«Цяпер нам абвешчаная вайна». Актывісты абмеркавалі абарону Курапатаў

Сёння ў Мінску грамадскасць распрацавала план дзеянняў па абароне Народнага мемарыялу на бліжэйшы час.

«Ідзе пакрокавая акупацыя Беларусі»


Знішчэнне крыжоў у Курапатах 4 і 13 красавіка вымагае ўзмоцненай аховы мемарыялу. Сёння на офісе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) прайшоў круглы стол па сітуацыі ў Курапатах.

Як зазначыла грамадская актывістка Ганна Шапуцька, знішчэнне Курапатаў пачалося з будаўніцтва «Бульбаш-хола».

Як толькі мы гэта заўважылі ў 2012 годзе, мы пачалі біць у званы. Але нейкі час рэстарацыя не працавала. Ніхто не думаў, што будзе такі сумны працяг у гэтай гісторыі.

Грамадскі дырэктар мемарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі:

Да 2012 году, а потым да 2017-га, пытанне мемарыялізацыі Курапатаў на дзяржаўным узроўні асабліва не ўздымалася. Але дзякуючы намаганням некаторых людзей, якія пачалі апеляваць да д'ябла аб мемарыялізацыі, абвяшчаць конкурс, з гэтага ўсё і пачалося.

Калі пасля спробы пабудовы бізнес-цэнтру ў 2017 годзе пачала працаваць рабочая група, усе яе ўдзельнікі пагадзіліся з канцэпцыяй мемарыялу і з тым, што крыжовы перыметр з’яўляецца элементам мастацкай агароджы.

Але працоўная група скончыла працу і пачалася дзяржаўная мемарыялізацыя 2018 года. Грамадскасць прапаноўвала кампрамісныя варыянты размяшчэння дзяржаўнага помніка на ўваходзе, паколькі Галгофа ўжо была распрацаваная. Аднак усе кампрамісы былі адрынутыя.

Грамадскія актывісты перакананыя, што задачай чынавенства было ўзяць мемарыял пад кантроль, каб грамадскасць туды не мела доступу.

План знішчэння Курапатаў быў распрацаваны ў Маскве, куратарам на Беларусі выступае мясцовая філія ФСБ, якая павінна была давесці да галоўнага крыжадзёра, што не павінна быць ніякіх крыжоў. Выканаўцы – Мінскаблвыканкам, Мінрайвыканкам, Бараўлянскі спецлясгас і Белаблдарбуд, – заявіў Алесь Чахольскі.

Ён зазначыў, што атака на крыжы ў Курапатах пачалася яшчэ напрыканцы 2018 года.

27 снежня 2018 года на месцы спарахнелага крыжа ў памяць аб загінулых літоўцах мы ўсталявалі новы 4-метровы дубовы крыж, якія зрабіў у Літве літоўскі мастак у нацыянальных літоўскіх традыцыях. Праз дзве гадзіны Бараўлянскі спецлясгас выдраў гэты крыж.

Цяпер нам абвешчаная вайна. Ідзе пакрокавая акупацыя Беларусі. Адзін з яе пунктаў – знішчэнне нашага Нацыянальнага некропалю. Так мы павінны гэта разумець. Калі мы думаем, што гэта Лукашэнка, – гэта не так, ён толькі выканаўца, – перакананы Алесь Чахольскі.

Даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў катэгарычна не згодны з тым, што цяперашнія падзеі ў Курапатах выклікала 29-гадовае патрабаванне грамадскасці выканаць абяцанае ўладамі прызнанне Курапатаў і ўсталяванне там дзяржаўнага знаку.

Тое, што мы зрабілі, – адна з нашых перамог, хоць і ў такой вычварнай форме. Конкурс прайшоў таемна, і я катэгарычна з гэтым не згодны. Але паколькі праект ужо рэалізаваны фізічна, то сёння ўжо бессэнсоўна і немаральна яго знішчаць.

Ігар Кузняцоў настаяў, каб на памятным знаку з’явіўся подпіс, што ён пастаўлены ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій, які першапачаткова наносіць адмаўляліся.

Гісторык зазначыў, што памятны знак увосені быў прыняты, але ўсё яшчэ не адкрыты і не асвечаны ніводнай з канфесій.

– Раз ужо нам кінулі гэты знак, як костку, давайце ўжо не будзем яго зносіць, а прымем яго ў мемарыял, – прапануе даследчык.

Праца ў юрыдычным полі і малітоўны чын


Актывісты змагаюцца за вяртанне вырваных крыжоў пры дапамозе зваротаў у дзяржорганы. Зміцер Дашкевіч ужо падаў заяву ў Генпракуратуру адносна зносу 70-ці драўляных крыжоў 4 красавіка. Алесь Чахольскі таксама адправіў сёння генпракурору дакументы па 24-х знесеных жалезных крыжах.

Згодна з Канстытуцыяй і Кодэксам па культуры грамадскасць мае права знаёміцца з праектам, зазначыла Ганна Шапуцька. Пасля першага зносу крыжоў яна даслала запыт у пракуратуру, каб даведацца, на якой падставе былі знесеныя крыжы, а таксама зварот да Лукашэнкі (яшчэ і цяпер ідзе збор подпісаў пад аналагічнай электроннай петыцыяй).

Цяпер рыхтуецца і зварот у Міністэрства культуры. У ім актывісты адзначаюць, што плот і брама, усталяваныя ў Курапатах, ніяк не суадносяцца з мемарыялам, і патрабуюць вярнуць знесеныя крыжы. Таксама патрабуецца зладзіць грамадскае абмеркаванне праекту, правесці конкурс, і толькі пасля гэтага праводзіць працы ў мемарыяле. Тое, што адбываецца ў Курапатах цяпер, актывісты лічаць беззаконнем, якое супярэчыць адразу некалькім беларускім нарамтыўным актам. Ад Мінкульта патрабуюць адказаць на пытанне: паводле якога праекту праводзяцца працы і хто выдзеліў на грошы на іх правядзенне?

Апроч таго ў мемарыяле працягнуць трымаць малітоўны чын. У бліжэйшую нядзелю, 21 красавіка, якая будзе Вербнай для праваслаўных і Велікоднай для каталікоў, у 14.00 па перыметры Курапатаў пройдуць крыжовым шляхам. Збор ля Крыжа пакутаў.

1 траўня споўніцца 30 гадоў, як адбылася першая шматканфесійная малітва ў Курапатах. Гэтую дату прапануюць адзначыць шматканфесійнай малітвай у мемарыяле а 14.00.

На Радаўніцу актывісты падалі заяўку на правядзенне крыжовага шэсця ад Свята-Уваскрасенскай царквы на вуліцы Гамарніка ў Курапаты.

Таксама працягваюцца штодзённыя малітвы ў мемарыяле а 19.00.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: