CNN пра Беларусь: Дысідэнты асцерагаюцца, што іх кінуць у канцлагеры, адзін з якіх, магчыма, ужо пабудаваны

У артыкуле на сайце амерыканскага тэлеканалу CNN змешчаны здымкі і відэа з месца размяшчэння лагера. Урад Беларусі пакуль не адказаў на запыт CNN пра каментар да гэтага артыкулу, паведамляе «Свабода».

Тры шэрагі электрыфікаванага плота. Новыя камеры відэаназірання. Вайсковая ахова і таблічка «Уезд забаронены». Вокны з кратамі і святлаадбівальнымі шыбамі ў нядаўна адрамантаваных бараках.

На сайце амерыканскага тэлеканалу CNN змешчаны здымкі і відэа з месца размяшчэння лагера. На тэрыторыі і вакол усё пуста, піша CNN, калі не лічыць выпадковых чэкістаў глыбока ў лесе аўтарытарнай Беларусі.

Такія прыкметы магчымага лагера для палітычных дысідэнтаў, які нядаўна быў пабудаваны прыкладна за гадзіну язды ад сталіцы Беларусі Мінску, недалёка ад паселішча Новаколасава. Ён размешчаны на тэрыторыі савецкага ракетнага сховішча, што займае больш за 80 гектараў. Незразумела, якая частка аб’екту была адрамантаваная.

Актывісты беларускай апазіцыі, нагадвае CNN, на працягу некаторага часу выказвалі апасенні, што аўтарытарны рэжым можа звярнуцца да практыкі змяшчэння затрыманых у лагеры, калі звычайныя турмы будуць перапоўненыя.

Таксама расце заклапочанасць уладаў з нагоды магчымай новай хвалі рэпрэсіяў і арыштаў у адказ на дэманстрацыі, прысвечаныя гадавіне спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, якія выклікалі леташні рух пратэсту. Іншыя страхі ўладаў могуць быць звязаныя з канстытуцыйным рэферэндумам, запланаваным на канец гэтага года або пачатак 2022-га, піша CNN.

Франак Вякорка, старшы дарадца лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, прагледзеў зняты CNN матэрыял і сказаў у інтэрв’ю каналу:

«Нядзіўна, што [Аляксандр Лукашэнка] спрабуе пабудаваць нешта накшталт звычайнага лагера для зняволеных, таму што можа грымнуць новая хваля пратэстаў. Яна можа быць справакаваная яго заявамі, можа быць справакаваная эканамічнай сітуацыяй, але яна прыйдзе. Ён гэта разумее, і ён таксама хоча быць гатовы больш, чым летась».

У жніўні 2020 года некаторыя ўдзельнікі пратэстаў, нагадвае CNN, паведамлялі, што паліцыя трымала іх некалькі дзён у лагеры для зняволеных, часова пабудаваным на базе лячэбна-працоўнага прафілакторыю.

У кастрычніку група актывістаў былых сілавікоў ByPol апублікавала запіс, які нібыта быў зробленая з удзелам цяперашняга намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова (тады начальніка ГУБАЗіК), у якім ён сказаў, што лагеры павінны быць пабудаваныя для асабліва «востракапытных». У запісе Карпянкоў казаў, што лагер можа быць пабудаваны на базе існуючай калоніі ў горадзе Івацэвічы. Улады Беларусі абверглі сапраўднасць запісу і назвалі яго фэйкам.

CNN не ўдалося атрымаць доступ да ўнутраных памяшканняў установы каля Новаколасава, і няма ніякіх прыкмет таго, што ў лагеры ўжо размяшчаліся зняволеныя. Прадстаўнік заходняй выведкі сказаў CNN, што выкарыстанне аб’екту ў якасці лагера для ваеннапалонных «магчымае», хоць у іх не было прамых доказаў на гэты конт.

Мясцовыя жыхары Новаколасава называюць аб’ект «лагерам». Адзін жыхар, якому нядаўна вайсковая ахова загадала пакінуць гэты раён, калі ён падышоў да месца, сказаў:

«Мой сябар Саша, будаўнік, сказаў мне, што яны адрамантавалі гэтае месца. Тут тры ўзроўні калючага дроту, і яны электрыфікаваныя. Я збіраў грыбы, калі да мяне падышоў вайсковец і сказаў, што я не магу тут хадзіць». Двое іншых сведак таксама назіралі вайсковыя патрулі.

CNN адзначае, што інфармацыя пра лагер з’явілася пасля некалькіх тыдняў рэпрэсій супраць апошніх незалежных СМІ ў Беларусі і пасля падвышанай увагі міжнароднай супольнасці да крызісу ўнутры аўтарытарнай краіны, піша CNN.

[...]

Урад Беларусі не адказаў на запыт CNN пра каментар да гэтага артыкулу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: