Cтудэнты з 15 беларускіх універсітэтаў аб’ядноўваюцца ў адну асацыяцыю

Асацыяцыя студэнтаў аб’ядноўвае 15 універсітэтаў. Сярод іх — БДУ, БДУІР, медуніверсітэт, Акадэмія мастацтваў, рэгіянальныя ВНУ. Усё, каб адстойваць прынцыпы дэмакратычнасці, законнасці, свае правы і свабоды. Так беларуская моладзь вырашыла працягнуць традыцыі таварыстваў філаматаў і філарэтаў, студэнцкага саюзу.

Па сутнасці, гэта перазапуск некалі культавага «Задзіночання беларускіх студэнтаў» (назву пакідаюць тую ж). Толькі цяпер у яго ўваходзяць не асобныя актывісты, а стачкамы, якія прадстаўляюць інтарэсы сваіх універсітэтаў. Прадстаўнікоў туды абіраюць студэнты, распавядае «Наша Ніва».

«У першую чаргу, мы хочам аб'ядноўваць людзей. Як мы ўжо маглі пераканацца — у адзінстве сіла. Неабходна будаваць гарызантальныя сувязі, аб'ядноўваць людзей як у лакальныя супольнасці (у межах аднаго ўніверсітэта), так і ў больш глабальныя. Калі нам удасца ахапіць нашай ідэяй крытычную масу моладзі, з нашым меркаваннем немагчыма будзе не лічыцца. Ну проста нельга ігнараваць дзясяткі тысяч студэнтаў», — кажа Вольга Беламутава, лідарка ад БДУФК.

Праблемы ва ўніверсітэтах падобныя.

«Ёсць пытанні з правам на сходы і правядзеннем нейкіх акцый, нават без прамой палітычнай тэматыкі. Ідэолагі прымушаюць выкладчыкаў апазнаваць студэнтаў на фота і відэа, пісаць на іх характэрыстыкі, студэнтаў выклікаюць у міліцыю. У эпідэмію каранавіруса групы не пераводзяць на дыстанцыйнае навучанне», — пералічае Аляксандр Клюеў, які прадстаўляе БДУІР.

«Калі па званку з міністэрства адлічаюць студэнтаў, запалохваюць выкладчыкаў, гэта стварае жахлівыя ўмовы для працы і вучобы. Як можна атрымліваць якасную вышэйшую адукацыю, калі свабода думкі аказваецца забароненай? Навука патрабуе перш за ўсё смелых думак, якіх у нас ва ўніверсітэце баяцца як агню», — мяркуе Вольга.

Паводле інфармацыі супольнасці, за апошнія паўгода былі затрыманыя больш за 400 студэнтаў, на 27 завялі крымінальныя справы. Вядома пра 135 фактаў адлічэння. Рэкадсмэн па сутках — БДУІР. Паводле слоў Аляксандра, адлічыць могуць пасля дзвюх вымоў. У некаторых навучэнцаў правяраюць сацсеткі на каляпратэстную тэматыку.

На што асацыяцыя зможа паўплываць?

«Перш за ўсё, студэнты могуць і павінны ўплываць на ўсё ў сваім універсітэце. А ўвогуле, студэнты, як пісаў Троцкі, — рэвалюцыйны клас, нам няма чаго губляць. Тады, канешне, былі іншыя часы, і многае змянілася, але ўсё роўна студэнты — нейкі духоўны лакаматыў пратэсту», — лічыць Аляксандр.

«Студэнты часта становяцца тымі, хто дае штуршок вялікім пераменам. Яно і зразумела: мы яркія, гучныя, нашы акцыі прыцягваюць увагу, нас нельга не пачуць, нельга ігнараваць. Няма адзінага механізму барацьбы з дыктатурай, але, як мы ўсе паспелі вывучыць за гэтае лета, "нам трэба дзяўбці-дзяўбці-дзяўбці гэтую ўладу", чым і займаецца беларускае студэнцтва», — дадае Вольга.

Падаць заяўку, каб далучыцца, можна будзе праз сайт аб’яднання. «Корачак» чальцам не выдаюць, брсмаўцаў прымаюць.

«Пры ўмове, што яны падзяляюць нашы мэты і каштоўнасці, — адзначае Аляксандр. — Але сам факт знаходжання ў БРСМ — падтрымка рэжыму, таму мы можам адразу разыходзіцца на гэтым пункце».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: