Члены ўрада будуць асабіста кантраляваць нарыхтоўку траў

Члены ўрада Беларусі будуць асабіста выязджаць на палі, каб пракантраляваць ход уборкі і нарыхтоўкі траў. «Кантраляваць ход уборкі травы ў Беларусі будуць рабочыя групы, створаныя па даручэнні прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча», — паведамілі ў чацвер у прэс-службе ўрада.



Працоўную групу па Брэсцкай вобласці ўзначаліць намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін, па Віцебскай вобласці — віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч, па Гомельскай — першы намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. Кіраўніком рабочай групы па Гродзенскай вобласці прызначаны міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, па Мінскай — віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, па Магілёўскай — першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч.

Перад рабочымі групамі пастаўлена задача пракантраляваць, каб ўборка траў першага ўкосу праводзілася ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у тым ліку лабараторны кантроль якасці кармоў.

«Выезды на палі членаў рабочых груп павінны быць рэгулярнымі — уключаючы выхадныя і святочныя дні, а таксама непрацоўны час. Рэагаваць на выяўленыя факты невыканання тэхналагічных рэгламентаў, нарматываў і тэхналагічнай дысцыпліны кіраўнікі рабочых груп павінны будуць неадкладна. Да вінаватых службовых асобаў будуць прымяняцца меры дысцыплінарнага ўздзеяння аж да вызвалення ад займаных пасадаў», — адзначылі ў прэс-службе.

Прэм’ер-міністр яшчэ раз падкрэсліў, што «на перыяд нарыхтоўкі кармоў неабходна адмяніць адпачынкі і замежныя камандзіроўкі кіраўнікоў і іх намеснікаў, адказных спецыялістаў райвыканкамаў, сельскагаспадарчых арганізацый».

Інфармацыя аб арганізацыі і выніках працы ў галінах па ўборцы траў першага ўкосу будзе рэгулярна прадастаўляцца кіраўніку ўрада.

Напярэдадні пытанні нарыхтоўкі кармоў падвергліся жорсткай крытыцы кіраўніка дзяржавы. Лукашэнка паставіў задачу завяршыць уборку траў першага ўкосу да 5 чэрвеня, а па Віцебскай вобласці — да 15 чэрвеня.

Адну з праблем у беларускай сельскай гаспадарцы Лукашэнка бачыць у парушэнні структуры кармоў. Ён заклікаў «не хадзіць і казаць, што ў нас каровы кульгаюць, страўнік у іх не такі, сэрца баліць (...) Чаму? Таму што мы структуру кармоў парушылі, не рыхтуем корму так, як трэба для жывёлы». «Кормім сіласам — гэтай кіслатой. Напэўна, нашы продкі былі не дурні, калі рыхтавалі прыстойную колькасць сена, каб накарміць карову і цяля паставіць на ногі», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы папярэдзіў, што за парушэнні ў структуры кармоў «у крымінальным парадку будуць несці адказнасць ад кіраўнікоў, спецыялістаў да прэм’ер-міністра».

Interfax.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: