Чацвёрты раз затрыманы неўролаг Руслан Бадамшын

Неўролаг Руслан Бадамшын напярэдадні ўвечары быў затрыманы ўжо ў чацвёрты раз, паведамляе «Еўрарадыё».


Яго прозвішча з'явілася ў спісах валанцёраў.

Акрамя таго, у тэлеграм-канале "Белыя халаты" з'явілася відэа затрымання. Падпісчык канала, які даслаў ролік, сцвярджае, што гэта момант затрымання Бадамшына. На кадрах відаць, што звязаны чалавек ляжыць на зямлі тварам уніз і крычыць: "Дапамажыце". Людзі побач звяртаюцца да тых, хто ўтрымлівае мужчыну: "Што вы робіце?! Гэта ж чалавек".

Родныя пацвердзілі парталу TUT.BY затрыманне доктара. Сваячка Руслана распавяла, што ён ішоў з паліклінікі — уся сям'я Бадамшыных цяпер хварэе на COVID-19.

"Як нам распавялі людзі, якія бачылі тое, што адбылося, затрыманне адбылося недалёка ад 8-й паліклінікі на вуліцы Нікіфарава. Наша сям'я поўначы ўмольвала яго адпусціць з РУУС. Без выніку", — распавяла сваячка Руслана Бадамшына. Па яе словах, зараз неўролаг знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.



Першы раз Руслан Бадамшын быў затрыманы 10 жніўня, калі вырашыў з суседзямі пайсці ў цэнтр Мінска. "Гэта быў грамадзянскі абавязак", тлумачыў ён пазней. Яго затрымалі ў дварах недалёка ад Стэлы.

"Мне не пашанцавала, пагналіся за мной. Пачалі дубінкамі лупасить, стрэлілі ў нагу, мабыць, з траўматычнага пісталета — вельмі рана гаілася доўга", расказваў ён аб сваім першым затрыманні "Нашай Ніве". У 10-цімеснай камеры ў Жодзіне іх было 29 чалавек. Увечары 12 жніўня яго адпусцілі. Суд аштрафаваў неўролага на 10 базавых велічынь.

Другі раз Бадамшына затрымалі на Маршы медыкаў 2 лістапада. Пакаралі арыштам у 15 сутак, якія ён адбываў спачатку на Акрэсціна, потым у Баранавічах. Трэці раз апынуўся ў аддзяленні 29 лістапада. Вынік — зноў 15 сутак.

"Мне цяжка псіхалагічна быць дома, калі ведаешь, што людзі выходзяць, у тым ліку і за цябе. Можа, я таму так часта трапляю?",— казаў у тым інтэрв'ю Руслан Бадамшын.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: