COVID-19 ператворыць калоніі ў брацкія магілы! АГП запусціла петыцыю аб тэрміновай амністыі

Аб'яднаная грамадзянская партыя заклікае падпісаць петыцыю аб тэрміновай і максімальна шырокай амністыі зняволеных у Беларусі.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява


"Улічваючы аслаблены імунітэт зняволеных і адсутнасць у калоніях, турмах і СІЗА якаснай медыцынскай дапамогі, немагчымасць ізаляцыі хворых, месцы пазбаўлення волі пагражаюць ператварыцца ў брацкія магілы. Любы выпадак захворвання гарантавана прывядзе да поўнага заражэння ўсіх", — гаворыцца ў петыцыі.

АГП адзначае, што ў зоне рызыкі знаходзяцца і супрацоўнікі папраўчых устаноў, якія ў сваю чаргу могуць заразіць каронавірусам членаў сваіх сем'яў.

Стваральнікі петыцыі адзначаюць, што ў шэрагу краінаў улады адпускаюць частку зняволеных у сувязі з пандэміяй, і патрабуюць, каб беларускі ўрад прыслухаўся да заявы вярхоўнага камісара ААН Мішэль Бачэлет, у якім яна заклікала як мага хутчэй прыняць тэрміновыя меры для абароны жыцця і здароўя асуджаных у сувязі з COVID-19.

У сувязі з пандэміяй COVID-19 занепакоенасць праваабаронцаў выклікае становішча асобаў у месцах пазбаўлення волі, інфармацыя з якіх фактычна застаецца недаступнай для грамадскасці.

АГП таксама заклікае ўлады краіны ў самыя кароткія тэрміны прыняць неабходныя нарматыўныя дакументы аб абвяшчэнні амністыі для ўсіх людзей, якія ўчынілі злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці, непаўналетніх, людзей сталага ўзросту, людзей з хранічнымі захворваннямі, жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, а таксама асуджаных па арт. 328 КК.

"Шырокая амністыя ў бягучых умовах будзе правільным рашэннем з пункту гледжання барацьбы з эпідэміяй, сведчаннем клопату пра жыццё і здароўе жыхароў Беларусі і прытрымліваннем прынцыпаў гуманізму, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі выканання пакаранняў, рацыянальнага прымянення мераў прымусу", — падкрэслівае АГП у сваёй петыцыі.

Пасля збору подпісаў петыцыя будзе накіраваная ўраду Беларусі і прэм'ер-міністру Сяргею Румасу.

spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: