бесперашкоднага выезду ў трэція краіны ўсіх асоб, чыё права на выезд часова абмежавана.
 usolt.livejournal.com

 usolt.livejournal.com

Пра гэта заявіў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. Паводле яго слоў, да гэтага часу некаторыя беларусы з абмежаваннем права на выезд маглі бесперашкодна выязджаць праз Расію ў іншыя краіны. Ён заявіў, што ў бліжэйшы час гэтую шчыліну ліквідуюць.

— Адпаведныя тэхнічныя пратаколы інфармацыйнага і тэхналагічнага ўзаемадзеяння паміж праваахоўнікамі дзвюх краін падпісаныя, — распавёў Аляксей Бягун. — У іх вызначаны пералік звестак, што перадаюцца і атрымліваюцца ў электронным выглядзе, тэхналогія і парадак перадачы, захоўвання, знішчэння, абароны інфармацыі і доступу да яе. Зараз праводзіцца тэхнічнае тэставанне механізмаў узаемадзеяння.

Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС нагадвае: каб не патрапіць у непрыемную сітуацыю пры перасячэнні мяжы, грамадзянін можа звярнуцца ў любы орган унутраных спраў (падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі) Рэспублікі Беларусь і атрымаць актуальную інфармацыю аб наяўнасці ў банку звестак інфармацыі як пра сябе, так і аб грамадзянах, законным прадстаўніком якіх з'яўляецца.

Як ужо пісаў «Новы Час», магчымасць праверыць інфармацыю пра абмежаванні на выезд з краіны можна спраўдзіць на новай версіі сайта органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Для гэтага неабходна прайсці працэдуру адпаведнай рэгістрацыі ў асабістым кабінеце. Цяпер рэсурс функцыянуе ў тэставым рэжыме.

Паводле mvd.gov.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: